Вы тут

Дзяржінспекцыя засцерагае рыбаловаў і паляўнічых ад памылак


Чаму нават вопытныя рыбаловы і паляўнічыя даволі часта дапускаюць памылкі, за якія потым даводзіцца дорага расплачвацца? Добра, калі толькі рублём, хаця гаворка можа ісці пра немалыя сумы штрафаў і канфіскаванай маёмасці. Але, здараецца, пад пагрозу ставіцца здароўе ці нават жыцці людзей. Спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на канкрэтных прыкладах з практыкі засцерагаюць рыбаловаў і паляўнічых ад іх паўтарэння.


Выйшаў «рыбны» каляндар

Каляндар на 2017 год з адлюстраваннем і апісаннем чырванакніжных рыб выдадзены па заказе Дзяржінспекцыі.

Фатаграфіі і тэкставыя матэрыялы для яго рыхтавалі спецыялісты, зацікаўленыя ў папулярызацыі экалагічных ведаў. Бо нярэдка рыбакі, выкрытыя ў здабычы чырванакніжных рыб, апраўдваюць парушэнне няведаннем. І гэта законапаслухмяныя грамадзяне, што ўжо гаварыць пра браканьераў! На рацэ Проня ў Слаўгарадскім раёне два жыхары райцэнтра ўстанавілі сеткі з лёскі. Сярод вылаўленых імі рыбін апынуліся і пяць асобін чырванакніжнага рыбца. Толькі за іх парушальнікі заплацяць каля тысячы рублёў, а ўвесь улоў будзе каштаваць ім 4,7 тысячы рублёў. Апроч таго, дзяржінспектары канфіскавалі лодку і пяць сетак, браканьерам пагражае крымінальная адказнасць.

У календары размешчаны адлюстраванні дзевяці відаў рыб, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, — сцерлядзі, атлантычнага ласося, еўрапейскага харыуса, кумжы, ручаёвай фарэлі, еўрапейскай корушкі, азёрнага гальяна, звычайнага мірона і рыбца. Апроч таго, у каляндар уключаны рачная мінога і шыракапалы рак (таксама чырванакніжнікі), а яшчэ вугор, аматарская лоўля якога ў Беларусі забароненая.

Водныя жыхары прадстаўлены ў разнастайных ракурсах, каб іх можна было дэталёва разгледзець і вывучыць адрозныя асаблівасці. Усе фатаграфіі суправаджаюцца апісаннямі, указаны месцы пражывання рэдкіх відаў, а таксама іх назвы ў розных рэгіёнах краіны.

У электронным выглядзе каляндар размешчаны на сайце Дзяржаўнай інспекцыі.

Пад прыцэлам на лініі агню апынуліся разам з дзікамі дзяржінспектары

Толькі цудам не пацярпелі работнікі Ваўкавыскай міжрайінспекцыі, якія праводзілі палявое кантрольнае мерапрыемства ў паляўнічых угоддзях паблізу вёскі Гацэвічы. У іх бок быў зроблены стрэл...

У гэтым месцы праходзіла загоннае паляванне на дзіка. Адзін з яго ўдзельнікаў, 58-гадовы жыхар аграгарадка Вярэйкі, стаяў на стралковым нумары непадалёку ад аўтадарогі. У нейкі момант ён заўважыў, што з аблогі да праезнай часткі выбег статак дзікоў. І якраз у гэты час па дарозе рухаўся УАЗ з інспектарамі... На іх вачах паляўнічы ўскінуў зброю і зрабіў стрэл практычна ў іх бок. Усё гэта адбывалася днём, так што стралок мог дакладна бачыць: на лініі агню апынуліся не толькі жывёлы, але і людзі.

За парушэнне правілаў бяспекі (частка 3 артыкула 15.37 «Парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання» Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь) паляўнічаму быў прызначаны штраф у памеры 105 рублёў.

Усяго з пачатку года за аналагічныя парушэнні да адказнасці было прыцягнута больш за 80 чалавек.

Паляўнічыя не «пазналі» цецерука?

У паляўнічых угоддзях смаргонскай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў каля вёскі Сялец дзяржінспектары затрымалі жыхара райцэнтра, які незаконна здабыў самца цецерука. Свае дзеянні мужчына, вопытны паляўнічы, прадставіў як памылку.

Ён паляваў з пуцёўкай на вадаплаўную і балотную дзічыну, у якой пералічаны дазволеныя да здабычы віды. Тое, што цецярук з'яўляецца нармаваным відам і для палявання на яго трэба атрымаць асобны дазвол, паляўнічы з 30-гадовым стажам не мог не ведаць. Сваё парушэнне мужчына патлумачыў так: быццам пераблытаў цецерука, што ляцеў, з варонай і стрэліў, пасля таго, як птушка ўпала на зямлю, зразумеў памылку. Аднак вырашыў забраць з сабой здабычу для выкарыстання пер'я цецерука ў якасці паплаўкоў на рыбалцы. Дарэчы, пры сабе паляўнічы меў тры патроны з кулямі. Не выключана, што пры такой спакусе ён мог «пераблытаць» і капытную дзічыну, напрыклад, лася з некім яшчэ.

Падобны выпадак адбыўся раней у паляўнічых угоддзях Чэрыкаўскага лясгаса. Дзяржінспектары спынілі для праверкі аўтамабіль «Аўдзі». У машыне ехалі паляўнічы з Рэчыцы з прыяцелем. Пры аглядзе салона пад пасажырскім сядзеннем быў знойдзены пакет з тушкай цецерука. На здабычу гэтай птушкі спецыяльнага дазволу ў паляўнічага не было, ён меў толькі сезонную пуцёўку на вадаплаўную і балотную дзічыну.

Па словах затрыманага, птушку ён падстрэліў мімаходам пры паляванні на качак. Аднак таварыш апісаў зусім сітуацыю інакш. Падчас руху па прасёлкавай дарозе перад аўтамабілем раптам з'явіўся вывадак цецерукоў. Паляўнічы спыніўся, выйшаў на дарогу і падстрэліў птушку.

У абодвух выпадках былі складзены пратаколы па частцы 1 артыкула 15.37 «Парушэнне правілаў паляўнічай гаспадаркі і палявання» Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Парушальнікам пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь. Таксама яны заплацяць за здабытыя асобіны птушкі 1260 рублёў кожны. Па рашэнні суда мужчын могуць пазбавіць зброі і спецыяльнага права на паляванне.

Цецярук у Беларусі адносіцца да нармаваных відаў паляўнічых жывёл. Колькасць віду невысокая — каля 40 тысяч асобін, што абумоўлена значным антрапагенным уздзеяннем, а таксама наяўнасцю драпежнікаў. Паляванне на цецерука павінна праводзіцца на падставе дазволу на здабычу паляўнічай жывёлы і пуцёўкі да яго. Напрыклад, у 2015 годзе паляўнічым дазволілі атрымаць у якасці трафеяў усяго 206 асобін гэтай птушкі.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ведаць здабычу «ў твар» і няўхільна выконваць правілы бяспекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.