Вы тут

Як партызаны выратавалі ў 1944 годзе маленькіх «донараў»


У адну з лютаўскіх начэй 1944 года партызаны брыгады «Штурмавая» вывезлі з Сёмкаўскай школы-інтэрната 274 выхаванцы.

У прысталічным Сёмкаве, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны немцы ўтрымлівалі маленькіх «донараў», адбыўся мітынг-рэквіем. Успомнілі партызанаў, якія выратавалі дзяцей ад бесчалавечных вопытаў акупантаў. Ушанавалі памяць тых, каму не пашчасціла дажыць да гэтага дня...


Дзіцячы дом у Сёмкаве быў створаны ў канцы 1920-х гадоў на базе былой шляхецкай сядзібы. Дзеці, якія пасля рэвалюцыі засталіся без бацькоў, знайшлі тут для сябе прытулак. Калі пачалася Вялікая Айчынная, дзіцячы дом эвакуіраваць не паспелі. Малодшыя разбегліся па вёсках, старэйшых забралі ў войска. Астатнім не было куды ісці і разам з некаторымі выхавацелямі яны засталіся тут, ужо пры новай уладзе. У школу-інтэрнат зганялі беспрытульнікаў з навакольных вёсак. Вядома, што знаходзіліся тут і дзеці са Ржэва, Вязьмы, Смаленска.

Менавіта адтуль прывезлі ў інтэрнат і васьмігадовую Ніну Кабанаву. Бацьку павесілі, маці і дзве сястрычкі загінулі ў канцлагеры.

— Я засталася жывой дзякуючы партызанскай сувязной брыгады «Штурмавая» Ганне, — расказвае Ніна Пятроўна. — Калі бралі кроў, яна загадала мне прыбраць у яе пакоі. Я прыйшла, а там чыста. Ганна дапамагала многім дзецям, яе потым расстралялі...

Ад недахопу прадуктаў харчавання дзеці хварэлі, некаторыя паміралі. Выжывалі, як маглі. Супрацоўнікі дзіцячага дома былі цесна звязаны з мясцовай партызанскай брыгадай «Штурмавая». Вядома, што выхаванцы ўдзельнічалі ў пэўных партызанскіх аперацыях. А тым часам немцы пад выглядам таго, што робяць прышчэпкі ад тыфу, бралі ў дзяцей кроў. Тых, для каго гэтая «працэдура» станавілася смяротнай, спальвалі ў Трасцянцы...

Даведаўшыся пра масавы забор крыві, які рыхтавалі гітлераўцы, партызаны адважыліся на беспрэцэдэнтную аперацыю па вызваленні дзяцей. Яе правядзенне ўскладнялася тым, што непадалёку знаходзіліся нямецкія гарнізоны, трэба было перайсці стратэгічную для немцаў шашу Маладзечна—Астрашыцкі Гарадок. Любы пракол каштаваў бы вялікіх страт сярод дзяцей. На шчасце, аперацыя прайшла паспяхова, прычым без ніводнага стрэлу!

У памяць аб партызанскім подзвігу, а таксама аб дзецях, якія не дажылі да таго шчаслівага дня, у 2014 годзе на месцы Сёмкаўскай школы-інтэрната ўсталявалі мемарыяльную дошку. А неўзабаве зямля, без перабольшання палітая дзіцячая крывёй, папоўніць нішы храма-помніка ў гонар Усіх Святых, што ў Мінску.

— У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці беларус, а як падлічыць колькасць дзяцей, закатаваных да смерці? — гаворыць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. — Многіх з іх спальвалі ў печах крэматорыя, некаторых вывозілі з краіны. У Беларусі было створана 14 такіх цэнтраў па зборы крыві. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях былі нават спецыяльныя атрады, якія ездзілі па вёсках і адбіралі дзяцей у бацькоў. Падлетак ідзе па вуліцы — хапалі і вывозілі.

Трагедыя маленькіх беларусаў у гады вайны настолькі ўразіла пісьменніка, што ім, а таксама іншым маленькім «донарам» ён прысвяціў кнігу «Аперацыя «Кроў». Падштурхнулі і тыя падзеі, якія адбываліся на яго ўласных дзіцячых вачах. «Працуючы над кнігай, я меў на мэце не проста расказаць праўдзівую гісторыю, а нагадаць немцам, каб яны памяталі аб тым, што іх продкі парабілі на нашай зямлі, а таксама не імкнуліся больш перапісваць гісторыю», — заўважыў Мікалай Чаргінец.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра ПАЎЛЮКОВІЧА

Загаловак у газеце: Штурм пад покрывам ночы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.