19 Верасень, серада

Вы тут

У Віцебскай вобласці ў 2016 годзе закрылі 100 школ і дзіцячых садкоў


У 2017-м плануецца закрыццё яшчэ 35 школ. Што рабіць з будынкамі? Можа, як кажуць спецыялісты ад будаўніцтва, «закансерваваць» да лепшых часоў? Ці лепш зусім знесці?

На Віцебшчыне знайшлі іншы, найбольш эфектыўны ў эканамічным сэнсе падыход — прадаваць будынкі на аўкцыёнах. У прыватнасці, за год «з малатка» пайшло 15 аб'ектаў. Якая ў гэтым карысць?


Шко­ла ў вёс­цы Ка­ма­ры на ву­лі­цы Школь­най (Ві­цеб­скі ра­ён).

Купіце школу!

Асаблівасць Прыдзвінскага краю ў тым, што тут вялікая колькасць населеных пунктаў — каля 6,5 тысячы. З іх больш за 2 тысячы можна назваць неперспектыўнымі, «выміраючымі». Там колькасць насельніцтва не перавышае некалькі дзясяткаў чалавек. Нямала вёсак, дзе жывуць меней за 10 чалавек, а то і па адным.

Ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкама падкрэсліваюць, што вучэбныя ўстановы зачыняюць толькі там, дзе мала дзятвы. Насамрэч, калі ў вёсцы хлопчыкаў і дзяўчынак па пальцах можна пералічыць, навошта траціць штогод вялікія сумы з бюджэту на эксплуатацыю школьных будынкаў? Плюс на зарплаты выхавацелям і педагогам? Прасцей да бліжэйшых школ арганізаваць падвоз на школьных аўтобусах.

У Віцебскім абласным тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасці (далей — «Віцебскаблмаёмасць». — Аўт.) канстатуюць, што будынкі школ можна выкарыстоўваць пад жыллё, для гаспадарчых патрэб і гэтак далей.

— Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў даручыў актывізаваць уключэнне ў гаспадарчы абарот закрытых школ і садкоў, больш актыўна шукаць і знаходзіць новых уласнікаў для будынкаў і збудаванняў, якія не выкарыстоўваюцца. Калі на працягу 6—7 месяцаў аб'ект не купілі, нават з паніжэннем пачатковай цаны (спачатку на 50, потым на 80%), яго можна прадаць за базавую велічыню. На момант нашай гутаркі па гэтай цане можна купіць каля 10 былых устаноў адукацыі, — расказаў нашаму карэспандэнту кіраўнік фонду «Віцебскаблмаёмасць» Міхаіл Паўлючкоў.

Увогуле на аўкцыённыя таргі выстаўлена 14 школ і дзіцячых садкоў. Аналагічныя аб'екты рэалізуюць і ў іншых абласцях. Напрыклад, у Петрыкаўскім раёне сям'я пасялілася ў былой школе. Там жа ўтрымліваюць скаціну, курэй...

22 снежня прадалі школу ў вёсцы Камары Віцебскага раёна. Пачатковая аўкцыённая цана — каля 42 тысяч рублёў. Прадалі з яе перавышэннем на 5% (за 45 тысяч).

— Будынак здалі «пад ключ» у 1969 годзе. Агульная плошча аб'екта больш за 1,7 тысячы «квадратаў». Знаходзіцца на міжнароднай трасе М-3 «Мінск—Віцебск» — за 5 кіламетраў ад Віцебска... Новы ўласнік плануе выкарыстоўваць набытую маёмасць у сваёй гаспадарчай дзейнасці — у 2017 годзе там будзе арганізаваны выраб пелет. Створаць 20 рабочых месцаў, — працягвае Міхаіл Паўлючкоў.

Змена профілю

Сёння можна купіць школы і садкі ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Бешанковіцкім, Віцебскім і іншых раёнах Віцебшчыны. Сярод іх драўляныя і мураваныя будынкі, адна- і двухпавярховыя, ёсць і ў тры паверхі. Найстарэйшая школа пабудавана ў 1950-я гады. А сярод параўнальна нядаўна ўзведзеных — комплекс школьных пабудоў (1995 года) у вёсцы Дрыгучы Мёрскага раёна. Агульная плошча перавышае 1,3 тысячы квадратных метраў.

А ў вёсцы Клюкаўка Аршанскага раёна можна набыць трохпавярховую базавую школу-садок агульнай плошчай каля 4 тысяч квадратных метраў. Зразумела, ёсць усе камунальныя выгоды.

Для параўнання, у вёсцы Пронскае, што за 5 кіламетраў ад Лёзна, прадаюць школьны будынак плошчай усяго каля 105 «квадратаў». Водазабеспячэння і каналізацыі няма.

У будынках, якія набылі новых гаспадароў, адкрыты вытворчыя майстэрні, цэхі. Адзін стаў лазняй...

Казарму возьмеце?

У самым цэнтры Віцебска на пешаходнай вуліцы Крылова прадаецца будынак, які ўзвялі да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Раней ён выкарыстоўваўся для грамадскіх патрэб. Цана пытання — 131 тысяча рублёў «новымі».

На вуліцы Будзённага таксама прадаецца гістарычная славутасць — будынкі былых казармаў артылерыйскай брыгады. Сярод іншага там ёсць і салдацкая чайная. У ідэале чаму б патэнцыйнаму пакупніку не стварыць там, напрыклад, спецыялізаваную кавярню? А казармы можна было б пераўтварыць у стыльны гатэль. Безумоўна, знаходжанне ў такім месцы запомнілася б надоўга. Турысты любяць нешта неардынарнае.

У абласным цэнтры прадаюцца і былая бібліятэка на ўскраіне, склад, вытворчая база...

Р.S. За непрыняцце мер па забеспячэнні эфектыўнага выкарыстання маёмасці да дысцыплінарнай адказнасці ў 2015 годзе прыцягнута 17 чалавек. Сярод іх супрацоўнікі выканкамаў і кіруючыя работнікі арганізацый (балансатрымальнікі). У 2016-м пакаралі 1 юрыдычную асобу і 8 службовых. Агульны памер штрафаў — 798 рублёў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кватэра і катэдж за... базавую велічыню

Каментары

Тэма закрыцця школ з’яўляецца надзённай менавіта для нас і менавіта цяпер. На сесіі ў раёне было аб’яўлена аб закрыцці нашай Чарневіцкай школы , што ў Глыбоцкім раёне, з 2017/2018 навучальнага года. У школе налічваецца 82 навучэнцы (65 вучняў школы і 17 выхаванцаў дзіцячага садка). Перспектыва на наступныя 5 гадоў трымаецца на ўзроўні 84-85 навучэнцаў. Больш 35 дзяцей да 3-х гадоў, якія яшчэ не наведваюць дзіцячы садок. Пытанне: чаму бацькам трэба адпраўляць сваіх дзяцей на вучобу за 13 кіламетраў—у суседнюю вёску, дзе сваіх мясцовых школьнікаў чалавек 20! Чарневічы—цэнтр аграгарадка—самага аддаленага ад раёна, але не безперспектыўнага: у 2015 годзе адкрыўся Дом культуры. На адкрыцці гэтай установы прысутнічаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка і старшыня райвыканкама Алег Віктаравіч Морхат. На сайце газеты “Витебские вести” ( 8.10. 2015) паведамлялася пра гэту падзею. На ўзвядзенне будынка Дома культуры і бібліятэкі спатрэбілася больш 6 млрд. рублёў. “…– На такие цели никогда не стоит жалеть денег, – подчеркнул Владимир Андрейченко, – потому что культура всегда отплатит за то, что в нее вложили, воспитает образованного человека. Важно отвлечь молодежь от пагубных привычек, создать необходимые условия для занятий спортом, развития творческих способностей. Хорошо, что в Глубокском районе в этом направлении проводится много работы, открываются новые социальные объекты. В Черневичах более 420 жителей. В школе занимаются 80 учеников, детский сад посещают два десятка ребят. Это и есть будущее деревни. К тому же сельчане всегда рады видеть приезжих молодых специалистов, которым предоставляют жилье, создают комфортные условия для труда и отдыха.” Як бачым, укладзены немалыя дзяржаўныя сродкі, вёска ажыла і культурнае жыццё яе паднялося на новы ўзровень. Тыпавы будынак школы, зроблены капітальны рамонт: заменены вокны, дзверы, ацяпленне, асвятленне, адрамантаваны дах. Навошта лавіць жорава ў небе, трымаючы сініцу ў руках. Мы, жыхары аграгарадка, спадзяёмся на разумнае размеркаванне дзяржаўных сродкаў і падтрымку такіх устаноў адукацыі з боку дзяржавы і мясцовы органаў улады.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.