Вы тут

Можна ўздыхнуць з палёгкай?


У ЗША пачалася новая хваля выкрыццяў злоўжыванняў падчас прэзідэнцкіх выбараў. Калі пасля перамогі Трампа ў ёй сумняваліся ў асноўным яго апаненты, якія не маглі паверыць у свой пройгрыш, то цяпер абмеркаванне гэтай тэмы ініцыяваў сам Белы дом.


Як заявіў старшы дарадца Дональда Трампа па палітычных пытаннях Стывен Мілер у інтэрв'ю тэлеканалу ABC, існуе мноства доказаў фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах. Як высветлілася, падчас выбараў адны і тыя ж людзі галасавалі ў розных штатах, прыходзілі галасаваць нябожчыкі, а вялізная колькасць тых, хто прагаласаваў, наогул не былі грамадзянамі краіны. Варта меркаваць, што гаворка ў выступленні Мілера наўрад ці ідзе пра тых, хто прагаласаваў за Дональда Трампа, хутчэй за ўсё, гэта яшчэ адзін удар па дэмакратах.

Раніцай 12 лютага Паўночная Карэя запусціла чарговую балістычную ракету. На думку экспертаў, гэта стала рэакцыяй альбо на перагаворы японскага прэм'ер-міністра з Дональдам Трампам у Вашынгтоне, альбо на заяву прэзідэнта ЗША аб тым, што нейтралізацыя ядзернай і ракетнай пагрозы з боку КНДР з'яўляецца прыярытэтнай задачай. Нагадаем, што падчас выбарчай кампаніі будучы прэзідэнт ЗША дастаткова жорстка адазваўся аб адносінах амерыканцаў з японцамі, нават параіўшы ім займець сваю ядзерную зброю, каб быць здольнымі абараніць сябе самастойна. Зразумела, з улікам гэтага візіт быў вельмі значны для Японіі. Гэтая краіна вельмі ўразлівая з пункту гледжання аддаленасці ад саюзнікаў і акружаная краінамі, насельніцтва якіх да гэтага часу не можа дараваць японцам жахаў акупацыі часоў Другой сусветнай вайны. Як і з многімі рэчамі, прадэклараванымі падчас кампаніі Дональдам Трампам, тут адбыліся важныя змены. Японскі прэм'ер-міністр атрымаў усе неабходныя запэўненні ў поўнай падтрымцы з боку амерыканцаў. Дональд Трамп выказаўся зусім недвухсэнсоўна: «Я толькі хачу, каб усе зразумелі і цалкам усвядомілі: ЗША падтрымліваюць Японію, свайго цудоўнага саюзніка, на сто працэнтаў». Ну а Паўночная Карэя, нагадаўшы пра сябе такім чынам, можа атрымаць толькі чарговыя санкцыі.

Самым важным пытаннем тыдня, пасля абвяшчэння пазіцыі ЗША, пасля якога з палёгкай уздыхнулі вядучыя эканамісты свету, сталі адносіны ЗША і Кітая. Нагадаю, падчас выбарчай кампаніі Дональд Трамп вельмі агрэсіўна паводзіў сябе ў адносінах да КНР, вінавацячы кітайцаў у бедах амерыканскай эканомікі. А пасля выбараў ён пачаў актыўныя кантакты з Тайванем, чаго не было ўжо гадоў сорак з лішнім у дзеяннях іншых амерыканскіх прэзідэнтаў. Усё гэта вельмі хвалявала дасведчаных у эканоміцы экспертаў, паколькі ЗША і Кітай — дзве найбуйнейшыя эканомікі свету, і прамы канфлікт паміж імі можа вельмі негатыўна адбіцца на ўсёй сусветнай эканоміцы, якая і так перажывае вельмі няпростыя часы. Але 8 лютага Трамп накіраваў Сі Цзіньпіну пісьмо, у якім заявіў, што спадзяецца на супрацоўніцтва, а 9 лютага паміж двума лідарамі адбылася размова, якую сам Трамп ахарактарызаваў на наступны дзень як «сардэчную». Таксама стала вядома, што Дональд Трамп пагадзіўся і далей прытрымлівацца палітыкі «адзінага Кітая», што зноў адсоўвае Тайвань на задворкі. Хочацца спадзявацца, што гэтая лінія будзе развівацца і далей, гарантуючы сусветнай эканоміцы засцярогу ад новых шокаў, да якіх яна не гатовая. Хоць усё яшчэ не вырашана пытанне аб тым, ці будзе Белы дом уводзіць высокія мытныя пошліны супраць кітайскіх тавараў, каб стымуляваць прамысловую вытворчасць у ЗША, як абяцаў падчас выбарчай кампаніі Трамп.

У Беларусі ў нядзелю ўступіў у дзеянне бязвізавы рэжым з 80 краінамі свету, грамадзяне якіх цяпер могуць наведаць нашу краіну на пяць дзён праз мінскі аэрапорт. Чакаецца, што паток турыстаў, які павялічыцца, дасць дадатковыя даходы беларускай эканоміцы і новыя стымулы для інвестыцый. Бізнесмены змогуць прыязджаць у Беларусь на перагаворы з нагоды рэалізацыі новых праектаў па першым жаданні. Будуць прыязджаць і звычайныя турысты. З часам узрасце загрузка гасцініц, больш будзе наведвальнікаў у сферы грамадскага харчавання, больш будзе купляцца сувеніраў і розных тавараў у беларускіх крамах. З часам, але не адразу, паколькі інфармацыя аб увядзенні бязвізавага рэжыму будзе распаўсюджвацца дастаткова павольна, і не ўсе ахвотныя наведаць Беларусь даведаюцца пра такую новую магчымасць зрабіць гэта без лішняга клопату ў найбліжэйшыя месяцы.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.