Вы тут

Шчасце трэба здабываць самому


Юнкары, мы пачынаем!

З сённяшняга нумара «Чырвонка. Чырвоная змена» пачынае друкаваць найлепшыя «пробы пяра» юных і маладых няштатных аўтараў, якія былі дасланы на наш творчы конкурс. Так атрымалася (і, упэўнены, гэта не выпадковасць), што гонар распачаць эстафету спаборніцтва выпаў удзельнікам з Маладзечна. Падчас правядзення апошніх творчых конкурсаў менавіта яны, члены гуртка журналістыкі пры мясцовым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, паказалі сябе як найбольш актыўныя і крэатыўныя аўтары. Малайцы, так трымаць! Вашы работы — прыклад для іншых. Так што раім тым, хто хоча, але яшчэ не далучыўся да творчага спаборніцтва, не зацягваць з гэтым. Прайграўшых не будзе! А пераможцы да ўсяго атрымаюць граматы і рэкамендацыі для паступлення на журфак (тыя, хто збіраецца «штурмаваць» яго ў 2017 годзе). Таму вынікі творчага конкурсу будуць падведзены да пачатку ўступнай кампаніі. Нагадаем, што з умовамі яго правядзення можна азнаёміцца ў нумары «Чырвонкі. Чырвонай змены» ад 21.10.2016 года ці на сайце газеты. Чакаем вашых допісаў!


Шчасце трэба здабываць самому

У дзяцінстве яна марыла быць усімі, кім толькі можна: спявачкай, актрысай, настаўніцай, доктарам і нават міліцыянерам (як тата), але ніяк не мадэллю! Калі пачынала рабіць першыя крокі ў свеце хараства і моды, ніхто не ўспрымаў іх сур'ёзна і не думаў, што яна можа чагосьці дасягнуць... А цяпер Настасся Сарока — другая віцэ-міс нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2016». Нягледзячы на занятасць (даводзіцца сумяшчаць мадэльную кар'еру з вучобай у лінгвістычным універсітэце), Настасся знайшла час адказаць на пытанні, якія нас цікавяць.

— Хто цябе падтрымліваў, калі ты толькі пачынала свой шлях у свет?

— Мае бацькі. Заўсёды было вельмі шмат зайздроснікаў, зласліўцаў, якія ўсміхаліся ў твар, а на самай справе... Таму, калі хочаш з некім падзяліцца поспехам у поўнай меры — гэта толькі твая сям'я.

— Як трапіла на конкурс «Міс Беларусь»?

— Пра яго правядзенне я чула даўно, але ніколі не думала браць у ім удзел. Усё адбылося нечакана: сяброўка ішла на кастынг і запрасіла мяне. Я вельмі доўга адмаўлялася, але потым зразумела, што нічога не страчу, калі паспрабую, гэта ж у нейкай ступені досвед.

— Як змянілася жыццё пасля ўдзелу ў ім?

— Стала больш фота- і відэапраектаў, запрашаюць на розныя мерапрыемствы рэспубліканскага маштабу, нават у журы на конкурсы прыгажосці! Нядаўна мне паступіла прапанова, якая можа стаць пераломным момантам у маім жыцці, у добрым сэнсе, але пра гэта я пакуль прамаўчу. А калі ўсё атрымаецца, абавязкова з вамі падзялюся.

— Пра што ты думаеш, выходзячы на подыум?

— У маёй галаве заўсёды абсалютна розныя думкі. Атрымліваю велізарнае задавальненне, калі іду па подыуме, прадстаўляючы які-небудзь брэнд. Я не баюся выходзіць на сцэну, але... ёсць невялікае хваляванне, імгненнае, узнікае яно менавіта тады, калі згасае святло і гучаць першыя музычныя акорды.

— Як думаеш, ці можна дасягнуць поўнай дасканаласці ў чымсьці?

— Мой адказ — не. Дасканалых людзей не бывае, а калі чалавек сябе такім лічыць, то ён дурань. Мяжы няма, заўсёды ёсць куды імкнуцца, расці. Чалавек развіваецца на працягу ўсяго жыцця.

— Што для цябе самае важнае?

— На цяперашні перыяд — кар'ера. Я яшчэ занадта маладая, каб задумвацца пра замужжа. Але дакладна вырашыла, што калі ў маім жыцці будзе сітуацыя выбару паміж кар'ерай і сям'ёй, то я выберу апошнюю, бо дзіцяці патрэбна матуля, а мужу — клапатлівая і каханая жонка.

— Ці ёсць у цябе вольны час? Як ім распараджаешся?

— Ёсць, але мала. Калі з'яўляецца, ніколі не дазваляю сабе проста праляжаць на канапе цэлы дзень, нічога не робячы. Заўсёды прыцягваюць тэатры, выставы і музеі, кіно, цікавая літаратура, гэтулькі ж усяго прывабнага, чаго я яшчэ не ведаю! Вельмі часта з вакальнай студыяй мы выязджаем у дзіцячыя дамы з рознымі канцэртамі, тэатральнымі пастаноўкамі, аказваем матэрыяльную дапамогу.

— Прадоўжы фразу: «Я маладая. І мне не ўсё роўна...»

— ...Што будзе з нашай краінай у будучыні. Калі ў чалавека няма пачуцця патрыятызму, павагі да сваёй Радзімы, то і яна не адкажа ўзаемнасцю. Я лічу, што наша будучыня залежыць ад учынкаў, якія мы здзяйсняем, ад іх гуманнасці і прадуманасці.

— Якую параду можаш даць моладзі?

— Май сваю галаву на плячах, свае думкі, жаданні і мары. Ніхто за цябе не будзе будаваць тваё шчасце. Нікога не слухай, ідзі сваёй дарогай. Усё самае лепшае наперадзе...

Пра аўтара

Гэта работа 15-гадовай аўтаркі — таксама першая «проба пяра». Надзея толькі пачала наведваць гурток журналістыкі ў «Маладзіку», на што яе натхніла старэйшая сяброўка Дар'я Свірыда, пераможца нашага мінулагодняга конкурсу, а цяпер студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Нядаўна Надзя ўдзельнічала ў раённым конкурсе фотаработ, прысвечаных юбілею Максіма Багдановіча, і яе здымак прайшоў на рэспубліканскі ўзровень. Яшчэ яна любіць наведваць розныя спартыўныя гурткі.

— Я вельмі ўдзячная настаўнікам нашай гімназіі за трывалыя веды. Яны дапамагаюць мне рабіць першыя крокі ў журналістыцы, — кажа дзяўчына. — Дарэчы, у нашай гімназіі вучылася і гераіня артыкула.

Надзея БОБРЫК, вучаніца 10-га класа гімназіі №7 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.