Вы тут

Фестываль экалагічнага кіно пройдзе ў Мінску 6 —11 лютага


На міжнародным фестывалі экалагічнага кіно “Планетарый” будуць прадстаўлены фільмы з Францыі, ЗША, Швейцарыі, Канады, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Іспаніі, Італіі, а таксама з Беларусі. Для фестывалю адбіраліся кінастужкі, якія паказваюць не толькі праблемы, але і іх рашэнні. У фільмах расказваецца пра людзей і іх неверагодныя гісторыі. Такія прыклады заўсёды натхняюць на дзеянні.


Праграмы дэманструюцца на мовах арыгінала з рускімі субцітрамі.

Уваход на ўсе мерапрыемствы свабодны. Білеты на кінастужкі, што будуць дэманстравацца  ў “Піянеры”, можна атрымаць у фае кінатэатра з 12.00 у дзень іх паказу.

Кіно — гэта заўсёды нагода для дыскусій. Таму акрамя кінапаказаў, на фестывалі будуць арганізаваны пляцоўкі для абмеркаванняў.

Фестывальныя мерапрыемствы пройдуць у кінатэатры "Піянер" (вул. Энгельса, 20) і ў адукацыйнай прасторы PUNKT (вул. Кастрычніцкая, 23а).

Праграма кінафестывалю:

"Поры года" (2016, рэж. Жак Перрэн, Жак Клюзо, Францыя, 97 хв.)

6 лютага (панядзелак) 19.00.

кінатэатр "Піянер" (вул. Энгельса, 20).

Ад стваральнікаў дакументальных фільмаў “Птушкі” і “Акіяны” Жака Перрэна і Жака Клюзо. Тысячу гадоў таму Еўропа была пакрыта бясконцымі лясамі, дзе гаспадарылі кіравалі зубры, лісы, ваўкі, ласі і алені. Іх каралеўствам быў першабытны непралазны гушчар, які раскінуўся на ўвесь кантынент. А сэрца яго знаходзілася ў Белавежскай пушчы. У гэтым таямнічым лесе і разгортваецца неверагодная гісторыя самай дзікай і яшчэ некранутай рукой чалавека прыроды.

"Анёл Азуль" (2014, рэж. Марсі Крават, ЗША, 74 хв.)

7 лютага (аўторак) 19.00.

кінатэатр "Піянер" (вул. Энгельса, 20).

Гэта дзіўная і прыгожая гісторыя работы брытанскага мастака і эколага Джэйсана дэ Кайрыс Тэйлара. Джэйсан стварае не проста штучны каралавы рыф, а першы ў свеце падводны парк скульптур. Яго крохкія далікатныя статуі, кожная з якіх зроблена з чалавечых мадэляў, ствараюць новы марскі рэльеф, які стане каралавым рыфам.

Але фільм не толькі пра вядомага скульптара. Што адбываецца на дне мора, чаму каралы знікаюць, няўжо штучны рыф — гэта адзінае, што нам засталося? Як мы звязаны з морам і што будзе з намі, калі яно зменіцца? Рэжысёр Марсі Крават запрашае  даведацца адказы на гэтыя пытанні.

"Чалавек" (2015, рэж. Ян Арцюс Бертран, Францыя, 191 хв.)

8 лютага (серада), 18.00.

кінатэатр "Піянер" (вул. Энгельса, 20).

"Чалавек" — трэці грандыёзны дакументальны фільм Яна Арцюса Бертрана. Прэм'ера фільма адбылася на Генеральнай асамблеі ААН. Адначасова фільм выклалі на шасці каналах YouTube з субтытрамі на арабскай, англійскай, французскай, партугальскай, іспанскай і рускай мовах. Велізарнае кінапалатно, што сабрала аповеды 2 тысяч людзей з 60 краін свету, магчыма, не адкажа на пытанне "Што робіць нас людзьмі?", але стане адпраўной кропкай для дыялогу на гэтую тэму.

Публічная лекцыя "Як правесці экапрыязнае мерапрыемства"

9 лютага (чацвер), 19.00.

Адукацыйная прастора PUNKT (вул. Кастрычніцкая, 23а).

Што ўлічыць падчас падрыхтоўкі мерапрыемства? Якія простыя дзеянні пры яго правядзенні дапамогуць не нашкодзіць прыродзе? Проста, зразумела і з гісторыямі з уласнай практыкі эксперт Цэнтра экалагічных рашэнняў раскажа пра тое, як правесці экапрыязнае мерапрыемства на любую тэму і атрымаць ад гэтага задавальненне.

"Экалагічнае кіно ў беларускім клімаце". Паказ кароткаметражных фільмаў ад беларускіх аўтараў і дыскусія.

10 лютага (пятніца), 19.00.

Адукацыйная прастора PUNKT (вул. Кастрычніцкая, 23а).

Паказ работ маладых беларускіх рэжысёраў, пераможцаў праекта Kinosprint. Трагікамедыя пра тыповых беларусаў у стылі роўд-муві, прытча ў стылі пост-апакаліпсіс, фільм-напамін пра трагедыю ў савецкім мінулым, кароткі метр аб браканьерстве. Пасля паказу адбудзецца дыскусія з удзелам аўтараў карцін і іншых беларускіх рэжысёраў, каб разам адказаць на пытанні: што такое экалагічнае кіно, як яго глядзець, ці цікавы такі напрамак нашым рэжысёрам, на якія тэмы можна здымаць экалагічнае кіно сёння?

Праграма кароткаметражных фільмаў (90 хв.)

11 лютага (субота), 19.00.

Адукацыйная прастора PUNKT (вул. Кастрычніцкая, 23а).

Самыя яскравыя кароткаметражныя фільмы на тэму аховы навакольнага асяроддзя з усяго свету. За адзін вечар вы ўбачыце анімацыю і дакументальнае кіно са Швейцарыі, Нарвегіі, Канады, Вялікабрытаніі, Ганконга, Іспаніі, Германіі, ЗША, Італіі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.