Вы тут

«Помнік даглядаем усе разам»


Палявая Рэчыца Жабінкаўскага раёна.

Палявая Рэчыца — самы аддалены населены пункт Сцяпанкаўскага сельсавета. Са Сцяпанак трэба ехаць амаль 10 кіламетраў лесам. Але з боку Пружанскага раёна недалёка праходзіць шаша Пружаны—Відамля, таму нельга сказаць, што вёсачка зусім згубілася сярод лясоў. Дабрацца сваім транспартам сюды ў любы час — не праблема.


Ста­рас­та вёс­кі Але­на Будзь­ко  і стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Мі­ка­лай Ягор­чан­каў.

— У нас выходзіш з хаты і адразу бяры грыбы, лісічак многа, а таксама суніцы, чарніцы, маліны — усё фактычна за хлявом расце, былі б сілы і ахвота збіраць, — расказвае Алена Будзько. — А вясной тут прыгажосць, птушкі пяюць, як у раі. Усё ўгаворваю сваіх суседзяў: ну што вас трымае ў горадзе? Абое ж на пенсіі, пераязджалі б, жылі на свежым паветры. Хоць было б з кім пагаварыць. А то сядзяць на сваім паверсе, а летам становяцца дачнікамі ў бацькоўскай хаце.

Яшчэ Алена Іванаўна расказала пра адну асаблівасць сваёй вёскі. Большасць хат складзены з пушчанскай драўніны. Раней людзі не так нарыхтоўвалі бярвенні, як цяпер. Напрыклад, рэзалі дрэва ў строга вызначаны час, потым вытрымлівалі колькі трэба, старанна высушвалі, таму будаўнічы матэрыял станавіўся асабліва трывалым. І цяпер некаторыя з жыхароў, хто ставіць новыя вокны ці дзверы, адзначаюць, як цяжка бывае свідраваць загатоўкі. Адно слова — пушчанскае дрэва!

Бацька Алены Іванаўны некалі ўзвёў такую ж хату, дзе выраслі яе дзеці і дзе яна жыве да гэтай пары. Сёлета Алена Будзько можа адзначаць 20-годдзе, як стала старастай у Палявой Рэчыцы. Выбралі яе аднавяскоўцы, калі яшчэ вёска была не такой маленькай, як цяпер. Так і застаецца яна лідарам да гэтай пары.

У 70-х гадах мінулага стагоддзя тут значылася больш за 130 жыхароў. Былі школа і магазін. Па дзве каровы на кожным падворку трымалі, згадвае стараста, свіней, птушкі рознай было ў кожнага гаспадара, бо тутэйшыя людзі — працавітыя. Першая пасляваенная школа, дарэчы, размяшчалася ў доме бацькоў Алены Будзько. Потым пабудавалі новую. Але з часам людзей стала меней. Старыя адыходзілі, маладыя з'язджалі ў гарады. Закрылі школу, потым магазін. І цяпер у Палявой Рэчыцы афіцыйна значацца 13 жыхароў. Праўда, не ўсе яны пенсіянеры. Двое яшчэ працуюць на ферме.

— Цяпер працаваць добра нават у калгасе, — разважае стараста і былы палявод. — Умовы не тыя, што раней. А некалі мы буракоў за лета амаль па пяць гектараў праполвалі. А яшчэ з тых дзялак трэба было сабраць ураджай ды пагрузіць у машыну.

Нялёгкую працу палявода згадала і самая пажылая жыхарка Палявой Рэчыцы Ганна Дулевіч. 87-гадовая Ганна Паўлаўна кажа, што самае цяжкае пры яе невысокім росце было тыя буракі закідаць у грузавік: «Накідаешся за дзень, што спіны не чуеш».

На пакаленне гэтай жанчыны выпалі ўсе пасляваенныя цяжкасці. Бацька вярнуўся з вайны паранены, хворы і вельмі хутка памёр. Маці засталася з пяцярымі дзецьмі на руках, яна, Ганна, самая старэйшая. Таму, можна сказаць, што меншых паднімалі разам з маці. З юнацтва Ганна ездзіла на заробкі ва Украіну, каб прывезці дадому якую капейку. Была і ў Днепрапятроўску, і ў Нікалаеўскай вобласці. Потым вярнулася дадому, тут выйшла замуж, працавалі з мужам у калгасе, выгадавалі дзяцей. І ўжо хутка трыццаць гадоў, як Ганна Паўлаўна адна. Муж памёр нестары. Раней і адна гаспадарку трымала, цяпер засталіся толькі куры, бо руплівая гаспадыня не ўяўляе сабе, як наогул сядзець на пустым падворку. Дзеці да сябе клічуць, але бабулька не хоча. Кажа, што сябе яшчэ патроху даглядае. Пенсія ёсць, аўтакрама прыходзіць тры разы на тыдзень, можна купіць, што захочаш.

Канчаткова засумаваць не дае тэлевізар. Пенсіянерка рэгулярна глядзіць навіны, а яшчэ такія перадачы, як «Поле цудаў» альбо «Чакай мяне». А пагаварыць, ну, хіба стараста калі зойдзе. «Вось летам у нас людзей шмат, усе дачнікі з'язджаюцца: і з Масквы, і з усяго свету людзі бываюць», — кажа бабулька.

— Сапраўды, — дадае Алена Будзько, — масквічы тут купілі дом. Прыязджаюць летам на месяц альбо два, адпачываюць. Для адпачынку лепшых мясцін і не трэба. У адной з сям'і тых масквічоў дзед тут партызаніў і пахаваны за вёскай — Шульган Антон Васілевіч. Вось жыхароў расійскай сталіцы і цягне ў родныя мясціны, дзе карані. Дом свой маскоўскія дачнікі добраўпарадкавалі, летам абкошваюць тэрыторыю, не забываюць і кветак да помніка пакласці.

Алена Іванаўна вядзе да галоўнай вясковай славутасці — помніка ахвярам вайны. Па дарозе расказвае трагічную гісторыю, якую ведае ад сваіх бацькоў. У 1941-м годзе ў цяжкім баі пры адступленні загінулі 11 савецкіх салдат. Іх пахавалі бацькі Алены разам з суседзямі. Загадкавым чынам зніклі дакументы тых салдацікаў. Расказвалі, што паперы знішчыў псіхічна не вельмі здаровы чалавек. Такім чынам, усе байцы засталіся невядомымі. Пазней у тую брацкую магілу падхавалі партызана Шульгана, якога расстралялі немцы пазней. Вяскоўцы заўсёды шанавалі і глядзелі магілу, а ў 1969 годзе тут паставілі помнік. На маё пытанне, хто даглядае памятнае месца, стараста сціпла адказала, што школьнікі прыязджаюць, сельскі Савет дапамагае. А старшыня сельскага Савета Мікалай Ягорчанкаў паправіў: «Найлепш гэта робіць Алена Іванаўна».

Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады, на 9 мая тут заўсёды праводзіцца памятнае мерапрыемства. Як правіла, прыязджаюць масквічы, збіраюцца ўсе жыхары Палявой Рэчыцы і яе дачнікі, прадстаўнікі сельскага Савета і мясцовай гаспадаркі, каб згадаць тых, хто загінуў у баях за свабоду гэтых мясцін.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Помнік даглядаем усе разам»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.