Вы тут

Як Клічаў рыхтуецца да абласных "Дажынак"


Сёлета Клічаў стане сталіцай «Дажынак» Магілёўскай вобласці. Тут адрамантуюць вуліцы і аб'екты сацкультбыту, навядуць парадак у жылым сектары, больш утульнымі зробяць зялёныя куточкі горада. Ужо летась пачалася падрыхтоўка ўязных трас у горад, быў зроблены капітальны рамонт аўтамабільнага мосту цераз Ольсу. Але асноўныя работы яшчэ наперадзе. Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да аграрнага свята і чым наогул жыве раён, расказвае старшыня Клічаўскага райвыканкама Францішак Вашчыла.


— Францішак Вітольдавіч, наколькі сур'ёзныя перамены адбудуцца ў знешнім выглядзе горада напярэдадні «Дажынак»?

— Перш за ўсё зменяцца цэнтральная плошча, дзе разгорнуцца асноўныя падзеі гэтага фестывалю, і гарадскі парк. На плошчы мы збіраемся стварыць прыгожы горадабудаўнічы ансамбль, рэканструяваць будынкі раённага Дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў, якія прымыкаюць да яе. На самой плошчы будзе пакладзена каляровая плітка, разбіты газоны. На рэканструкцыю Дома культуры пойдзе больш за мільён новых рублёў. Плануем падвесці да яго ўсе камунікацыі, пашырыць сцэну. Зробім усё, каб пасля рэканструкцыі нашы творчыя калектывы, якія, дарэчы, вядомы на агульнанацыянальным узроўні, змаглі працаваць у больш камфортных умовах. Для жыхароў горада стане добрым падарункам магчымасць глядзець тут фільмы ў 3D-фармаце. Для гэтага мы плануем закупіць самае сучаснае абсталяванне. Нарэшце атрымаецца завяршыць рэканструкцыю школы мастацтваў, на гэтыя мэты з абласнога і раённага бюджэтаў плануецца вылучыць больш за 500 тысяч новых рублёў. У парку абновім пешаходныя дарожкі, рэканструюем фантан, добраўпарадкуем дзіцячую пляцоўку. Хочам стварыць алею маладых, масток закаханых, дзе прызначаліся б спатканні, праводзіліся вясельныя фотасесіі. А па перыметры парку збіраемся зрабіць дарожку для язды на ролікавых каньках і веласіпедах. Думаю, што пасля рэканструкцыі парк стане самым любімым месцам для адпачынку клічаўлян.

Некалькі жылых дамоў без выгод чакае маштабная рэканструкцыя, да іх за кошт бюджэтных сродкаў будуць падведзены камунікацыі. Плануецца правесці бягучы і капітальны рамонты шматкватэрных дамоў па вуліцах Крываноса, Савецкай, Ленінскай, Сацыялістычнай. На гэтыя мэты вылучаецца 2,4 мільёна рублёў. Цалкам будзе адноўлена дарожнае пакрыццё шэрагу вуліц, пакладзены пешаходныя дарожкі. Яшчэ прыкладна 100 тысяч плануецца пусціць на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Спадзяёмся, што ў навядзенні парадку каля сваіх дамоў нам дапамогуць і жыхары. Вялікія аб'ёмы работ запланаваны па абнаўленні будынкаў агратэхнічнага каледжа, сярэдняй школы №2, дзіцячай спартыўна-юнацкай школы, бальніцы. Рыхтуюцца да свята гандлёвыя аб'екты. Наводзіцца парадак у вёсках. Тут галоўная задача — скараціць колькасць безгаспадарных, старых і дамоў, якія пустуюць.

— Апошнім часам Клічаў стаў добрай пляцоўкай для рэалізацыі мясцовых ініцыятыў. Якія з іх атрымалі права на жыццё?

— Вельмі прыемна паведаміць, што з 16 заяўленых клічаўлянамі праектаў на конкурс мясцовых ініцыятыў у рамках праекта ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» перамагло 5. Гэта праект раённага краязнаўчага музея «Творчасць без меж», накіраваны на развіццё інфраструктуры для вольнага часу і заняткаў спортам, ініцыятывы Бацэвіцкага сельвыканкама «Сельскі музей дрэва ў аграэкасядзібе «Усохі», цэнтральнай раённай бальніцы «ГемаЛаб» па павышэнні якасці медыцынскіх паслуг, цэнтра дзіцячай творчасці «Пляцоўка здароўя» і сярэдняй школы №2 — «Вермікантэйнер у кожны дом», які дапаможа ўдасканаліць сістэму жыллёва-камунальных паслуг. На рэалізацыю ўсіх гэтых праектаў Клічаў атрымае больш за 97 тысяч долараў.

— Летась Клічаўскі раён заявіў пра сябе правядзеннем прыгожага эка-фестывалю. Як плануеце развівацца ў гэтым кірунку?

— Эка-арт-фестываль «Астравы Дулебы», які прайшоў у першыя выхадныя дні восені, выклікаў шмат прыемных водгукаў. Госці змаглі ўбачыць рыцарскія баі, спаборніцтвы лучнікаў, рэканструкцыю падзей другой сусветнай вайны. Клічаўскі край вядомы тым, што ў гады вайны тут быў цэнтр партызанскага руху. Пра гэта нагадвае мемарыяльны комплекс каля вёскі Усакіна і ўзноўлены партызанскі лагер, адкуль патрыёты здзяйснялі свае дыверсіі пад прыкрыццём тутэйшых лясоў. Лясы — галоўнае наша багацце, яны займаюць 60% тэрыторыі. А гідралагічны заказнік «Астравы Дулебы», які раскінуўся на плошчы больш чым 21,5 тысячы гектараў, наогул унікальная водна-балотная экасістэма. Яна падтрымлівае экалагічны баланс велізарных прыродных тэрыторый, якія калісьці засяляла старадаўняе племя дулебаў. У рамках фестывалю «Астравы Дулебы» адбыўся форум «Сацыяльна-эканамічнае, прыродаахоўнае турысцка-рэкрэацыйнае развіццё Клічаўскага раёна і сумежных тэрыторый». І там ішла гаворка пра тое, што на экалогіі і карысных выкапнях можна і трэба зарабляць. Гэтым мы і збіраемся займацца.

Пытанні задавала Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Наша фішка — гэта ўнікальная экалогія і ініцыятыўныя людзі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.