17 Жнівень, пятніца

Вы тут

Праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі вынеслі на абмеркаванне


Праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, як і было абяцана, вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Знайсці яго поўны тэкст, які займае амаль чатыры з паловай сотні старонак, можна на партале Міністэрства адукацыі ў рубрыцы «У цэнтры ўвагі».


— Пакуль гэта яшчэ не законапраект. Законапраектам ён стане толькі тады, калі суб'ект заканадаўчай ініцыятывы ва ўстаноўленым парадку ўнясе яго ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Мяркуецца гэта зрабіць да 1 ліпеня. Але нам бы хацелася, каб і грамадскасць выказала сваю пазіцыю па праекце кодэкса, — падкрэсліў у гутарцы з журналістамі міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. — Меркаванне прафесіяналаў, якія працуюць на розных ступенях адукацыйнай сістэмы, як і меркаванне яшчэ адных удзельнікаў адукацыйнага працэсу — бацькоў выхаванцаў і навучэнцаў, — для нас вельмі важнае. Менавіта таму зараз да абмеркавання праекта падключыліся прадстаўнікі Савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Савета рэктараў ВНУ, грамадскіх арганізацый і іншыя зацікаўленыя. Канчатковы дакумент павінен атрымацца якасным і адпавядаць патрабаванням сучаснай сістэмы адукацыі.

Па словах Ігара Карпенкі, сёння ў цэнтры ўвагі міністэрства знаходзяцца пытанні павышэння кантролю за якасцю ведаў. «Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача аптымізацыі дзяржапарату. Будзе прааналізавана колькасць супрацоўнікаў міністэрства, функцыянальныя абавязкі, нейкія з іх будуць пераразмеркаваны. Частка паўнамоцтваў можа адысці нейкай структуры, якая і будзе займацца пытаннямі кантролю якасці. Можа быць, большыя паўнамоцтвы будуць прадастаўлены Рэспубліканскаму інстытуту кантролю ведаў», — патлумачыў міністр.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што пытанне якасці адукацыі залежыць ад шматлікіх фактараў. У прыватнасці, ад таго, наколькі сістэма адукацыі аператыўна рэагуе на патрэбы ў падрыхтоўцы тых ці іншых кадраў, наколькі актыўна працуе з заказчыкам. Каментуючы пытанне стварэння асобнага незалежнага агенцтва, якое б займалася кантролем якасці (а гэтага патрабуе дарожная карта Балонскага працэсу), міністр адзначыў: «Мы павінны дзейнічаць, найперш у інтарэсах нашай сістэмы адукацыі, у інтарэсах падрыхтоўкі кадраў для нашай эканомікі. Ніхто не супраць дарожнай карты, ніхто не супраць адзінай адукацыйнай прасторы, але ў нас таксама павінны быць свае інтарэсы».

Што датычыцца выбарнасці рэктараў, то міністр падкрэсліў, што не хацеў бы рабіць нейкіх гучных заяў, гэта пытанне неабходна абмяркоўваць, у тым ліку з Саветам рэктараў. У той жа час ён адзначыў, што існуючая сістэма прызначэння і ўзгаднення рэктараў, вылучэння рэктараў канкрэтнымі заснавальнікамі, у тым ліку прыватных ВНУ, апраўданая.

Як вядома, у праекце Кодэкса плануецца занатаваць дазвол праводзіць у шосты школьны дзень факультатыўныя заняткі не толькі для старшакласнікаў.

— Бацькі пазітыўна ўспрымаюць шосты школьны дзень, — дадаў Ігар Карпенка. — Яны радуюцца магчымасці пагутарыць з настаўнікамі-прадметнікамі, абмеркаваць пытанні, якія тычацца канкрэтна іх дзяцей, наколькі яны паспяхова засвойваюць альбо не засвойваюць той ці іншы вучэбны матэрыял.

На думку міністра адукацыі, не трэба актыўна ўмешвацца ў адукацыйны працэс канкрэтнай навучальнай установы. Ёсць нарматыўная база, ёсць праграмы, планы, канцэпцыя выхавання. І граматны, прафесійны педагагічны калектыў у стане разгарнуць працу ў школьную суботу ў адпаведнасці з нарматыўнай базай. Галоўнае, каб школы праявілі большую ініцыятыву і рацыянальна выбудавалі шосты школьны дзень, зрабілі яго паўнацэнным, вельмі карысным днём у школьным раскладзе.

Надзея НІКАЛАЕВА

nukаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Субота ў школьным раскладзе

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.

Грамадства

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

У балота альбо адразу ўлюбляешся, альбо не прымаеш яго.

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.