Вы тут

Князь Войшалк (? — 1268)


Войшалк, у адрозненне ад Міндоўга, дзейнічаў не грубымі сіламі, не аблудліва. Ён да патрэбнага часу хаваў свае намеры, без шуму плёў інтрыгі, пускаўся на хітрасці, ішоў на кампрамісы. Менавіта Войшалку выпала місія стаць заснавальнікам адной з найбуйнейшых еўрапейскіх сярэдневяковых дзяржаў — Вялікага Княства Літоўскага.


Летапіс называе Войшалка наваградскім князем. Магчыма, Міндоўг пасля паражэння ад Данілы Галіцкага перадаў Навагрудак свайму сыну, а можа быць, і самі навагрудцы выбралі яго. Адбылося гэта прыкладна ў 1254 годзе. Звернем увагу на летапіснае паведамленне, што Войшалк «в поганьстве буды». Не выключана, што Міндоўг з'явіўся ў Навагрудку па запрашэнні паганцаў.

Калі ўлічыць, што хрысціянства ў Верхнім Панямонні не мела трывалага становішча і болей чым праз сто гадоў Навагрудак адышоў ад хрысціянства, пра што пісаў у 1378 годзе кіеўскі мітрапаліт Кіпрыян, дык у часы Міндоўга паганцы ў Навагрудку пасля смерці хрысціянскага князя маглі запрасіць да сябе паганскага князя. Відаць, Войшалк расправіўся са сваімі праціўнікамі: «... нача проливати крови много». Аднак з палітычных мэт, каб заключыць мір з Данілам Галіцкім, ён прыняў праваслаўе. Мір Войшалк устанавіў, але вымушаны быў адмовіцца ад Навагрудка і навагрудскага пасада. Войшалк павінен быў жыць пры двары Данілы як заложнік. Каб пазбавіцца ад «ганаровага палону», ён прымае манаства. Даніла паверыў, што былы навагрудскі князь выракся палітычнага жыцця, і дазволіў яму заснаваць каля Навагрудка манастыр на мяжы Навагрудскай зямлі і Літвы (цяпер тут вёска Лаўрышава Навагрудскага раёна). З-за манастырскіх сцен князь-манах рыхтаваў паўстанне супраць галіцка-валынскіх заваёўнікаў. Ён знайшоў і саюзніка — полацкага князя Таўцівіла.

У 1258 годзе Войшалк скідае маску богалюбівага манаха. З Полацка прыбывае дружына на чале з князем Таўцівілам. Войшалк з дапамогай палачан і сваіх прыхільнікаў авалодаў Навагрудкам і зноў сеў на княжацкі пасад. Раз'юшаны Даніла Галіцкі асабіста павёў войска на Навагрудскае княства. Але Войшалк і Таўцівіл не ўступілі ў бой, умела манеўравалі і выйгралі час, дачакаліся прыходу татара-мангольскай раці Бурундая. Па загадзе Бурундая Даніла вымушаны быў паслаць войска на Літву і Нальшчаны. Такім чынам Войшалк аднавіў незалежнасць Навагрудскай зямлі і цяпер выношваў задуму далучыць да яе Літву.

Пасля смерці Міндоўга ў 1263 годзе «во всей земле Литовской и Жемойтской» правіў жамойцкі князь Транята. Запрасіўшы да сябе полацкага князя Таўцівіла дзяліць «землю и добыток Миндовгов», ён забіў яго, а полацкіх баяр зняволіў. Абяцаючы вызваліць баяр, Транята навязаў Полацку свайго стаўленіка. Цяпер, калі Полацк выйшаў з барацьбы, Транята мог расправіцца і з Войшалкам. Аднак Войшалк аказаўся хітрэйшым. Ён пакінуў Навагрудак і адправіўся ў Пінск збіраць войска. І не без Войшалкавай падтрымкі сярод літоўскай знаці ўзнікла змова супраць Траняты.

Як толькі змоўшчыкі забілі Траняту, Войшалк з пінскай дружынай выступіў у Навагрудак, дзе яго чакала навагрудская дружына. З пінянамі і навагрудцамі Войшалк заняў Літву. Былы манах, забыўшыся пра хрысціянскую літасць, з жорсткасцю «вороги свои убивати, изби их бесчисленное множество, а друзии разбегошося камо кто видя».

Расправіўшыся з унутранымі ворагамі, Войшалк заключыў мір з Ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам. Каб атрымаць вайсковую сілу, Войшалк прызнае сябе васалам берасцейскага князя Васількі Раманавіча і запрашае яго сына Шварна «помагати» ўладарыць. Васілька і Шварн прыслалі Войшалку свае дружыны. У 1264 годзе Войшалк заваяваў Дзяволтву (зямля, якая знаходзілася ў раёне горада Вількаміра) і Нальшчаны, далучыў іх да Навагрудка. Уладу Войшалка прызнаў і Полацк.

Аб'яднанне вакол Навагрудка Пінскай, Літоўскай, Дзяволтаўскай, Нальшчанскай
і Полацкай зямель і з'явілася пачаткам новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага і Рускага.

Пасля заваёвы балцкіх зямель Войшалк задумаў хрысціць іх. Як піша Ніканаўскі летапіс, Войшалк «...многих крести, и церкви и монастыри воздвиже». Аднак гэтую справу ён не завяршыў. Па невядомых прычынах Войшалк пакінуў наваградскі пасад і зноў прыняў манаскі сан. Іпацьеўскі летапіс трактуе гэты крок як духоўны ўчынак князя, раскаянне за кровапраліцце. «Согрешил есмь много перед Богом и человеки». Вялікім князем стаў Шварн Васількавіч, а Войшалк пайшоў у манастыр. Можна дапусціць, што пад прыкрыццём манаскай расы ён хацеў набраць манахаў для хрышчэння Літвы.

Трагічна завяршылася жыццё Войшалка. Уладзімірскі князь Леў Данілавіч, угневаны на Войшалка за тое, што «дал землю Литовскую брату его Шварнови», забіў яго ў манастыры.

Іншую версію забойства Войшалка падае «Хроніка Літоўская і Жамойцкая». Паводле яе, пасля смерці Данілы Галіцкага ягоныя сыны мячом пачалі дзяліць бацькаўскую спадчыну. Князь Леў Данілавіч захапіў Шварнаў удзел — Драгічынскую зямлю. Шварн звярнуўся па дапамогу да Войшалка. Вялікі князь на чале войска заняў Драгічынскую і Берасцейскую землі і рушыў на сталіцу Валыні Уладзімір.

Леў Данілавіч запрасіў Войшалка на перагаворы. Шварн і Васілька «верою своею» абяцалі Войшалку «безпеченство». Войшалк паверыў іх клятве, спыніў войска і прыехаў ва Уладзімір. У манастыр, дзе спыніўся Войшалк, прыехаў Леў Данілавіч і, напіўшыся, рассек шабляй Войшалку галаву. У тую ж ноч «гасцінныя» гаспадары пасеклі і парэзалі ўсіх Войшалкавых паслоў. І гэта версія здаецца больш праўдзівай за версію Іпацьеўскага летапісу.

Смерць Войшалка ўжо нічога не вырашала. Закладзены ім падмурак быў трывалы. На ім пабудавалі Войшалкавы наступнікі адну з найбуйнейшых ў Еўропе дзяржаў, якая стала на многія стагоддзі агульным домам для беларусаў, летувісаў і ўкраінцаў.

Вітаўт Чаропка

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.

Грамадства

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню

Але гэта не азначае, што і спрабаваць не варта.

Грамадства

Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць ездавых сабак

Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць ездавых сабак

Ён — былы спартсмен. Яна — гаспадыня чайнай школы.