Вы тут

Да пасяджэння сельвыканкама па праблемах адзінокіх рыхтуюцца загадзя


«Вёска Азяты Жабінкаўскага раёна гэтым летам адзначыла 500-годдзе. На святкаванні юбілею асаблівую ўвагу звярнулі на «залаты запас» сельсавета — сталых людзей, якія найперш сваёй працай заслужылі павагу землякоў», — расказала старшыня Азяцкага сельвыканкама Ларыса ХАРС. Такіх у аграгарадку з гісторыяй даўжынёй у палову тысячагоддзя знайшлося нямала.


Аляк­сей Гумянка.

Альбом са здымкамі са святочных мерапрыемстваў захоўваецца на самым пачэсным месцы. Некаторыя з герояў той імпрэзы значацца і ў іншай папцы — са спісамі адзінокіх грамадзян і тых, якія адзінока пражываюць. Гэтым людзям мясцовая ўлада ўдзяляе асаблівую ўвагу. Старшыня сельскага Савета расказала, што днямі завяршаецца вялікая кампанія, якую выканкам праводзіў разам з прадстаўнікамі сацыяльнай службы, міліцыі, супрацьпажарнага нагляду. Цэлы месяц сельсавецкія работнікі са спецыялістамі ўказаных службаў наведвалі адзінокіх, састарэлых і тых, хто пражывае адзін. Глядзелі на бытавыя ўмовы, звярталі ўвагу на бяспеку, інструктавалі наконт паводзін у выпадку паяўлення незнаёмых людзей, выяўлялі праблемы, слухалі пажаданні. Такім чынам камісіі наведалі дзесяць населеных пунктаў сельсавета. У паездцы па апошняй, адзінаццатай па ліку, вёсцы Азяты старшыню сельскага Савета суправаджала карэспандэнт «МС».

Першым мы наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Філімонавіча Гумянку. На парозе дома нас сустрэў стройны падцягнуты мужчына, якому ніяк не дасі 93 гады. Аказалася, што свой новы дом ён пачаў будаваць у 74 гады. І падчас яго ўзвядзення многае зрабіў сваімі рукамі. Паспеў яшчэ пажыць у новай хаце з жонкай, а вось апошнія гады Аляксей Філімонавіч жыве адзін.

У Азятах яго ўсе ведаюць і могуць прывесці шэраг фактаў, якія даказваюць, што нашы ветэраны — людзі са стрыжнем, адным словам, крэмень.

Гадоў колькі таму пагасціць у вёску прыязджалі англічане. Яны заўважылі чалавека, што касіў траву каля хаты непрывычным для іх інструментам — звычайнай касой.

Пацікавіліся, колькі яму гадоў. А калі даведаліся, што дзядуля ваяваў на франтах Другой сусветнай, дайшоў да Берліна, іх захапленню не было мяжы. Яны падрабязна распытвалі ветэрана пра ваенныя будні, сваёй фотасесіяй нават стамілі яго. І больш за ўсё іх здзівіла, што ў свае гады ён яшчэ косіць. А Аляксей Філімонавіч сказаў, што прывык да дзедаўскай касы, навамодныя трымеры яго не прывабліваюць.

Быў выпадак, калі яшчэ больш запаважалі ветэрана навакольныя. Пасля смерці жонкі да яго зачасцілі прадстаўнікі іншай канфесіі з прапановай прыйсці да іх, каб знайсці падтрымку і суцяшэнне. Вядома, людзі кіраваліся найлепшымі намерамі. А ён падзякаваў ды адказаў: «Я Радзіму і веру не мяняю».

І не дзіва пачуць такое ад чалавека, які прайшоў вайну. Забралі Аляксея на фронт у 1944-м. Ён і цяпер без запінкі пералічвае, якія рэкі фарсіраваў, якія гарады якіх краін Еўропы вызваляў. Сувязіст артылерыйскага палка з вёскі пад Жабінкай дайшоў да Берліна, пабываў у рэйхстагу. Дадому вярнуўся толькі ў 1947 годзе, служыў у арміі яшчэ два гады пасля перамогі. Тут адразу давялося ўпрагацца ў цяжкую сялянскую работу. Пасля арганізацыі калгаса пайшоў працаваць жывёлаводам, кароў пасвіў, даглядаў скаціну на ферме. Потым скончыў курсы трактарыстаў і да пенсіі працаваў на трактары. Работа механізатара тады азначала быць у полі з цямна да цямна. А з дамашняй гаспадаркай спраўляліся ноччу, успамінае ветэран вайны і калгаснай вытворчасці.

Цяпер Аляксея Філімонавіча не забываюць грамадскія арганізацыі, мясцовае сельгаспрадпрыемства. На святы прыходзяць з віншаваннямі, аказваюць дапамогу. Дочкі палічылі, што бацьку ўжо цяжка аднаму спраўляцца з дамашнімі справамі, сачыць за ўласным здароўем. І па чарзе пражываюць у роднай хаце. Калі мы наведалі гаспадара дома, яго дачка Надзея Аляксееўна рабіла прыборку ў пакоях.

Ма­рыя Фе­да­сюк.

Марыя Федасюк, якой 94 гады, таксама ў спісе вяскоўцаў, якія пражываюць адзінока. Старэйшая дачка жыве ў суседняй вёсцы, малодшая — у Брэсце. Вядома, дзеці завуць матулю да сябе, асабліва гарадскія.

— Яны мне пакойчык у доме на другім паверсе падрыхтавалі, — смяецца бабулька, — але ж пакуль сваімі нагамі перасоўваюся, не хочацца з роднай хаты ехаць. Я прывыкла да цішыні і спакою.

Па тэлевізары толькі адзін канал гляджу — праваслаўны. Добра так зрабілі для нас: у царкву ісці не трэба, не ўсе ўжо могуць да храма дабрацца, а паглядзіш — на службе нібы пабыў.

Марыя Ісакаўна пражыла нялёгкае жыццё. Згадвае голад і холад дзяцінства, сям'я была надта бедная, бацькі не маглі нават у школу дачку адправіць. Потым вайна, пасляваеннае калгаснае жыццё. Чытаць і пісаць навучылася самастойна, па газетах. Марыя трыццаць гадоў адпрацавала даяркай на ферме. Была перадавіком у тыя часы, калі кароў даілі яшчэ ўручную. За ўдарную працу адзначана шматлікімі граматамі, узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Перадавая даярка ўмудралася, акрамя работы на ферме, спраўляцца яшчэ і ў брыгадзе на паляводстве. Таму яе рабочы год складалі не 365 дзён, а на сотню-паўтары больш. Марыя Ісакаўна параўноўвае ўмовы работы тады і цяпер. Кажа, што яна нават уявіць сабе не магла, што даярка, як цяпер называюць, аператар, можа прыйсці на працу ў добрым абутку і адзенні, а калі ферма далёка ад дому, то яе абавязкова падвязуць. Цяперашнія жывёлаводы пасля працоўнага тыдня абавязкова атрымліваюць выхадны. Пакаленне Марыі Федасюк пра такое і не марыла.

— Цяпер добра жыць, — разважае бабулька, — пенсію плацяць, дзеці-ўнукі глядзяць, толькі вось хваробы адольваюць, ногі зусім не слухаюцца.

У тым, што маці і бабулю родныя даглядаюць як след, няцяжка ўпэўніцца. У хаце парадак, ёй для забавы нават папугайчыка прывезлі, які весела шчабеча з клеткі. Кубкі, іншыя сувеніры з партрэтам бабулі — гэта праявы ўвагі ўнукаў. «Прыязджаюць кожны тыдзень, прывозяць усё, што патрэбна, а суп я і сама яшчэ звару», — паведамляе нам жанчына.

Старшыня сельскага Савета Ларыса Харс сказала, што пажылыя вяскоўцы, якіх мы наведалі, уяўляюць сабой прыклад ідэальнага стаўлення дзяцей да сваіх састарэлых бацькоў. Такіх прыкладаў, на шчасце, па сельсавеце можна знайсці нямала. Але ёсць і праблемы. Паводле слоў Ларысы Уладзіміраўны, у адзінаццаці населеных пунктах Азяцкага сельсавета налічваецца 44 адзінокія грамадзяне і 140 пражываюць адзінока. 24 чалавекі абслугоўваюць сацыяльныя работнікі.

Апошнія, як правіла, знаходзяцца з асяродку аднавяскоўцаў альбо суседзяў тых, каму патрабуецца дапамога. І гэта найлепшы варыянт.

Кіраўнік мясцовай улады згадала, як думала над прапановай стаць сацыяльным работнікам Лідзія Шурко, сумнявалася, ці атрымаецца ў яе. А потым так прывыкла да сваіх абавязкаў, што нават калі пайшла ў водпуск па доглядзе дзіцяці, клопату аб сваіх падапечных не пакідала. Муж ва ўсім дапамагае Лідзіі Пятроўне.

Цяпер у сельсавеце вывяраюць спісы, апрацоўваюць інфармацыю, атрыманую падчас рэйдаў камісій з тым, каб у пачатку года падвесці вынікі работы з пазначанай катэгорыяй людзей і прызначыць сацыяльных работнікаў тым, хто мае патрэбу і выказаў такое пажаданне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Жабінкаўскі раён

Загаловак у газеце: Залаты запас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.