Вы тут

Францыск Скарына. Да вечна жывога жыцця...


Як у каштоўным камені моц

 

1

Паведамляе святы Іаан

у сваім евангеллі,

што наш Збаўца

сказаў: «Дагэтуль

я гаварыў Вам у прыпавесцях,

але настае гадзіна,

калі ўжо не буду

у прыпавесцях гаварыць,

а яўна

вам абвяшчу аб маім Айцу».

 

2

Гасподзь Бог

раней, чым прыняў чалавечанства

ад прачыстай

Дзевы Марыі,

многа разоў гаварыў

з намі ў прыпавесцях

праз абраных

Божых людзей — праз святых

айцоў і прарокаў,

а болей за ўсё

праз прамудрага Саламона.

 

3

Цар Саламон прасіў

у Госпада Бога,

каб Гасподзь Бог

з усіх сваіх незлічоных дарункаў

даў яму мудрасць і розум.

І Гасподзь Бог яму адказаў:

«За тое,

што ты не прасіў

ні многіх гадоў жыцця,

ні багацця,

ні душаў

сваіх варагоўнікаў і супрэчнікаў,

а прасіў

сабе толькі мудрасці,

каб умець

судзіць чалавечыя справы,

паводле слова твайго зраблю

і дам

табе разумнае сэрца —

так што падобнага да цябе

перад табой не было

і пасля цябе не паўстане».

 

4

І Гасподзь Бог

даў цару Саламону

мудрасць вялікшую,

чым даваў

калі-небудзь іншаму чалавеку:

таму й называецца ён прамудры,

таму й славуты між іншых.

Калі ж імя яго растлумачыць

па-наскаму — дык яно

азначае мірны,

альбо спакойлівы,

бо нездарма

ў часы Саламонава царавання

спакой панаваў

і ўладарыў мір.

 

5

Для нашага навучання

цар Саламон напісаў

тры кнігі:

першая кніга — «Парабалы», ці, інакш,

«Прыпавесці», альбо «Прытчы»;

другая — «Эклезіяст»,

што азначае «Саборнік»,

а трэцяя «Песня песняў».

У іх,

у згодзе з Божым загадам,

цар Саламон абявіў

сваю мудрасць, як сам ён кажа

у «Прыпавесцях» пра гэта:

«Хіба не пісаў я табе

у трох чынах тройчы?..»

 

6

У «Прыпавесцях» цар Саламон

піша пра мудрасць

і пра навуку,

пра добрыя звычаі

і пра запаветы,

пра тое,

як жыць чалавеку на гэтым свеце

і што рабіць.

Сам ён пра гэта сведчыць,

кажучы ў самым пачатку:

«Прыпавесці Саламона,

Давыдава сына,

Ізраільскага цара —

каб мудрасць спазнаць,

каб навуку ўведаць

і словы розуму зразумець».

 

7

Піша ў «Эклезіясце»

цар Саламон пра марнасць

клопатаў чалавечых.

пра безразважлівасць,

пра нядбальства,

якія падточваюць моц

і набыткі губяць,

а гэтаксама пра нетрываласць

таго, што ёсць.

 

8

Ён зазначае:

«Словы Эклезіяста,

Давыдава сына,

Ізраільскага цара.

Марнасць над марнасцю

і ўсё марнасць».

І ад учынкаў згубных,

спраў непатрэбных,

клопатаў марных,

якімі населены свет,

адводзіць

нас гэтаю кнігаю,

каб прывесці

да вечна жывога жыцця

і нябеснага свету.

 

9

У «Песні песняў» гаворыць

цар Саламон пра тую

вялікую ўцеху,

якую будзе

мець з Госпадам Богам душа

у нябесным царстве,

калі ў любові Госпада Бога

скончым зямное жыццё,

што поўна зману і тлуму.

Сваю навуку

цар Саламон уклаў

у прыклад прыгожы,

паказваючы жаніха і яго нявесту,

што кажа: «Цалуй

мяне пацалункам вуснаў сваіх!», —

і прыклад

гэты датрымліваючы да канца.

 

10

Кніга, якую мы тут друкуем,

мае найменаванне

«Прыпавесці», альбо «Прытчы» —

яны, кажучы пра адно,

маюць на ўвазе другое

і простымі словамі азначаюць,

што не з’яўляецца простым,

і болей, чым абвяшчаюць,

тояць, і мусяць

не гэтак, як мовяцца, разумецца,

але праз гэта.

 

11

Дзеліцца кніга «Прыпавесцяў»

на тры часткі.

І выкладаецца першая частка так,

быццам шматмудры бацька,

што зведаў у самых розных

праявах жыццё, навучае сына

мудрасці,

рупнасці,

розуму,

боязі Божай

і іншым цнотам,

першаасноўным у нашым жыцці.

 

12

У частцы другой

гэтай кнігі апавядае

цар Саламон мноства прыпавесцяў —

ні дзеяй,

ні зместам сваім яны

не лучацца між сабой,

і нічога

не мае агульнага з папярэдняй

наступная прыпавесць,

бо ў сабе

кожная з іх змяшчае

сваю адметную дзею

і свой адмысловы змест.

 

13

Змяшчаюцца ў трэцяй частцы

прыпавесці, якія

казаў у свой час Саламон,

а сабралі мужы,

навучаныя Эзекіяй,

што стаўся царом

пасля Саламонавай смерці.

Калі параўнаць

дзве папярэднія часткі

з гэтай апошняй,

дык можна ўбачыць,

што прыпавесці ў ёй

таемнейшыя, чым у тых

дзвюх першых.

 

14

Цар Саламон абвясціў

тры тысячы прыпавесцяў і склаў

пяць тысяч вершаў.

Распавядаў

ён, апрача таго,

пра ўласцівасці зёлак

і асаблівасці дрэў — ад кедра,

які расце

на слыннай Ліванскай гары,

да красвеня,

што ля муроў

красуе ціхмяна.

 

15

Яшчэ таксама

мудра казаў пра звяроў,

што ходзяць па ўлонні зямлі,

і гадаў,

што поўзаюць пад зямлёй,

пра птушак,

што лётаюць у паднябессі,

і рыбін,

што плаваюць у марскіх

і рачных глыбінях, —

як піша пра гэта

трэцяя кніга Царстваў

Ізраільскіх цароў.

 

16

Гэтую кнігу чытаць карысна

усякаму чалавеку,

бо ўсякі

з яе будзе мець спажытак:

разумны і неразумны,

багаты і бедны,

стары й малады,

а найболей тыя,

што хочуць укараніцца

у звычаях добрых,

навуку зведаць,

да мудрасці прышчапіцца.

 

17

Калі яны возьмуць у сэрца

і спраўдзяць тое,

што прыпавесці запавядаюць,

дасца ім поўніца

дзён і гадоў жыцця,

і мір увянчае іхнія справы,

і не пакіне іх праўда і міласэрнасць,

як кажа пра гэта

сам цар Саламон.

 

18

Як у каштоўным камені моц,

як ядро ў арэху,

 як золата ў зямлі,

гэтак мудрасць

у прыпавесцях схавана,

і хто яе знойдзе,

той знойдзе ласку Гасподнюю

і здабудзе

Гасподняе багаславенне.

 

19

Калі прыйдзе мудрасць

да чалавека — з ёю

прыйдзе ўсё добрае разам,

і ўздасца яму хвала,

і пашана яго акружыць,

і слава яму ўслугуе,

бо мудрасць —

настаўніца ўсякаму

добраму ўменню і маці

усім добрым справам.

 

20

У ёй жыве дух:

адзіны,

шматстайны,

разумлівы,

сціплы,

праўдзівы,

дбайны,

гожы,

спагадлівы,

красамоўны,

чысты,

салодкі,

шчыры,

няхіблівы,

дабратворны, —

дух, які мае ў сабе пялюстак

усякае добрае цноты,

а сам ёсць кветка

усіх незлічоных цнотаў.

 

21

І вось, разумеючы,

што без праўдзівай боязі Божай,

звычаяў добрых

і мудрасці

людзі не змогуць

у згодзе і ў пашаноце,

як людзям належыць,

жыць на зямлі, —

я, Францішак,

Скарынаў сын, загадаў

рускаю моваю друкаваць

«Прыпавесці», альбо «Прытчы»,

прамудрага Саламона,

Давыдава сына,

Ізраільскага цара.

 

22

Найперш — для ўшаны

і для ўвасхвалення

нашага Збаўцы,

Стваральніка і Суцяшальніка

Госпада Бога,

адзінага ў Тройцы,

і найсвяцейшай

Прачыстае Божае Маці Марыі,

а гэтаксама ўсяго

нябеснага чыну

і ўсіх святых,

і ўгоднікаў Божых.

 

23

Тады —

усім паспалітым людзям

для ўжытку і памнажэння

звычаяў добрых:

каб, мудрасці паспытаўшы,

жылі на свеце,

не чынячы шкоды нікому

і славячы Госпада так,

як таго вымагае

высокасць вялікая і вяльможнасць

яго святога імя.

 

24

Піша прамудры цар Саламон

у «Прыпавесцях» пра мудрасць,

пра веды,

пра Божую боязь,

пра Божую службу,

пра пакаранне нораваў негадзівых,

пра навучанне звычаям добрым

і цнотам жыццёвым,

угодным

Богу і людзям.

 

25

Піша пра ўчынкі,

якія ўводзяць у згубу,

пра справядлівасць,

пра зманы жаноцкія,

пра благіх і добрых цароў,

пра суддзяў,

пра хціўцаў,

пра марнаслоўцаў,

пра розных звяроў і звычкі,

якімі яны вызначаюцца,

 і яшчэ

пра многія іншыя справы,

сярод якіх

многа няпростых для разумення.

 

26

Гэтая кніга ў сабе змяшчае

трыццаць адзін раздзел

і таксама

парадкуецца, як «Псалтыр»,

як «Іоў»,

як «Ісус Сірахаў».

Дзеліцца кожны раздзел,

у сваю чаргу,

на меншыя падраздзелы,

якія нагадваюць вершы

альбо выслоўі

і прыпавесці ўяўляюць,

што, зрэшты, сам,

чытаючы — ўбачыш,

убачыўшы — зразумееш.

 

Што ўкладае Філон Філосаф у вусны свае

 

1

Гэтую кнігу,

што мае найменне «Кніга

Прамудрасці», напісаў

па-грэцку Філон Філосаф,

як зазначае ў прадмове

да перакладу свайго

на лацінскую мову

святы Герасім.

І напісаў

за сто шэсцьдзясят шэсць гадоў

да Ісуса Хрыста,

у часы

Пталамея Філапатара,

егіпецкага цара,

што быў шосты —

пасля Аляксандра Вялікага —

цар.

 

2

Як пэўна,

што цар Саламон абвясціў

многія мудрыя прыпавесці і вершы,

пра што

згадвае трэцяя кніга Царстваў,

таксама пэўна,

што кніга Прамудрасці ўзнікла

са слоў Саламонавых —

і пра гэта

даведваемся, прынамсі,

з яе самой.

 

3

Бо што ўкладае Філон Філосаф

у вусны свае,

калісьці

цар Саламон укладаў у свае,

напрыклад:

«Божа,

абраў ты мяне царом

народа твайго

і суддзёю

сыноў і дачок тваіх

і загадаў, каб храм

я збудаваў на сваёй гары…»

Саламон

вымавіў гэтыя словы,

калі прасіў

мудрасці ў Бога.

 

4

Філон Філосаф паходзіў

з калена Левіява

і жыў

у горадзе Александрыі

праз дужа вялікі прамежак часу

пасля цара Саламона,

аднак

меў нейкія аркушы

слоў Саламонавых і напісаў,

іх скарыстаўшы,

гэтую кнігу.

 

5

Яна

таму наймяноўваецца «Прамудрасць»,

што ў ёй

пішацца аб вечнаіснай

Прамудрасці Божай,

якая ёсць Божае Слова,

а менавіта —

наш Збаўца Ісус Хрыстос.

Раней,

чым адкрылася свету

гэтая таямніца,

яе адкрыў цар Саламон.

 

6

Прамудрыя справы

сабраныя ў гэтай кнізе —

сама ж яна

распадзяляецца на дзве часткі.

У першай частцы

прыводзімся мы

да спазнання прамудрасці

шляхам развагі і роздуму —

у ёй

апавядаецца пра справядлівасць,

пра чалавечую праведнасць,

пра дасканаласць,

пра чыстыя душы

і Дух Святы.

 

7

Пра здрадную раду

габраяў няверных,

што змовіліся аддаць

Божага Сына

бязгрэшнага

на ўкрыжаванне,

і пра святых

мучанікаў, што прынялі

пакуты вялікія дзеля Бога,

і пра загубу мучыцеляў,

і пра тое,

як многа карысці

дае Прамудрасць —

яна ж чалавеку

Госпадам Богам самім

даецца.

 

8

Прыводзімся да спазнання

Прамудрасці Божай

у частцы другой

праз прыклад — у ёй,

пачынаючы ад Адама

і канчаючы Майсеем

і тымі людзьмі,

якіх ён вывеў з Егіпта,

прыводзяцца ўзоры з жыццяў

святых айцоў

і расказваецца, як многа

дабра і якія вялікія цуды

ім учыніў сваёю

Прамудрасцю Бог.

 

9

Адводзіць Прамудрасць

ад пакланення

паганскім стодам і балванам

і прыводзіць

да спасціжэння

Бога-Тварца праз рэчы,

якія ствараліся ім

і відаць

вачам чалавечым.

 

10

Знойдзеш,

чытаючы, у гэтай кнізе

роспаведы пра ўшану

Крыжа Жыватворнага,

пра Божую справядлівасць,

пра веліч Гасподніх судоў,

пра дзіўную міласць

і пра шчадроты,

якія сваім абранцам

чыніў Гасподзь.

 

11

А таксама

знойдзеш аповеды

пра пакуты

грэшных людзей,

пра верад,

якім уражваліся ліхадзеі,

пра помсту,

што спасцігала злачынцаў,

і пра загубу,

што апаноўвала акаянцаў,

калі ад іх

Бог адымаў,

не прымаючы грэху,

што імі прыняўся,

сваю руку.

 

Маем найбольшае самі

 

1

Шмат якім чынам

і звычаем Гасподзь Бог

даваў ад пачатку свету

нам, сваім людзям,

навуку сваю і пісьмы

і нават

дае да гэтага дня.

 

2

Найперш

рукою Майсея,

служкі свайго, накрэсліў

габраям Стары Закон,

потым уласнамоўна

даў Новае Звеставанне.

Як выславіў Іаан,

апостал святы:

«Закон

дадзены праз Майсея,

а ісціна і міласцівасць

сталіся

праз Ісуса Хрыста».

 

3

Раней, чым Божае слова

уцеляснілася ад Прачыстай

Дзевы Марыі, былі

напісаны з Божай згоды

і пільнасцю чалавечай

многія іншыя пісьмы,

статуты,

законы,

правы.

 

4

Так, цар Фараней

быў першы, хто напісаў

законы аргоскім грэкам,

Меркурый,

па прозвішчы Трысмегіст,

напісаў егіпцянам,

афінскім грэкам — Салон Філосаф,

лакедэмонскім — Лікург,

а рымлянам — Нума Пампілій,

другі пасля Ромула

рымскі цар.

 

5

Гэткім жа чынам

і звычаем

іншыя мудрыя людзі,

і сярод іх перш за ўсё цары,

пакінулі іншым народам

кнігі і пісьмы,

статуты і пастановы,

правы і законы.

Аднак няма

вялікай патрэбы

тут — дзеля сцісласці выкладу —

згадваць іх усе.

 

6

І няма

нам, хрысціянам,

вялікай патрэбы тыя

іхнія пісьмы чытаць,

бо мы

маем найбольшае самі —

маем Законы:

Стары і Новы,

якія для нашага ўратавання

нам дадзены,

і належыць

іх нам чытаць.

 

7

Між кніг

Старога Закону і Новага

маюцца кнігі, што выкладаюць

навуку Гасподнюю і суды —

гэта чатыры Евангеллі:

водле Мацвея,

Марка,

Лукі,

Іаана, —

і пяць Майсеевых кніг.

 

8

Першая кніга Майсеева —

кніга Быцця,

кніга другая — «Выйсце»,

трэцяя кніга — «Лявіт»,

чацвёртая «Лічбы»

і пятая — «Другазаконне».

Разам

пяць гэтых кніг

маюць найменне Тора,

альбо Закон.

 

9

Даў міласцівы Бог

нам таксама

іншыя пісьмы,

якія апавядаюць

пра колішнія падзеі

і летапісныя справы;

у Новым Законе гэта —

Дзеі святых апосталаў,

а ў Старым —

кніга Ісуса Навіна.

 

10

За ёй

ідзе ў гэтым шэрагу

кніга Суддзяў,

тады — кніга Рут:

невялікая па памеры

яна дастасоўваецца да папярэдняй

як частка альбо дадатак,

бо ў ёй

апісваецца падзея

і выкладаецца справа,

што адбылася ў той самы час,

калі справавалі суддзі.

 

11

Наступныя ў чарадзе

кніг летапісных

змяшчаюцца кнігі Царстваў —

першая кніга

і кніга другая,

якія ў габраяў маюць

найменне кніг Самуілавых.

У прадмове,

якую я напісаў да другой

кнігі Царстваў,

тлумачу

прычыну таго, чаму

яны імянуюцца гэтак.

 

12

Далей, па чарзе,

ідуць

трэцяя кніга Царстваў

і кніга чацвёртая:

ў іх

пішацца пра цараванне

цароў, што трымалі

дванаццаць каленаў ізраільскіх

пад сваёю

дзяржаўнай рукой.

 

13

Змяшчаюцца ўслед за імі

дзве кнігі Параліпаменон,

званыя гэтак на грэцкай мове,

што тоесамнае летапісу

на нашай.

Далей выкладаюцца кнігі

Эздры і Нээміі,

потым тры кніжкі:

Тавіт, Юдзіт і Эстэр;

за імі змяшчаецца

кніга святога Іова

і ў самым канцы

летапісных кніг —

Макавеі.

 

14

Яшчэ Гасподзь Бог нам даў

іншыя пісьмы, што пішуць

пра мудрасць,

пра розум

і пра навуку

абодвух Законаў,

Новага І Старога:

гэта — Эпісталы,

альбо Пасланні.

 

15

Па адным —

да рымлянаў,

да галатаў,

да эфесянаў,

да філіпянаў,

да каласянаў,

да Ціта,

да Філімона

і да габраяў,

па два —

да карынфянаў,

да салунянаў,

да Цімафея;

 а гэтаксама —

пасланні саборныя іншых апосталаў:

Іакаўлева — адно,

Пётравы — два,

тры — Іаанавы,

і адно —

Іюдзіна.

 

16

Стасуюцца з імі

па мэце і прызначэнні

тры Саламонавы кнігі:

«Прыпавесці»,

«Эклезіяст», ці, інакш, «Саборнік»

і «Песня песняў».

Потым ідзе

кніга Прамудрасці Божай,

а потым —

кніга Ісуса Сірахава,

што ў мове грэцкай

мае найменне «Эклезіясцікус»,

ці — як мы згадвалі —

«Панарэтос».

 

17

Тыя кнігі,

што пералічваюцца вышэй,

я нанава выклаў

на мове рускай і напісаў

на кожную кнігу

прадмову асобную —

у прадмовах,

чытаючы, знойдзеш

звесткі і тлумачэнні

пра самыя гэтыя кнігі,

а гэтаксама пра назвы,

якія займелі яны:

розныя — ў розных мовах.

 

18

Наступныя пісьмы,

што міласэрны Бог

даў нам, — прароцтвы і аб’яўленні.

Яны прадказваюць і абвяшчаюць

добрыя і благія

падзеі, што маюць настаць

у наступнасці.

Так, у Новым

выратавальным Законе Хрыстовым

ёсць кніга

святога апостала Іаана,

што называецца «Аб’яўленне»,

альбо «Апакаліпсіс»:

колькі

слоў маецца ў гэтай кнізе —

столькі

у ёй таямніц.

 

19

Між кніг

Старога Закону

ёсць кнігі прароцкія,

што належаць

вялікім прарокам

і — што належаць малым.

Кнігі вялікіх прарокаў — гэта:

кніга Ісаі,

тады — Ераміі і «Плач Ераміі»,

тады — Варуха,

Езэкііля

ды Данііла,

а гэтаксама — «Псалтыр».

 

20

Кнігі малых прарокаў,

калі іх лічыць па парадку, —

Асіі,

Іаэля,

Амоса,

Аўдзея,

Іоны
Міхея,

Навума,

Авакума,

Сафоніі,

Агея,

Захарыі,

І Малахіі, —

па-габрайску

яны называюцца «Фэрэасар»

у зборы сваім,

іхні лік —

дванаццаць.

 

21

Пісьмы,

якія змяшчаюцца і ў Старым,

і ў Новым Законе,

маюць

адну агульную назву:

Біблія, што азначае

у перакладзе на рускую мову

Кніга.

Святыя айцы

паставілі гэтую Кнігу

сярод усіх іншых

на першае месца

і наказалі чытаць

найперш.

 

22

Я, Францішак Скарына,

дзеля таго назваў

тут, пералічваючы, паасобку

ўсе пісьмы,

каб ведалі іх,

бо на многіх старонках

кніг маёй рупнасці

напаткаеш

сціслыя згоды, альбо спасылкі,

што клічуць у сведкі

тое альбо другое

пісьмо.

 

Перастварэнні са старабеларускай Алеся РАЗАНАВА1.

 

1 Кніга перастварэнняў «Маем найбольшае самі» ў хуткім часе пабачыць свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.