Вы тут

Ці павінен ветурач прадпрыемства лячыць хворую жывёлу з падворка?


Прывітанне, паважаная рэдакцыя! Жыву ў вёсцы, трымаю гаспадарку, як гэта рабілі мае бацькі. І вось у мяне склалася такая сітуацыя. Карова павінна была цяліцца. У суботу вечарам (30 студзеня гэтага года) нішто не прадказвала бяду, прыкмет пагаршэння і змянення стану здароўя жывёлы не назіралася. У нядзелю ранкам карова не ўстала. Паколькі ў Клецкай ветэрынарнай станцыі быў выхадны, я звярнулася па тэлефоне па дапамогу да мясцовага ветэрынара, які мяне абнадзеіў, сказаўшы, што ў яго ёсць усе неабходныя медыкаменты. Час ішоў, доктар не ператэлефанаваў, і я зноў набрала яго нумар. Прапанавала, каб яго падвезлі мае дзеці на машыне, на што пачула: «Я ў гаспадарцы». Тады я мусіла звярнуцца да сваякоў, якія знайшлі мне ветурача з Клецка. Той прыехаў у свой асабісты час, усё зрабіў, але... Карміліца загінула. У мяне быў стрэс, дэпрэсія, і я трапіла ў бальніцу з павышаным ціскам і пагаршэннем стану здароўя. Мне вельмі крыўдна за такое стаўленне нашага доктара да жывёл. Звярнулася ў дзяржаўны ветэрынарны нагляд (дакументы дасылаю), але нічога зразумелага не пачула...

Галіна Аляксандраўна Ягорава,

вёска Карацк Клецкага раёна


Пісьмо чытачкі на самай справе большае па аб'ёме, не кажучы ўжо пра шквал эмоцый у ім. Зразумець жанчыну можна. Як яна піша, «прапала карміліца»... Праўда, на першы погляд можа выклікаць здзіўленне той факт, што Галіна Аляксандраўна звяртаецца да падзей, якія адбыліся дзесяць месяцаў таму. За гэты час эмоцыі як быццам бы павінны былі сціхнуць. Аднак усё становіцца зразумелым пасля азнаямлення з копіямі дакументаў, што разам з лістом даслала ў рэдакцыю заяўніца. А адказы на пытанні, зададзеныя чытачкай, без перабольшвання могуць зацікавіць многіх з тых, хто трымае ў гаспадарцы кароў. Абагульніўшы іх, галоўнае пытанне можна сфармуляваць так: ці павінен ветэрынарны ўрач сельскагаспадарчага прадпрыемства ў выпадку неабходнасці аказваць дапамогу ў лячэнні дамашніх жывёл прыватнікам?

Чытаем адказ з Клецкай раённай ветэрынарнай станцыі за подпісам галоўнага дзяржветінспектара С.А. Навумовіча на скаргу жыхаркі вёскі Карацк: «... Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, артыкулам 15. 46, пунктам 2 «Неаказанне ветэрынарнай дапамогі хворай жывёле», на ветэрынарнага ўрача складзены пратакол №6 ад 8.02.2016 года аб адміністрацыйным правапарушэнні і накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу — 10 базавых велічынь (два мільёны сто тысяч рублёў (да дэнамінацыі. — С.Р.)». Справядлівасць узяла верх, вінаваты пакараны? Чаму ж тады застаецца незадаволенай заяўніца?

Відавочна, прычынай таму некалькі радкоў ад таго самага ветэрынарнага ўрача з сельскагаспадарчага прадпрыемства на другім дакуменце — Пастанове №2 па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад той жа Клецкай раённай ветэрынарнай станцыі ад 8.02.2016 года? У ёй указана, што ветурач парушыў артыкул 15.46, частку 2 ветэрынарна-санітарных правілаў «Неаказанне ветэрынарнай дапамогі хворай жывёле», за што атрымлівае адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры дзесяці базавых велічынь. Дык вось, у канцы гэтага дакумента рукой ветэрынарнага ўрача дапісана: «З пастановай не згодны, паколькі я з'яўляюся работнікам юрыдычнай асобы і за станам і лячэннем скаціны, размешчанай на прыватным падворку, я не адказваю».

Больш за тое, калі мы патэлефанавалі галоўнаму дзяржветінспектару Клецкага раёна Сяргею Навумовічу, той сказаў, што пасля пракурор ...адмяніў спагнанне. Раз так, значыць ветурач меў рацыю і не павінен быў аказваць дапамогу рагулі з прыватнага падворка? Сяргей Антонавіч зазначыў, што такая дапамога насельніцтву, якое пражывае на тэрыторыі сельскагаспадарчага прадпрыемства, яго ветэрынарным урачом аказвацца ...павінна. Як так? Далей Сяргей Навумовіч заўважыў: гэтае пытанне не ўрэгулявана заканадаўствам...

Разабрацца больш падрабязна ва ўсіх нюансах справы нам дапамагала намеснік галоўнага дзяржветінспектара Клецкага раёна Святлана Мароз.

— У кожнай гаспадарцы ў калектыўным дагаворы прапісана пытанне абслугоўвання насельніцтва на адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы: як ветэрынарны ўрач сельскагаспадарчага прадпрыемства павінен праводзіць дыягностыку, прафілактыку і лячэнне хворых жывёл прыватнікаў за кошт гаспадаркі. Могуць быць розныя варыянты. Напрыклад, першы разавы выклік для фізічных асоб бясплатны, наступныя — платныя. У нас, да слова, у ветстанцыі толькі платныя выклікі ветурача, — расказала Святлана Георгіеўна.

Здаецца, праблема з хворай каровай Галіны Ягоравай павінна была б вырашыцца ўжо на гэтай стадыі: бясплатны ці платны выклік (не думаю, што заяўніца пашкадавала б грошай у апошнім выпадку), ветурач павінен быў аказаць патрэбную дапамогу жывёле. Але ж...

— Гаспадарка, да ветурача якой звярталася з просьбай дапамагчы жыхарка вёскі Карацк, гэта ЗАМЕЖНАЕ прадпрыемства, — адразу адказвае на маю заўвагу суразмоўца.

Выходзіць, меў рацыю работнік гэтага прадпрыемства, калі на дакуменце зрабіў прыпіску аб сваёй нязгодзе з накладаннем адміністрацыйнага спагнання. І з гэтым пагадзіўся пракурор, які ў выніку адмяніў спагнанне.

Можна зразумець пачуцці і думкі ўладальніцы каровы: дык хто ж тады павінен аказваць дапамогу хворай жывёле? На вёсцы куды найперш ідуць? Да ветэрынара, што жыве побач. А той адмаўляе і, выходзіць, што цалкам правамоцна?

Святлана Мароз прызнае, што праблема, калі гаварыць у больш шырокім сэнсе, сапраўды ёсць.

— З 1995 года дзейнічаў Ветэрынарны статут Рэспублікі Беларусь, у якім было прапісана, што ветурач гаспадаркі павінен аказваць дапамогу насельніцтву, якое пражывае на адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы. Аднак у 2014 годзе яго адмянілі, а новага няма, — расказала Святлана Георгіеўна.

Намеснік галоўнага дзяржветінспектара Клецкага раёна, каментуючы далей ліст заяўніцы ў рэдакцыю (тая пыталася, куды можна звяртацца ў выхадны дзень за тэрміновай ветдапамогай у выпадку неабходнасці), заўважыла, што ў такія дні на ветстанцыі арганізавана дзяжурства. «Да таго ж лячэннем каровы займаліся два розныя спецыялісты, пакуль гаспадыня не паспрабавала паклікаць на дапамогу трэцяга. І ў гэтым была прычына яго адмовы, тым больш, як ён тлумачыў, на той момант знаходзіўся не на месцы. Сама жывёла не была застрахаваная, таму можна зразумець пачуцці гаспадыні».

Ад сябе хацелася б дадаць, што справа ў гэтай сітуацыі, яшчэ і, як яно нярэдка бывае, у так званым чалавечым фактары... Адзін запатрабаваў, другі запярэчыў...


На жаль, на працягу амаль двух тыдняў у рэдакцыі не атрымалася звязацца з адпаведнымі спецыялістамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, каб пачуць больш падрабязны каментарый: не столькі адносна канкрэтнага здарэння, колькі пра сітуацыю, у якой мы спрабавалі разабрацца, увогуле...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Карова прыватная. А клопат пра яе?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.