Сучаснае чалавецтва, нягледзячы на пастаяннае развіццё, увесь час сутыкаецца з праблемай новых захворванняў. Адной з масавых хвароб ХХІ стагоддзя навукоўцы называюць стрэс.
Дыягназ пацыенту паставіць не складана. Чалавек прачынаецца з адчуваннем, што ўсю ноч цягаў мяхі з бульбай, а ў вочы яму пры гэтым сыпалі пясок. Ён паводзіць сябе агрэсіўна, шмат лаецца ці наадварот становіцца маўклівым. Не хоча нічога рабіць і марыць пра тое, каб яго ніхто не чапаў. Стрэсаголік мае зменлівы настрой і нестабільны апетыт: ён ці ўвогуле губляе смак да ежы, ці пачынае есці як не ў сябе.
Амаль для кожнага з нас такі стан арганізму настолькі звыклы, што часта мы нават не звяртаем на яго ўвагі. Тым не менш, вучоныя лічаць стрэс галоўнай прычынай развіцця мноства захворванняў. Нездарма ў народзе кажуць: усе хваробы ад нерваў.
Калі паглядзець на статыстыку, у той ці іншай ступені ад стрэсу на працы пакутуе больш за 90 працэнтаў насельніцтва нашай краіны. Прыкладна 30 працэнтаў работнікаў знаходзяцца ў напружанні штодня, каля паловы — сутыкаюцца
з падобнымі сітуацыямі час ад часу.
А каб засцерагчы сябе ад стрэсу, прапаноўваем вам прытрымлівацца наступных правілаў:
· Рыхтуйцеся да раніцы напярэдадні вечарам (каб не шукаць паўгадзіны згубленую шкарпэтку);
· Прызначайце сустрэчы загадзя (не прымушайце людзей чакаць і думаць пра вас дрэнна);
· Не спадзявайцеся на сваю памяць (нездарма ж чалавецтва прыдумала штодзённікі);
· Навучыцеся часцей адмаўляць людзям (на ўсіх моцы не хопіць);
· Расстаўляйце прыярытэты ў сваім жыцці (зразумейце, што «разарвацца» вы не здолееце);
· Пазбягайце негатыўных асоб (абыходзьце іх за некалькі кіламетраў);
· Выкарыстоўвайце час разумна (узгадайце першы пункт);
· Не забывайце своечасова паесці (навакольныя спужаюцца, калі ваш жывот пачне з імі размаўляць);
· Вырашайце вялікія задачы маленькімі порцыямі (піць ваду ж прасцей глыткамі, чым залпам);
· Глядзіце на праблемы як на часовыя складанасці (чорная паласа заўсёды змяняецца белай);
· Баўце час з дзецьмі (зносіны з малечай і гульня ў канструктар здымаюць стрэс, можаце праверыць);
· Дарыце ласку хатнім жывёлам (яны адкажуць вам тым жа);
· Заўсёды шукайце ў дрэнным добрае (з аптымізмам, безумоўна, прасцей ісці па жыцці);
· Уключайце ў свой штодзённы расклад вольны час (сон – гэта не вольны час);
· Верце ў сябе (завучыце, як мантру: «я самы прыгожы, самы разумны, самы лепшы», паўтарайце яе кожны дзень перад люстэркам);
· Стаўце мэты (і запісвайце іх у штодзённік, каб не забыцца);
· Уяўляйце сябе пераможцам (і прагаворвайце прыведзеную вышэй мантру);
· Часцей абдымайцеся з сябрамі і роднымі (абдымкі зробяць вас шчаслівымі);
· Вучыцеся дыхаць павольна і спакойна (вы ж не сабака);
· Увесь час бярыцеся за нешта новае (але не кідайце гэта адразу);
· Пазбаўляйцеся шкодных звычак (лепш набывайце добрыя);
· Перастаньце разводзіць плёткі (стварайце іх);
· Імкніцеся да дасканаласці, а не да ідэалу (магчыма, што дасканаласць і стане для вас ідэалам);
· Рабіце зарадку (а можаце проста патанцаваць);
· Заўсёды прадумвайце план «Б» (а лепш і «В», і «Г»);
· Ведайце свае слабасці і не бойцеся паказваць іх іншым (яны могуць прыняць гэта за моцны бок вашага характару);
· Пішыце лісты сябрам, якія зараз далёка (і адпраўце ім поштай канструктар);
· Памятайце, што заўсёды ёсць выбар (а часам даволі шырокі);
· Пакіньце спробы выправіць іншых (не псуйце сабе нервы);
· Высыпайцеся, як след (без захаплення, канешне ж);
· Менш размаўляйце і больш слухайце (так вы зберажэце сілы);
· Шчодра хваліце людзей (і частуйце цукеркамі);
· Часцей усміхайцеся (нічога страшнага, калі нехта пакруціць ля скроні);
· Ніколі не губляйце пачуцця гумару (тут вам дапаможа «Вожык»).
Наталля КУЛЬГАВАЯ.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?