Вы тут

Конкурс вусных выступленняў на японскай мове пройдзе ў БДУ 10 сакавіка


Мерапрыемства прымеркаванае да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Японіяй і скіравана на папулярызацыю культуры краіны ўзыходзячага сонца і японскай мовы.


Фота: kakprosto.ru

У цырымоніі адкрыцця плануюць прыняць удзел прадстаўнікі БДУ, амбасадар Японіі ў нашай краіне Хірокі Такунага, а таксама прадстаўнікі Асацыяцыі выкладчыкаў японскай мовы ў Беларусі.

У гэтым годзе ўдзельнікамі конкусру стануць 17 чалавек, сярод іх шэсць студэнтаў БДУ, чатыры студэнты МДЛУ, навучэнцы гімназіі “Эка-Эл”, слухачы курсаў японскай мовы “Хагакурэ” і Фонду "Чыро”. Тэмы для сваіх выступленняў канкурсанты выбіралі самастойна. Для прыкладу, на конкурсе можна будзе пачуць разважанні на японскай мове на тэму “Якім бы я хацеў бачыць свет”, “Відэагульні -- гэта дрэнна?” ці аповед пра “Мой важны жыццёвы ўрок”.

Працягласць выступлення  складае 5 хвілін. Калі канкурсант перавысіць ліміт, то журы здыме балы. Падчас маналогу нельга карыстацца даведачнай літаратурай ці чарнавікамі. Па заканчэнні выступлення кожнаму ўдзельніку зададуць па два пытанні на японскай мове, якія тычацца зместу заяўленай тэмы. Пры ацэньванні ўлічваецца  выразнасць аргументацыі, глыбіня думкі, арыгінальнасць і вымаўленне.

Пераможца становіцца кандыдатам на стажыроўку ў Японіі па праграме Японскага фонду ў Кансайскім міжнародным цэнтры. Пачатак навучання — верасень гэтага года. Уладальніку “сярэбранай” узнагроды прапануюць стажыроўку ў Японіі, прадастаўленую  кампаніяй “Токіа Інструментс”.

Мерапрыемства пройдзе на факультэце міжнародных адносін БДУ (вуліца Ленінградская, 20, аўдыторыя 1201). Пачатак у 13 гадзін.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.