Вы тут

Як ліміты гарантуюць бяспеку грошай на плацежнай карце?


Эксперты банкаўскай сферы адзначаюць, што менавіта ліміты з'яўляюцца адным з найбольш эфектыўных інструментаў барацьбы з карткавым махлярствам. Сёння мы сумесна са спецыялістамі плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ паспрабуем папулярна расказаць усё пра сутнасць дадзенай паслугі, карысць, якую прыносіць правільнае кіраванне лімітамі, і пра розныя нюансы, уласцівыя гэтаму інструменту.


Ліміты бываюць розныя

Паняцце «ліміт» паходзіць ад лацінскага слова «lіmеs» і азначае «лімітавая норма, абмежаванне, мяжа, рубеж, дазволеная колькасць чаго-небудзь». У дачыненні да банкаўскіх плацежных картак ліміт уяўляе сабой тое ці іншае абмежаванне па аперацыях.

Ліміты могуць рабіцца па колькасці і аб'ёме аперацый, а таксама па іх тыпе — напрыклад, можна дазваляць па картцы дзве аперацыі на тыдзень па зняцці наяўных банкнот агульнай сумай да 100 рублёў і 20 (30 ці 40) безнаяўных аперацый сумай да тысячы. Такія ліміты будуць актуальнымі для актыўных карыстальнікаў сучасным кашальком.

Можна вызначаць ліміты па аперацыях за мяжой або ў сетцы інтэрнэт, а можна і зусім забараніць такія трансакцыі — з дапамогай усё тых жа абмежаванняў. У некаторых банках ёсць магчымасць рабіць ліміты не толькі па міжнародных аперацыях у цэлым, але і ў рамках асобных краін. Напрыклад, калі вы збіраецеся наведаць Польшчу, можна адкрыць магчымасць правядзення аперацый на тэрыторыі толькі гэтай краіны. А значыць, ні ў Румыніі, ні ў Тайландзе, ні ў Венесуэле ніхто не зможа зняць грошы з вашай карткі ў выпадку, калі інфармацыя па ёй была скрадзена зламыснікамі.

Акрамя таго, некаторыя банкі даюць магчымасць афармляць ліміты па катэгорыях прадпрыемстваў гандлю і сэрвісу. Дзякуючы такой функцыі вы можаце забараніць праводзіць аперацыі па картцы, скажам, у казіно — калі вы гульняман. Падобнае абмежаванне можа стаць вельмі карысным, калі вы чалавек настрою. Пры гэтым вы без праблем купіце прадукты ў супермаркеце або абноўкі ў гандлёвым цэнтры.

Карысць на практыцы

Абмежаванні самі па сабе апрыёры ўспрымаюцца шараговым абывацелем негатыўна. Аднак ліміты па банкаўскіх плацежных картках — асаблівы выпадак. Яны неабходны для бяспекі вашых уласных грошай. Калі вы — шчаслівы ўладальнік адзінай, універсальнай карткі, якая адначасова служыць вам і зарплатнай, і ашчаднай, з ёй вы ездзіце за мяжу і ёй жа разлічваецеся ў інтэрнэце — без лімітаў вам ніяк не абысціся.

— Карыстацца такой картай можна толькі пры наяўнасці лімітаў і з пастаянным кіраваннем імі, — лічаць эксперты БЕЛКАРТ. — Але нават калі ў вас прадугледжаны асобныя карткі для аперацый у інтэрнэце і для паездак за мяжу, усё роўна рэкамендуецца карыстацца лімітамі.

Логіка тут простая — як вядома, большая частка ашуканскага трафіка па плацежных картках ідзе да нас з-за мяжы. Часта «пластыкі» беларусаў счытваюцца ў ходзе замежных паездак. Але нават калі інфармацыя з карткі была скапіравана на тэрыторыі Беларусі, вялікая імавернасць таго, што грошы будуць здымацца дзе-небудзь за мяжой. Калі вы сапраўды ведаеце, што ў найбліжэйшы час Радзіму пакідаць не будзеце — абмяжуйце магчымасць правядзення аперацый па вашай картцы за мяжой. І ў выпадку форс-мажору, хутчэй за ўсё, ашуканцу не ўдасца выкрасці ў вас ні рубля.

Увогуле, спецыялісты катэгарычна рэкамендуюць для картак, якімі карыстаюцца кліенты за межамі краіны, у любым выпадку вызначаць ліміты. Калі ў вас ёсць зберагальная карта, і вы хочаце перыядычна ёй карыстацца на тэрыторыі Беларусі, але баіцеся рызыкаваць усёй сумай — ліміты зноў прыйдуць да вас на дапамогу. Калі нешта адбудзецца , менавіта яны дазволяць мінімізаваць страты ад махляроў.

Давяраць і не баяцца

Акрамя бяспекі, ліміты вельмі зручныя для дзіцячых карт. У пераважнай большасці выпадкаў для дзяцей да 14 гадоў нельга аформіць асабістую картку. Вы можаце аформіць толькі дадатковы «пластык» да рахунку аднаго з бацькоў. Але ж вы не хочаце, каб дзіця мела свабодны доступ да ўсёй вашай зарплаты? Таму вы і робіце пэўны ліміт, пасля чаго дзіцяці будзе даступна роўна столькі грошай, колькі вы палічыце патрэбным. Акрамя таго, па дзіцячых картках зручна вызначаць ліміты па зняцці наяўных грошай або ліміты па катэгорыі гандлёвых пунктаў. Вядома, дзеці не зусім разумеюць, як працуюць ліміты, але сам факт прысутнасці такіх абмежаванняў дысцыплінуе малых і супакойвае дарослых. Напрыклад, у маёй больш дарослай дачкі (шосты клас) тыднёвы ліміт складае 7 рублёў, а ў васьмігадовага сына — 3 рублі. Цяпер па іх картках ім кожны тыдзень даступныя толькі гэтыя сродкі.

Кіраванне абмежаваннямі

У нашай краіне распаўсюджаны два варыянты кіравання лімітамі — праз асабістую падачу заявы ў банк альбо шляхам самастойнай карэкціроўкі праз інтэрнэт-банкінг. На жаль, сёння ў Беларусі банкаў, якія даюць кліентам магчымасць кіраваць лімітамі праз інтэрнэт-банкінг, пакуль няшмат. Як правіла, вы атрымліваеце картку з ужо прапісанымі лімітамі, і, калі ўзнікае неабходнасць іх змяніць, вам трэба звяртацца ў свой банк і пісаць заяву. Яшчэ адзін магчымы варыянт — патэлефанаваць у банк па спецыяльным тэлефоне, паведаміць тайную інфармацыю (гэта звычайна дзявочае прозвішча мамы), пасля чаго ўзнікае магчымасць мяняць ліміты. Аднак і такая практыка існуе далёка не ва ўсіх беларускіх банках.

Тым не менш банкі, якія дазваляюць мяняць ліміты не выходзячы з дому, ёсць — варта іх толькі пашукаць. Праз інтэрнэт-банкінг ліміты мяняюцца практычна ўмомант. Пры асабістым візіце ў банк тэрміны могуць быць рознымі, але кіраванне ўжо сапраўды адбываецца не ў рэжыме рэальнага часу. Калі чалавек збіраецца аператыўна кіраваць лімітамі, разумее, што і для чаго ён робіць, яму неабходна мець такі інструмент, які дазваляе мяняць ліміты ў рэжыме анлайн. Інакш у гэтым няма амаль ніякага сэнсу.

Дробязяў тут няма

Перад тым як прыступіць да кіравання лімітамі, трэба ўдакладніць у банку ўсе нюансы. Якія тыпы лімітаў можна рабіць, якім чынам імі кіраваць і як гэтыя ліміты пералічваюцца. Напрыклад, калі вы вызначаеце ліміт па колькасці або аб'ёме аперацый на тыдзень — лепш адразу ўдакладніць, з якога моманту пачнецца адлік новай сямідзёнкі: з даты першай аперацыі, або з даты ўстанаўлення ліміту?

Звярніце ўвагу, што часам можна сутыкнуцца з гранічным лімітам, выйсці за рамкі якога немагчыма. Таму непасрэдна перад буйной купляй ліміт па безнаяўнай аплаце трэба часова павялічыць. Падобныя абмежаванні звычайна сустракаюцца і па міжнародных трансакцыях. Яны звязаны з міжнароднымі патрабаваннямі. Але гэтыя ліміты даволі высокія — да 10 000 долараў на суткі. Пры гэтым у большасці выпадкаў можна звярнуцца ў банк і наогул зняць ліміты. Як правіла, гэта не з'яўляецца непераадольным бар'ерам.

Вядомыя выпадкі, калі банкі ў аднабаковым парадку рабілі рознага роду ліміты па плацежных картках кліентаў. Як правіла, такія дзеянні звязаны з рознага роду форс-мажорамі. Напрыклад, падчас крызісу 2011 года многія банкі вызначалі ліміты на правядзенне аперацый за мяжой па картках, намінаваных у беларускіх рублях. Такім чынам банкі мінімізавалі ўласныя валютныя рызыкі. Тэарэтычна банк, вядома, мае права ўводзіць абмежаванні ў адпаведнасці з дзеючым дагаворам і нават без тлумачэння прычын. Аднак дзеля аб'ектыўнасці трэба адзначыць, што на практыцы не было выпадкаў, калі банк устанавіў ліміты для нейкага канкрэтнага чалавека па выніках аналізу яго аперацый.

Іншае пытанне, што банкі часам выкарыстоўваюць ліміты ў якасці маркетынгавага ходу. Напрыклад, вы купляеце картку ў рамках нейкага пакета паслуг. І калі пакет паслуг, магчыма, каштуе 10 рублёў, то ліміт, скажам, наяўнага зняцця па картцы складзе 10 тысяч рублёў, а калі ўзяць даражэйшы пакет — то і ліміт будзе вышэйшы.

Часам трымальнік банкаўскай карткі пры вызначэнні лімітаў можа сутыкнуцца з краінавымі праблемамі, звязанымі з электроннай камерцыяй. Напрыклад, вы збіраецеся ў Польшчу і, адпаведна, здымаеце абмежаванні на Польшчу. А потым спрабуеце правесці трансакцыю ў Польшчы — і не можаце, таму што інтэрнэт-крама абслугоўваецца ў банку іншай дзяржавы. Адпаведна, трансакцыя ўспрымаецца сістэмай, як не польская. Гэта даволі рэдкі выпадак, але ўсё ж ён можа здарыцца.

Мець сваю канцэпцыю

Часам падобныя праблемы могуць узнікнуць з прычыны некарэктнай рэгістрацыі катэгорыі прадаўца. Катэгорыі вызначаюцца банкам-экваерам, і часам сустракаюцца крамы, якія складана дакладна ідэнтыфікаваць — напрыклад, крамы з шырокім асартыментным пералікам або крамы, якія прадаюць нейкія спецыфічныя тавары. І калі вы свядома блакуеце той ці іншы тып аплаты тавараў ці паслуг, трансакцыя можа не прайсці, таму што катэгорыя крамы няправільна прапісана вашым банкам. Зразумела, што такіх праблем не ўзнікне з папулярнымі супермаркетамі.

Ліміты — рэч, безумоўна, карысная і зручная, але яна патрабуе ўвагі і пэўнага ўзроўню фінансавай адукаванасці. Калі вы прынялі рашэнне старанна кіраваць лімітамі, то для пачатку трэба выпрацаваць уласную канцэпцыю кіравання картачнымі прадуктамі. Трэба разумець, што для вас зручна, а што не, не забываць рабіць і здымаць ліміты і наогул пастаянна цікавіцца тым, што адбываецца ў плацежных сістэмах. А ў якасці ўзнагароды за гэтую няпростую працу вы атрымаеце практычна поўную бяспеку для вашых грашовых сродкаў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Уласны «пластык» з хітрыкамі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.