Вы тут

Якім жанчынам удзячныя беларускія мужчыны?


У жыцці кожнага з нас ёсць жанчына (ці нават не адна), якой напярэдадні свята хочацца сказаць асаблівыя словы. «Каму з жанчын і за што вы хацелі б падзякаваць?» — з такім пытаннем «Звязда» звярнулася да прадстаўнікоў розных прафесій.


Люцыя Герашчанка, тэлевядучая:

— Хачу падзякаваць сваёй свекрыві за яе падтрымку і жыццёвую мудрасць. І сказаць, што мала каму так шанцуе са свякроўю, як мне. Хачу падзякаваць сваёй бабулі, якая аддала мне столькі свайго часу і сваёй любові. Я адчуваю, што цяпер недадаю ёй увагі, але яна ставіцца да гэтага з разуменнем. І я ніколі не чую ад бабулі ні слова дакору. Хачу падзякаваць сваёй выкладчыцы на факультэце журналістыкі Людміле Саянковай. Яна нават не ведае, як многа мне дала, навучыўшы разбірацца ў мастацтве, — не праз адчуванне, а праз разуменне. І, вядома, хачу падзякаваць маме! Толькі стаўшы дарослай, ты разумееш, наколькі гэта цяжка — быць маці, якая аддае табе кожную хвіліну свайго жыцця. І мы з сястрой гэта бачым і цэнім. Дзякуй табе, матуля!

Лідзія Лешчанка, настаўніца:

— Па-першае, хачу падзякаваць за ўсё маёй маме Святлане Леанідаўне. Па-другое, сваім педагогам: Ірыне Васілеўне, Наталлі Васілеўне, Таццяне Мікалаеўне... Гэта імёны настаўніц. Не, не толькі школьных, а проста НАСТАЎНІЦ па жыцці. Яны натхнялі сваім прыкладам і адданасцю справе, яны давалі «маральныя аплявухі», калі гэта было неабходна, але не пераставалі верыць у мяне. А колькі яшчэ цудоўных жанчын было ў маім жыцці! І амаль усе яны працавалі ў сістэме адукацыі — выхавацелькі, рэпетытары, кіраўніцы гурткоў, важатыя, педагогі ў музычных школах, выкладчыцы ва ўніверы, калегі... Дзясяткі выдатных жанчын, якія падштурхнулі да здзяйснення мар. Шчыры вам дзякуй! Хай гэтая вясна разам з талай вадой змые ўсе нягоды з вашага жыцця, хай вашы выхаванцы дораць вам толькі радасць і натхненне, хай сонца ніколі не сыходзіць з вашых вачэй. Са святам вясны вас, даражэнькія!

Віктар Лупасін, літаратар і музыкант:

— Каму з жанчын я хацеў бы падзякаваць? Наогул, такіх жанчын вельмі шмат. Зразумела, гэта мама, бабуля, іншыя сваячкі, частка настаўніц (у нас была вельмі добрая школа). Паэткі Людміла Рублеўская, Наталля Кучмель і Дзіяна Капусцян, якія прывялі мяне ў літаратуру. Далей пачынаецца вялікі роздум, каму менавіта падзякаваць. Няхай гэта будуць Ганна Данілюк, якая летась выцягнула мяне з «абломаўшчыны», і дзяўчына Віка, якая дапамагае ладзіць канцэрты. Са святам!

Павел Кавалёў, відэааператар:

— Хачу падзякаваць касіркам у гіпермаркеце каля майго дома — за тое, што яны на працягу ўсяго працоўнага дня знаходзяць сілы, каб усміхацца, дзякаваць за пакупку, цярпець марудлівых пакупнікоў, якія вельмі доўга разлічваюцца... Дзякуй вам вялікі за гэта! Заўсёды прыемна бачыць вашы ўсмешкі!

Аляксей Адаранка, байкер:

— Так склалася, што з пяці гадоў я рос без маці. Таму маім выхаваннем займаліся бабулі — Ірына Яфрэмаўна і Марыя Майсееўна. На жаль, яны даўно ўжо пайшлі ад нас... Але адна паспела навучыць мяне жыццёвай мудрасці, другая — адкрыць мне свет мастацтва і, у прыватнасці, музыкі. Дзякуй ім вялікі за гэта!

Пабачыць, каму і за што ўдзячныя супрацоўнікі «Звязды», можна тут.

Загаловак у газеце: За што мы кажам ім «дзякуй!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!