Вы тут

Загадчыца Лашанскага сельскага Дома культуры Галіна Пінчук і культарганізатар Наталля Трухан рыхтуюцца да раённых Дажынак, якія днямі пройдуць у аграгарадку Зенькавічы


Загадчыца Лашанскага сельскага Дома культуры Галіна Пінчук і культарганізатар Наталля Трухан рыхтуюцца да раённых Дажынак, якія днямі пройдуць у аграгарадку Зенькавічы Уздзенскага раёна, што на Міншчыне. На конкурсе падвор'яў ад свайго калгаса жанчыны прадставяць вырабы з саломы.


Гэта сапраўдныя шэдэўры! Снапы, капелюшы, дыванкі, гадзіннікі, скрыпкі, птушкі, лялькі, дзіцячыя тапачкі — чаго толькі майстрыхі не робяць з саломы! Рэй задае Наталля Трухан. Плесці з саломы жанчыну навучыла бабуля Любоў Ігнацьеўна Астраух. «З самага дзяцінства памятаю, як яна ўвесь час займалася рукадзеллем, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — І вышывала, і кручком вязала, і з саломы пляла. Апошняе мяне так захапіла, што я пачала бабулі дапамагаць».

У выніку з маленькай майстрыхі вырас прафесіянал. Цяпер Наталля Трухан валодае ўласнымі прыёмамі ў саломапляценні. Вядома, звяртаецца яна і да бабулінай навукі. Цяпер, прызнаецца, і ў інтэрнэце шмат чаго можна падгледзець. «Самае складанае — пачысціць салому, — расказвае майстар па саломапляценні. — У асноўным выкарыстоўваем жыта: яно даўжэйшае, шырэйшае. Галоўнае — зжаць яго своечасова. З пшаніцай працаваць больш складана».

— Колас быццам жывы, — мяркуе яе напарніца Галіна Пінчук. — Які б ты ўсхваляваны ні быў, якімі б праблемамі ні быў заклапочаны, патрымаеш калоссе ў руках — і адразу супакойваешся. А потым заўважаеш, што і сілы аднекуль з'яўляюцца.

Сакрэтамі свайго майстэрства жанчыны ахвотна дзеляцца і з падрастаючым пакаленнем. Нават падчас летніх канікул гурток па саломапляценні пры Доме культуры наведваюць дзеці, і, што цікава, у асноўным гарадскія, якія адпачываюць у сваіх бабуль і дзядуляў. Для іх такі занятак — дзіва.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ, Уздзенскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.