Вы тут

Працяг гісторыі, як замежны бацька звёз сына-беларуса за мяжу


У беларускі няма сродкаў, каб трапіць на суд у Германію, дзе будзе вырашацца, з кім застанецца дзіця

Мілан, якога яго тата Мухамад у лістападзе вывез з Беларусі, знайшоўся на тэрыторыі Германіі. Выезд дзіцяці за межы краіны абмежаваны да суда, прызначанага на 6 сакавіка. Ганне, маці хлопчыка, нямецкі бок даслаў афіцыйнае запрашэнне, каб яна змагла прысутнічаць на разглядзе справы і тыдзень пабыць з малым. Такі станоўчы кірунак развіцця гісторыі псуецца толькі адным — адсутнасцю ў беларускі грошай на дарогу і пражыванне ў Германіі.


А адвакат бясплатны?

Нагадаем, што Мухамад, грамадзянін Лівана, на пачатку лістапада без ведама сваёй жонкі Ганны вывез іх агульнага 7-гадовага сына за мяжу, каб атрымаць статус бежанца ў Германіі. Каб адшукаць уцекачоў на тэрыторыі замежнай дзяржавы, спатрэбілася доўгая падрыхтоўчая работа па зборы дакументаў і наладжванні сувязі паміж юрыдычнымі ведамствамі дзвюх краін.

Цяпер Ганна перапісваецца з Федэральным ведамствам юстыцыі Германіі асобна, з Міністэрствам юстыцыі Беларусі — асобна. Адказы на пытанні пра тое, як вядзецца справа, нямецкі бок дубліруе і жанчыне, і міністэрству. Пры гэтым пра кожны новы ліст Мінюст інфармуе жанчыну і цікавіцца, ці патрэбна ёй дапамога па перакладзе ці тлумачэнні атрыманага дакумента.

— У Мінюсце з мяне ўзялі распіску, што я буду весці перапіску з нямецкім бокам сама, і ўсе паштовыя выдаткі бяру на сябе. Я пішу ім, атрымліваю адказы, прашу знаёмых, каб паперы перакладалі. А непасрэдна ў Германіі мае інтарэсы прадстаўляе знаёмая. Яна не адвакат, аднак я дала ёй даверанасць, каб у яе была магчымасць тэлефанаваць у нямецкае ведамства юстыцыі і пытацца, што адбываецца.

Ганна збірала паперы і дасылала іх у Германію, каб пацвердзіць, што не валодае даходам, які дазваляе аплаціць адваката. Яго паслугі каштуюць прыкладна 10 000 еўра, а канчатковая сума вырашыцца пасля завяршэння справы. Для жанчыны гэта непад'ёмная сума. Да таго ж, калі Ганна прайграе і Мілана прысудзяць пакінуць з бацькам, яна мусіць, як ёй растлумачылі, выплаціць усе расходы, якія панесла Германія пры разглядзе гэтай справы.

Ці ўлічыць суд фінансавае становішча жанчыны і выдзеліць бясплатна сацыяльнага адваката, які прадстаўляў бы інтарэсы Ганны ў судзе ў Германіі, пакуль не вырашана.

— Федэральнае ведамства юстыцыі Германіі паведаміла, што адразу праінфармуе нас і Ганну, як толькі суд г. Хам вынесе рашэнне аб аказанні бясплатнай юрыдычнай дапамогі, — растлумачыла Марына ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Дарога ў Хам

Нямецкі суд прадпісаў асабісты ўдзел абодвух бацькоў у пасяджэнні пры разглядзе справы аб вяртанні Мілана. Цяпер перад Ганнай паўстала яшчэ і пытанне аплаты праезду і пражывання ў Германіі да і падчас суда.

— Юрыдычнае ведамства Германіі прапануе мне прыехаць за тыдзень да суда, каб я магла пабыць з сынам. Пры гэтым я не магу спыніцца ў знаёмых — патрэбна асобнае здымнае жыллё з магчымасцю нармальна пражываць і гатаваць ежу, і каб нікога не было побач з чужых. Я не ведаю, адкуль мне ўзяць грошы, дзе я там буду жыць і ў колькі гэта ўрэшце мне абыдзецца. Аднак адмовіцца ад прысутнасці на судзе я таксама не магу, бо ўрэшце яны спытаюцца, ці патрэбны мне ўвогуле сын.

Знаёмая Ганны, якая дапамагае ёй трымаць сувязь з нямецкімі органамі юстыцыі на месцы, на судзе прысутнічаць не зможа, бо слуханне закрытае.

— На кансультацыі ў Мінюсце, калі я пыталася, за чый кошт я паеду ў Германію, калі гэта спатрэбіцца, мне вусна сказалі, што пры наяўнасці афіцыйнага запрашэння адтуль мне ўсё аплацяць. А пазней у міністэрстве мне параілі папрасіць нямецкі бок аплаціць гэтыя расходы, раз я ўжо звярталася па бясплатнага адваката.

У Міністэрстве юстыцыі Беларусі карэспандэнту «Звязды» растлумачылі:

— Нямецкі суд у лісце адзначыў, што Ганна можа падаць хадайніцтва (у нямецкі судовы орган) аб матэрыяльнай дапамозе на пакрыццё дарожных расходаў і судовых расходаў на працягу тыдня, калі выконваюцца ўмовы бясплатнай юрыдычнай дапамогі. Гэтай інфармацыяй жанчына валодае, больш таго, яна таксама атрымала такі ж ліст. Ганна сказала, што з улікам тэрміну, устаноўленага нямецкім судом, яна самастойна накіруе ў Федэральнае ведамства юстыцыі хадайніцтва аб матэрыяльнай дапамозе і адкажа на ўсе пытанні нямецкага суда.

Ганна звярнулася да нямецкага боку з тлумачэннямі, што не зможа аплаціць дарогу і пражыванне ў Германіі, і папрасіла пасадзейнічаць у рашэнні фінансавага пытання. Аднак адказу пакуль не атрымала.

10 лютага Ганна адаслала электронныя лісты таксама ў Мінюст і Міністэрства замежных спраў Беларусі, дзе акрэсліла свае фінансавыя цяжкасці і папрасіла дапамогі.

— Міністэрства юстыцыі як цэнтральны орган, які дзейнічае ў межах Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей, прымае і накіроўвае на разгляд заявы, супрацоўнічае з адпаведнымі цэнтральнымі органамі замежных дзяржаў і дае інфармацыю агульнага характару адносна заканадаўства краіны аб прымяненні Канвенцыі. Іншымі функцыямі ў межах Канвенцыі Міністэрства юстыцыі не надзелена і як орган дзяржаўнага кіравання ў сферы юстыцыі не мае права прадстаўляць інтарэсы грамадзян, у прыватнасці, садзейнічаць у фінансавай дапамозе. Так што заяў аб грашовай дапамозе ад нас паступіць не магло, — запэўнілі ў Мінюсце і падкрэслілі, што знаходзяцца ў пастаянным кантакце з нямецкім ведамствам юстыцыі адносна справы гэтай сям'і.

Пасля таго як Мухамада і Мілана знайшлі ў Германіі, муж Ганны адзін раз пазваніў ёй.

— Ён угаворваў мяне вырашыць справу мірна, без суда. Я, зразумела, пагадзілася і параіла яму напісаць заяву ў дзяржструктуры Германіі, што ён дабравольна аддае мне дзіця. Ён адмовіўся і прапанаваў мне не перашкаджаць яму і даць магчымасць атрымаць у Германіі статус бежанца. Пасля, маўляў, прыедзеш да нас з Міланам і будзем жыць усе разам. Ясна, што я не пагадзілася. Пасля той размовы ён на сувязь не выходзіў.

Жанчына вельмі перажывае, што за чатыры месяцы жыцця без школы і рэжыму дня Мілану магла спадабацца такая свабода і ён скажа, што яго ўсё задавальняе. Даведацца, што думае і адчувае малы, можна толькі правёўшы з ім той тыдзень, які прапануецца нямецкім бокам. Аплаціць стасункі з сынам у Германіі Ганне па-ранейшаму няма чым. Спадзяванні застаюцца толькі на нямецкі бок, які пагодзіцца выдаткаваць грошы. А часу да суда застаецца ўсё менш...

P.S. Пакуль вярстаўся нумар, стала вядома, што нямецкі бок даслаў адказ: Ганне акажуць бясплатную юрыдычную дапамогу. Ёй ужо прызначылі адваката, кантакты якога паведамяць дадаткова і асабіста. Таксама ёй аплацяць дарожныя расходы ў Германію.

Будзем сачыць за развіццём падзей.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ці вернецца сын да маці, залежыць ад... грошай?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.