Вы тут

«А па сцяжынках коцяцца ранеты...»


Славуты беларускі кампазітар Яўген Аляксандравіч Глебаў (1929 — 2000) працаваў у розных жанрах: балеты і сімфоніі, вакальна-інструментальная музыка буйной формы, музыка для кіно і тэатра. Па ўласным прызнанні маэстра, песня не была блізкім яму жанрам. Але сёння нам цяжка ўявіць, што яго песні «Белы ветразь», «Залатая восень», «Хаджу сунічнымі барамі», якія з'яўляюцца беларускай класікай, маглі б не быць створанымі.


Сёння згадваем песню «Я ўдзячны лёсу» на словы беларускага паэта Генадзя Бураўкіна (1936 — 2014). Напісаная ў савецкія часы, яна і цяпер актуальная, з'яўляецца прыкладам шчырай любові да роднай зямлі.


Я ўдзячны лёсу

Я ўдзячны лёсу, што з усіх краёў

Ён выбраў для мяне навекі гэты,

Дзе бальшакі прастуюць між гаёў,

А па сцяжынках коцяцца ранеты,

Дзе Нарач мые сінія шаўкі

І п'юць з Дняпра паўдзённыя вясёлкі,

Дзе з салаўямі дражняцца шпакі

І не змаўкаюць перапёлкі.

 

Я ўдзячны лёсу, што ў сябры мне даў

Далёкія і блізкія дарогі

Да прыамурскіх сосен і застаў

І да вяршынь Паміра крутарогіх,

Да кіеўскіх пявучых вечароў

І прыбалтыйскіх гаркаватых ветраў,

Да звонкіх чар малдаўскіх ганчароў

І ціхай велічы Ай-Петры.

 

Я ўдзячны лёсу, што ва ўсе часы

Мая блакітнавокая радзіма

Не засланіла мне чужой красы,

Мяне ад свету не адгарадзіла.

Ты, Беларусь, не ўмела быць другой,

Жыла ў братэрстве і сяброў цаніла.

І ўсе ў краіне нашай дарагой

Цябе завуць сястрою мілай.

Ад рэдакцыі

Спадзяёмся, што рубрыка «Песню бярыце з сабою» не пакідае раўнадушнымі чытачоў «Звязды». Але і мы таксама будзем старацца ўлічваць вашы пажаданні. Ужо працуе электронная скрыня pesnya@zvіazda.by, куды вы можаце дасылаць свае прапановы пра тое, з гісторыяй якіх песень вы хацелі б пазнаёміцца, якія словы і ноты — пабачыць у нашай рубрыцы. Пішыце нам!

Рубрыку вядзе кампазітар Уладзімір КАРЫЗНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.