28 верасня, панядзелак

Вы тут

Маці вярнула сабе сына


Нямецкі суд па справе 7-гадовага беларуса, якога ўласны тата-ліванец вывез у Германію, спрабуючы атрымаць там статус бежанца, скончыўся на карысць маці. 11 сакавіка Ганна разам з сынам вярнуліся на радзіму.


Гісторыя, за развіццём падзей якой сачыла «Звязда», цягнулася амаль чатыры месяцы. За гэты час жанчына не бачыла сына і мела досыць прыблізныя звесткі пра яго месцазнаходжанне і ўмовы жыцця. Яна магла адно здагадвацца, чым скончыцца справа, і толькі спадзявацца на тое, што шматстаронкавая электронная і папяровая перапіска з рознымі ведамствамі Беларусі і Германіі прынясе станоўчы вынік.

Суд, які павінен быў вырашыць, з кім застанецца хлопчык, як і планавалася, адбыўся ў горадзе Хам 6 сакавіка. Ганна змагла прысутнічаць на ім, атрымаўшы ад нямецкага ведамства юстыцыі абяцанне грашовай падтрымкі на дарожныя расходы, адваката і аплату двух дзён пражывання ў Германіі. Але гэта пасля разгляду справы, а найперш трэба было як мінімум набыць білеты. Якім чынам і дзе жанчына са сціплым дастаткам шукала грошы, вядома толькі ёй і людзям, якія дапамаглі Ганне трапіць да сына.

Федэральнае ведамства юстыцыі Германіі паведаміла Міністэрству юстыцыі Беларусі, што бацька хлопчыка добраахвотна пагадзіўся вярнуць сына маці, і папрасіла беларускі бок праінфармаваць іх, ці паспяхова дабраліся беларусы дахаты.

Зараз Ганна настолькі вымучана перажытым, што не хоча ўспамінаць пра суд, вяртанне, разважаць пра будучыню, пра шлюб з Мухамадам, які яна настойліва вырашыла скасаваць. Жанчына стамілася камусьці штосьці даказваць, адстойваць свае мацярынскія і чалавечыя інтарэсы і напружвацца.

Цвёрдую пазітыўную кропку ў гэтай гісторыі пакуль можна ставіць прынамсі ў адным пункце — «маці вярнула сабе сына». Што датычыцца астатняга, пытанняў для роздуму застаецца шмат. Інтэрнат, дзе жыве жанчына, сям'я атрымала ад работы мужа. Наўрад ці яна зможа застацца там пасля скасавання шлюбу. Вяртацца дадому да бацькоў з сынам? Хлопчык прапусціў дзве школьныя чвэрці. Аднаўляць першакласніку вучобу напрыканцы школьнага года ці пачынаць нанова наступным вераснем?

Ганна хоча проста жыць спакойна разам з сынам, каб ёй перасталі задаваць розныя нязручныя пытанні і тым больш рабіць высновы, чаму ў яе жыцці адбылося так, а не інакш. Быццам камусьці з нас збоку відаць лепш, з кім жанчына павінна была будаваць сям'ю, ад каго нараджаць і пра што думаць. Дык шмат у каго не атрымліваецца шчасце і з «беларускім Васькам», і з «заморскім Мухамадам». І нібыта ёсць сярод нас тыя, хто ідэальна правільна ды дакладна ўсё робіць. Хочацца толькі пажадаць маці з сынам хутчэй заспакоіцца ад перажытага і працягваць будаваць уласнае незалежнае шчасце, без аглядкі на чыесьці меркаванні.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Шчаслівы фінал

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.