З нагоды 120-годдзя з дня нараджэння беларускага байкапісца Кандрата Крапівы вясной гэтага года РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» і рэдакцыя часопіса «Вожык» распачалі конкурс коміксаў «Пякучы аловак». У апошніх чыслах лістапада збор работ быў завершаны, а значыць, надышоў час абвясціць пераможцаў.
Усяго ўдзел у конкурсе прынялі больш за шэсцьдзясят жадаючых, геаграфія конкурсу ахапіла ўсю Беларусь, найбольш актыўна праявілі сябе ўдзельнікі з Міншчыны, Віцебшчыны і Гомельшчыны. У агульным было праілюстравана шаснаццаць баек Кандрата Крапівы: «Дзед і баба», «Ганарысты парсюк», «Дыпламаваны баран», «Мода», «Казёл», «Саманадзейны конь», «Пажар», «Дэкрэт», «Мурашка і Жук», «Дзіця, Вожык і Змяя», «Сава, Асёл ды Сонца», «Індык», «Каршун і Цецярук», «Поп і Папугай», «Ліслівае цяля», «Далікатныя парасяты».
Члены журы вылучылі наступную тройку пераможцаў:
1 месца — Анастасія Скарко (байка «Дзед і баба», «Вожык» №12, 2016 г.);
2 месца — Ніна Бірыла (байка «Ганарысты парсюк», «Вожык» № 9, 2016 г.);
3 месца — Наталля Кабякова (байка «Дыпламаваны баран», «Вожык» № 8, 2016 г.).
Пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы і каштоўныя прызы.
Таксама арганізатарамі вырашана адзначыць памятнымі падарункамі яшчэ шэраг удзельнікаў, для чаго было вылучана некалькі спецыяльных намінацый:
«Удалая стылізацыя галоўнага героя» — Аліна Яфімава (13 гадоў), г. Пінск;
«Добрая дэталізацыя персанажаў» — Юліяна Шэлемет (13 гадоў), г. Фаніпаль;
«Якасная кампазіцыя кадраў, фарбавае вырашэнне» — Аляксандра Цябук (16 гадоў), г. Пінск;
«Прамалёўка эмоцый персанажаў» — Дзіяна Хафізава (15 гадоў), г. Фаніпаль;
«Арыгінальнае кампазіцыйнае вырашэнне» — Аляксандра Панасенкава (16 гадоў), г. Фаніпаль;
«Майстэрскае выкарыстанне камп’ютарных сродкаў малявання» — Ганна Альшэўская (11 гадоў) і Марыя Альшэўская (9 гадоў), г. Гродна;
«Выдатная прамалёўка персанажаў і кампазіцыя кадраў» — Кацярына Бачкова (13 гадоў), г. Мінск;
За актыўны ўздзел у конкурсе рэдакцыя часопіса выказвае асаблівую падзяку наступным навучальным установам: Дзіцячая школа мастацтваў №1 імя В. К. Цвіркі, Браслаўская сярэдняя школа № 1 імя А. М. Жданава, Гімназія № 23 г. Мінска, Вілейская гімназія № 2, Гімназія г. Чачэрска, Гімназія № 2 г. Магілёва, Сярэдняя школа № 37 г. Гродна, Сярэдняя школа № 1 г. Фаніпаля, Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава.
Калектыў рэдакцыі часопіса «Вожык» шчыра дзякуе кожнаму, хто прыняў удзел у конкурсе! Такім чынам вы не толькі праявілі свае творчыя здольнасці і падтрымалі нас, але і прынялі ўдзел у папулярызацыі творчай спадчыны выбітнага беларускага байкапісца. У наш час гэта многага каштуе. Дзякуй вам!
Заставайцеся з намі! Усяго найлепшага!
З павагай,
рэдакцыя часопіса «Вожык».
Што за таемнымі дзвярыма?