Вы тут

Абарона для імплантата


Вучоныя БДУ прынялі ўдзел у распрацоўцы антыбактэрыяльнага пакрыцця для абароны медыцынскіх імплантатаў ад мікробнай каланізацыі.

Гэта перспектыўная распрацоўка не мае сусветных аналагаў. Інавацыйнае медыцынскае пакрыццё прызначана для выкарыстання ў металічных імплантатах у траўматалогіі, а таксама для прадухілення рызыкі развіцця імплантат-асацыяваных інфекцый. Адзіным спосабам лячэння такіх захворванняў з'яўляецца, на жаль, выдаленне канструкцый.


Як расказалі ў прэс-службе ўніверсітэта, каб пазбегнуць падобных радыкальных метадаў, супрацоўнікі кафедры высокамалекулярных злучэнняў БДУ абгрунтавалі мэтазгоднасць увядзення ў палімерную антыбактэрыяльную кампазіцыю дабаўкі полілактыду. Гэты біяраскладальны і біясумяшчальны поліэфір забяспечыў неабходную хуткасць выдзялення біяцыдных дабавак з антыбактэрыяльных пакрыццяў медыцынскіх імплантатаў.

Навукоўцы-хімікі кафедры высокамалекулярных злучэнняў хімічнага факультэта БДУ і Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі стварылі айчынны полі-L-лактыд. Сыравінай для яго вытворчасці служаць аднаўляльныя рэсурсы, такія як кукуруза і цукровыя буракі. Кіраўніком гэтай часткі навуковай распрацоўкі выступіў загадчык кафедры высокамалекулярных злучэнняў хімічнага факультэта БДУ Леанід Круль.

«Рэалізацыя навуковага праекта па стварэнні антыбактэрыяльнага пакрыцця ажыццяўлялася дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву цэлага шэрагу навуковых арганізацый нашай краіны», — падкрэсліваюць у БДУ.

Асноўным распрацоўшчыкам антыбактэрыяльнага пакрыцця для абароны медыцынскіх імплантатаў ад мікробнай каланізацыі з'яўляецца Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Загадчык кафедры мікрабіялогіі, вірусалогіі і імуналогіі ўніверсітэта Дзмітрый Тапальскі прапанаваў нанясенне на імплантаты звыштонкіх (250—400 нм) біялагічна сумяшчальных палімерных пакрыццяў з біяцыднымі дабаўкамі. Такая апрацоўка здольная доўгі час аказваць лакальнае бактэрыцыднае ўздзеянне. Аснова пакрыцця — кампазіцыя з палімераў, якая ўтрымлівае наначасціцы серабра і малекулы антыбіётыкаў.

Усе складнікі імплантацыі — шрубы, пласціна і фіксатар з антыбактэрыяльным пакрыццём — вытрымалі тэхнічныя і санітарна-гігіенічныя выпрабаванні.

У Рэспубліканскім цэнтры траўматалогіі і артапедыі былі арганізаваны клінічныя выпрабаванні, і да цяперашняга часу праведзена ўжо больш як 100 паспяховых імплантацый. Акрамя таго, аўтары распрацоўкі ўжо атрымалі рэгістрацыйнае пасведчанне Міністэрства аховы здароўя, якое дазваляе вытворчасць, рэалізацыю і медыцынскае прымяненне імплантатаў з антыбактэрыяльным пакрыццём на тэрыторыі нашай краіны.

Серыйны выпуск імплантатаў арганізаваны на айчынным прадпрыемстве «Медбіятэх».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.