Вы тут

Ала Капыціч: Гліна для мяне, як лекі...


На ўскрайку прыгожай вёсачкі Соміна, якая славіцца самым глыбокім на Брэстчыне возерам (36 метраў!), жыве член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Ала КАПЫЦІЧ, майстар, дзякуючы якому адрадзіліся традыцыйныя палескія гліняныя цацкі. І не толькі.


— Вы, можа, ці памятаеце: некалі па вуліцах ездзілі так званыя анучнікі, — успамінае Ала Фёдараўна. — Яны збіралі розную старызну, а здатчыкам прадавалі свіцёлкі ў выглядзе птушачак. Я заўсёды бегала іх купляць і потым захоўвала, як самае дарагое.

Таму не дзіва, відаць, што пасля школы дзяўчынка паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча на аддзяленне керамікі; не дзіва, што, скончыўшы яго, атрымала накіраванне ў Акадэмію мастацтваў. Праўда, вучыцца там ёй не давялося, але прафесіі дзяўчына не здрадзіла.

— Гліна бывае розная, — расказвае Ала Фёдараўна, — чырвоная, белая, блакітная, жоўтая — у залежнасці ад дабавак-мінералаў. Яе можна купіць гатовую, аднак я люблю прыродную. Сама разведала дарогу ў вёску Гарадная, што на Століншчыне, і цяпер прывожу гліну адтуль. Праўда, і туды не з пустымі рукамі ездзіла — завозіла свае цацкі. Гарадчане ім вельмі здзіўляліся, а потым і самі ўзяліся рабіць. Цяпер там сучасны ганчарны цэнтр, людзі працуюць, грошы зарабляюць. Адзін ганчарны круг, што туды набылі, пад чатыры тысячы долараў каштуе. Сядзеш за такі і нават не ўмеючы нешта зробіш! Асалода за ім працаваць!

Той, за які садзіцца Ала Фёдараўна, высокі, быццам трон. Побач — міска з вадой, каб спалоскваць рукі.

Круг гудзе, рыпіць, круціцца... Невялічкі камячок гліны, як жывы, «прыслухоўваецца» да рук гаспадыні, выцягваецца, лашчыць пальцы яе далоняў — ператвараецца ў адмысловы гаршчочак.

— Вось якія мы атрымаліся! — хваліцца нарэшце майстар, трымаючы твор на шэрай мокрай далоні, і потым прызнаецца, што гліна для яе, як лекі, што ў Гарадной іх, гэтых лекаў, цэлае радовішча!

Яна сама наймае машыну і ездзіць туды за 150 кіламетраў. Сама капае і грузіць. Сама перабірае ад камянёў, каранёў і смецця... Дома замочвае ў вадзе, а «лішнюю» ў цэлафане закопвае ў зямлю на захаванне, каб потым, нават у маразы, можна было адрэзаць.

Але і тады гэта яшчэ не матэрыял: гліну трэба перацерці рукамі, замяшаць, сфармаваць у так званыя бабкі, якія потым і трапляюць на ганчарны круг.

— Працуеш і забываеш пра ўсё, — кажа майстар.

Потым, на толькі што сфармаваныя вырабы, яна запалкай, гелевым стрыжнем альбо драўляным стэкам наносіць узор і кладзе на прасушку: дробныя рэчы на суткі-паўтара, вялікія — часам на месяц, пасля чаго творы трапляюць у печ...

— Шмат клопату. А таму, напэўна, цяжка развітвацца са сваімі творамі? — пытаем у майстра.

— Так, сапраўды, жыццё іншы раз прымушае прадаваць, нават дарагія рэчы. Такіх вось лялек я зрабіла, напрыклад,толькі дзве. Рукі і ногі ў іх рухомыя, кветкі на сукенцы і пацеркі ў валасах — з гліны, вяночак таксама... Тонкая работа, укладзена столькі душы... Але я супакойваю сябе тым, што падарыла некаму радасць.

Не без таго: фігуркі птушачак, конікі, жабкі, змейкі, бабулькі на казе, дзядулі з гармонікам, Зюзя, пеўнікі... Усё эксклюзіўнае, цёплае навобмацак і нейкае роднае.

А яшчэ Ала Капыціч распісвае куфры, малюе: яе пейзажы, нацюрморты, партрэты ўпрыгожваюць сцены дома. Аднак захапленне глінай — справа жыцця.

З апошняга Міжнароднага пленэру, на які ў Гарадную з'ехаліся майстры народнай творчасці з 12 краін свету, Ала Капыціч прывезла Дыплом пераможцы. Не першы і, вядома ж, не апошні.

Валянціна БОБРЫК, г. Івацэвічы

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.