Вы тут

Настасся Нарэйка. Проста падае снег


Настасся Нарэйка працуе журналістам і таму, магчыма, здольная ў сваіх тэкстах паспяхова спалучаць вастрыню тэмы з якасным валоданнем моваю. Яе апавяданне, прапанаванае чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены», — гэта вопыт назіранняў за жыццём. Убачанае Настасся перажывае разам са сваімі героямі. Магчыма, менавіта такая эмацыянальная далучанасць і вызначае аўтарскую манеру.


На лесвіцы было зімна.

Яна стаяла нерухома, нібы не адчувала босымі нагамі холаду, не заўважала, што вязаная хустка адным канцом дакранаецца да падлогі. Унізе цяжка грукаталі крокі ды з металічным звонам саскокваў з прыступкі на прыступку чамадан на колцах.

Пікнулі дамафонныя дзверы — і ўсе гукі зніклі. Аглушаная цішай, яна нібыта ажыла, пабегла ўніз да акна. «Нашто? Нашто ты робіш гэта?» Яна бачыла, як ён аддаляецца, і снег (адкуль толькі ўзяўся?) хавае сляды ды яшчэ дзве паралельныя лініі за колцамі чамадана.

Хустка саслізнула на падлогу. Яна прысела лёгка, як балерына, падняла пульхны белы ком і павольна пайшла наверх. Зачыніла дзверы кватэры. Паклала ключы на паліцу пад люстэркам і толькі тады адчула слабасць у нагах. Трэба было нешта рабіць з ёю...

Навобмацак у цемры яна знайшла крэсла, села, шчоўкнула ўключальнікам лямпы. Святло закавала яе ў кола, нібыта ратуючы ад усяго злога. Падабраць пад сябе ногі, рукі схаваць у хустцы. А сэрца? Куды падзець сэрца?!

Тэлефон маўчаў. Яна баялася яго з той пары, калі пасля любімай мелодыі незнаёмы жаночы голас сказаў, што ў яе няма больш каханага мужа.

— Як вы можаце гэта вырашаць? — спытала яна. — Толькі ад мяне залежыць, каханы ён ці не.

Суразмоўніца збянтэжылася, а калі загаварыла, голас яе быў ужо не такі ўпэўнены. Жанчына зусім маладая, амаль дзяўчынка — яна зразумела гэта і адчула... Сполах? Не. Агіду? Не. Крыўду? Не. Гэта не мела назвы.

У пакоі цёпла, але, нягледзячы на гэта, па спіне яе войскам ішлі дрыжыкі. Цяжка быць полем бою. Асабліва, калі вайна ідзе яшчэ і ўнутры. Вайна ў вайне.

Яна абняла калені рукамі і з усіх сіл заплюшчыла вочы. Гэта дапамагала вярнуць адчуванне яго абдымкаў, яна рабіла так кожны раз, калі мужа не было побач. «Нашто? Нашто гэта цяпер?»

Адпушчанай спружынай яна ўскочыла з крэсла, скінула хустку... «Спяшайся!» У прыхожай абула боты на голыя ногі, апранула паліто паверх хатняй сукенкі ў клетку, усцягнула шапку на непаслухмяныя кучаравыя валасы. «Спяшайся!»

Сумка здалася занадта лёгкай. Такая не ўтрымае на гэтай Зямлі! Кінула ў яе мабільнік, пальчаткі, шчотку для адзення, пульхную касметычку, тэлефонны даведнік, статуэтку кошкі (навошта?). «Спяшайся!»

Дзверы. Ключы. Выдых. Лесвіца. Яна забылася пра ліфт, як з паўгадзіны таму забыўся муж. Сыходзіць трэба хутка. Яна не ўспамінала пра гэта.

Дамафон пікнуў нешта суцяшальнае. Яна расчыніла дзверы і выйшла проста ў снег. Белыя зорачкі заляпілі ёй вочы, набраліся ў боты, упляліся ў валасы. Яна чхнула і засмяялася — лёгка, зусім не істэрычна. «Тысячи белых ежат». Пашукаўшы на паліцах памяці, яна знайшла аўтара гэтага параўнання — Эдуард Асадаў. Сляпы паэт. У галаве ўспыхнуў вобраз — малады прыгожы твар, на якім свой знак у выглядзе чорнай павязкі на вачах яшчэ не паспела пакінуць вайна. «А что если просто падает снег и тормоза не визжат? А что если просто идет человек и губы его дрожат?» Бязгучна яна шапатала па памяці гэтыя словы, і слёзы сыпаліся з вачэй. Так выходзіць боль. Ад смеху да плачу — адзін крок...

Яна плакала доўга — напэўна, цэлую вечнасць. Прахожыя нешта гаварылі ёй, разумелі сваё бяссілле і знікалі.

«Спяшайся!»

Яна ўздрыгнула, страсянуўшы з сябе цэлую завіруху, і пабегла. Цераз снег. Цераз боль. Цераз бель.

«Спяшайся!»

Ногі неслі самі, яна давярала ім слепа. Вуліцы змянялі адна адну. Немагчыма было заўважыць іх, не тое, што запомніць назвы. «Рабінавая». Перад гэтым словам яна застыла, прыціснуўшы сумку да грудзей. Нешта знаёмае... Прынамсі, цяпер не лепшы час думаць пра гэта.

«Спяшайся!»

Упэўненым крокам яна пайшла да дома пад нумарам 5. Першы пад'езд... Каля яго села на заснежаную лаўку, абхапіла сумку яшчэ мацней і ўпершыню за ўвесь свой марафон задумалася. «Нашто? Нашто ты робіш гэта?» Адказ быў недзе блізка.

Дрыжачымі ад холаду і сполаху рукамі яна пачала расшпільваць сумку — ніяк. Трэба зняць пальчатку. Калі тысяча калючых сняжынак упіліся ў руку, яна адчула сябе дзяўчынкай з запалкамі з казкі, больш падобнай на праўду. Нарэшце! Дзе ж?

Яна шукала і не ведала, што шукае. Яшчэ адны пальчаткі.. Шчотка... Тэлефон... Не тое! Ёй няма каму больш званіць. Сыну раскажа пасля — у яго важныя спаборніцтвы ў іншым горадзе.

А гэта што?

Яна выцягнула на свет божы тэлефонны даведнік. «Нашто?» Здагадка, а дакладней — успамін, прашыў наскрозь, як электрычны ток. Тацянічава! Літара Т. Імгненна адшукала яе, а потым — прозвішча. «Тацянічава Ірына Ігараўна...» Вось тут. Нумар тэлефона, адрас... Рабінавая, 5!» Яе сэрца глуха ўпала і пакацілася. Балюча. Цяжка. Горка. Гэта накаўт.

«Нашто я прыйшла сюды?»

— Ты ведаеш, — адказала нешта ўнутры.

Яна пазнала голас нянавісці і спужалася, толькі не паказала гэтага. З вар'ятамі нельга спрачацца.

— Ідзі.

Ані руху.

— Ідзі! Скажы ёй усё, што думаеш!

Ані гуку.

Нянавісць бяссільна тарганулася ўнутры, на што болем адгукнулася сэрца.

— Ідзі!

Тэлефонны даведнік выпаў проста ў снег. І ў той жа момант пачуўся ціхі жаласлівы плач. Яна апусцілася з лаўкі на калені. У халодную без пальчаткі руку тыцнулася носам кацяня, такое белае, што яго цяжка было разгледзець сярод снегу.

— Маленькае маё.

Яна асцярожна прыціснула кацяня да грудзей. Снег уперамешку са слязамі сыпаўся на яго пушыстую поўсць.

— Ты пойдзеш са мной.

Гэта было сцвярджэнне, а не пытанне.

— Мы цяпер разам.

Кацяня ўзняло пыску і паглядзела ёй проста ў вочы. Так асэнсавана і ўдзячна, што ў яе заплакала сэрца.

Калі гучна ляпнулі дзверы пад'езда, у якім жыла саперніца, яна сама здзівілася хуткасці сваёй рэакцыі. Імгненне — і дрэва надзейна схавала дзве адзінокія істоты, што знайшлі адна адну.

На вуліцу без верхняга адзення і ў тапках выбег яе муж. Былы? Напэўна, цяпер трэба так называць яго... Гэта думка, на дзіва, не выклікала болю.

Мужчына, між тым, схіліўся каля лаўкі, нешта шукаючы. На чорных валасах пераліваліся і не раставалі сняжынкі, як тады, калі яны падчас першага спаткання забыліся пра час і гулялі пад снегам усю ноч. У адно імгненне яна ўспомніла ўсё: усмешкі, словы, дотыкі, шчасце — і заціснула рот вольнай рукой, каб заглушыць рыданне.

— Сняжок! Дзе ты, Сняжок?

Цішыня. І завея.

— Сняжок...

«Ён цябе шукае».

Яна дакранулася вуснамі да цёплай поўсці кацяняці і ад усёй душы марыла ў той момант быць ім. Каб шукаў... Каб непакоіўся...

— Сняжок! Як толькі яна магла выкінуць цябе?! Эх, Ірка, Ірка!

Пошукі не мелі сэнсу. Ён хацеў было вяртацца ў пад'езд, як раптам заўважыў у гурбе нешта фіялетавае. Змёў даланёй снег і падняў тэлефонны даведнік.

— Дзіўна.

Ён адгарнуў апошнія старонкі, дзе запісвалі нумары ад рукі, пазнаў жончын почырк і цяжка апусціўся на лаўку.

— Ліля.

Яна пачула сваё імя і заплюшчыла вочы. Гэта было суцяшальна да болю. Як напамін пра ампутаваную руку.

Муж сядзеў ціха. Яна лёгка чытала па яго спіне цяжкія, здаўленыя рыданні. Невыносна цягнула падысці, пакласці руку на плячо, але нельга... Больш нельга...

Кацяня прыснула, і яна баялася паварушыцца. Хай хоць нехта будзе гэтай ноччу шчаслівы!

Другі раз бразнулі дзверы. Маладая жанчына, зусім дзяўчынка, у адным ярка-ружовым халаціку з выклікам адкінула з вачэй светлыя валасы.

— Алег! Здаўся табе гэты кот! Пайшлі.

Ён здрыгануўся, нібы толькі што заўважыў яе, паглядзеў у лялечныя вочы нябеснага колеру і падняўся.

Толькі калі ён адышоў крокаў на дзесяць, Іра крыкнула:

— Ты куды?

— Дадому.

Маладая жанчына так і застыла з адкрытым ротам. Потым зноў бразнулі дзверы.

Кацяня ціха мяўкнула, калі яе рука машынальна сціснулася.

— О, прабач.

Мужавы сляды ўжо паспеў замесці снег, і яна ўсумнілася нават: а, можа, гэта ўсё было трызненнем?

Нечакана стала невыносна холадна. Яна выйшла з-за дрэва якраз у той момант, калі дзверы пад'езда адчыніліся чарговы раз. І з іх адна за адной вылецелі мужавы рэчы. Чамадан усё яшчэ распранутая Іра вывезла на ганак і злосна адпіхнула нагой. Жонку Алега яна заўважыла не адразу.

— Якая сустрэча! Бачу, ты і ката падабрала. Няхай. Цяпер абодва галадранцы твае.

І яшчэ раз дзверы — як выбух.

Адной рукой яна сабрала рэчы ў чамадан і асцярожна павезла яго за сабой. Колцы танулі ў снезе, але яна не заўважала цяжару. Дарога назад адабрала нашмат больш часу.

Алег сядзеў на лаўцы каля іх пад'езда і ў задуменні гартаў тэлефонны даведнік. Яна нахілілася і асцярожна пусціла на снег кацяня, якое вагалася некалькі імгненняў, а потым пабегла да мужа.

— Сняжок!

Голас Алега зазвінеў шчасцем. Ён паклаў даведнік на лаўку і ўзяў кацяня на рукі — малы, пульхны камячок.

— Мы цяпер бяздомныя з табою...

Яе сэрца сціснуў боль.

Тонкая рука апусцілася на яго плячо.

— Хіба я адбірала ў цябе ключы?..

Настасся Нарэйка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.