Вы тут

Юлія Алейчанка. Пад парасонам


Марыя ЗАХАРЭВІЧ

ТАЛЕНТ, АДУХОЎЛЕНЫ ЛЮБОЎЮ:
успаміны, інтэрв’ю, прысвячэнні
Уклад.  Соф’і Жыбулеўскай
Мн.: Мастацкая літаратура, 2016.

«Мы любім Вас, Маша, і нас вельмі многа, і Вы пра гэта ведаеце і самі», — кранальныя словы Янкі Брыля вынесены эпіграфам да чарговай кнігі серыі
«Жыццё знакамітых людзей Беларусі», прысвечанай народнай артыстцы Беларусі, прыме купалаўскай сцэны, юбілярцы Марыі Захарэвіч. І сапраўды, успаміны, водгукі, інтэрв’ю вельмі многіх людзей змяшчае грунтоўнае выданне. Сярод іх няма ніводна га халоднага, дзяжурнага. Адметная манера  выканання,  свой   непаўторны
«голас» нязменна выклікае і  цікавасць да жыццёвага шляху гэтай таленавітай жанчыны.
Як вядома, фарміраванне характару чалавека пачынаецца ў раннім дзяцінстве. Проста і шчыра пра бацькоў Марыі Георгіеўны піша Уладзімір Ліпскі ў кнізе «Нарачанская чайка», асобныя раздзелы з якой уключаны ў кнігу. Закласці ў будучую артыстку столькі такту, далікатнасці, жыццёвай мудрасці, несумненна, маглі толькі адораныя людзі. Бацькі Захарэвіч — людзі фізічнай працы, нястомныя, руплівыя гаспадары   з   вёскі   Навасёлкі. Але…
«Апранаўся ён проста, але з густам. Запомніўся навасёлкаўцам у самаробным рыжым кажушку да каленяў, у чорнай кашулі з двума гузікамі пад горлам. Заўсёды чыста паголены. А на вуснах насіў ледзь улоўную ўсмешку дабрыні. Маўчун. Голас меў ціхі, але ўпэўнены. Інтэлігентнасць у яго была прыродная, генная, а мудрасць — ад зямлі-матухны», — піша Уладзімір Ліпскі пра Георгія Захарэвіча, бацьку Марыі. А вось — і пра маці, Ганну Іванаўну: «Ганэта вучылася некалі два гады ў царкоўнапрыходскай школе. Умела пісаць, чытаць. Помніла на памяць вершы Пушкіна. Любіла гумар. З найбольшай асалодай учытвалася ў словы Бібліі, ведала малітвы. Брала з сабой у царкву дачку Марыську, разам чыталі «Верую», «Ойча наш», услаўлялі святых, маліліся за грэшнікаў».  Як бачым, сумленныя, чыстыя душой людзі могуць часам даць болей, чым адукаваныя педагогі…
Чаму ж «чайкай» называе Уладзімір Ліпскі ды іншыя аўтары кнігі Марыю Захарэвіч? Сама артыстка некалі прамовіла: «Маё жыццё ў нечым  падобна на чэхаўскую Чайку…» Ці не найлепшым чынам для раскрыцця яе лёсавызначальнага выбару ў жыцці падыходзіць дыялог са знакамітай чэхаўскай п’есы:
Аркадина. Браво, браво! Мы любовались. С такой напряженностью, с таким чудным голосом нельзя, грешно сидеть в деревне. У вас должен быть талант. Слышите? Вы обязаны поступить на сцену.
Нина. О, это моя мечта!..
І таленавітая Марыя не сядзела склаўшы рукі. Здала іспыты ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, нястомна займалася творчым самаразвіццём. Да таго ж заўсёды знаходзіла час і для «асветы». «Гэта рэдка хто робіць. Чалавек  звычайна  адпрацаваў у тэатры і пайшоў дамоў (маўляў, гэта не мая справа, а яна ніколі не адмаўляецца выступаць ні ў музеях, ні ў бібліятэках. У Марыі Георгіеўны ёсць праграма, якая складаецца з ваенных вершаў. Яна цудоўна, як ніхто, ведае беларускую паэзію», — піша рэжысёр Мікалай Пінігін.
Уменне адной толькі танальнасцю голасу захапіць аўдыторыю — адметная рыса прафесіяналізму. І яна вызначае цалкам характар таленту Марыі Захарэвіч. Пра непаўторны голас «каралевы радыё» згадваюць многія. «Светлы, глыбокі, ледзь засмучаны, цнатлівы, з прыхаванай таямніцай» (Валерый Анісенка), «Мяккі, добразычлівы, нібы злёгку астуджаны, грудны, вельмі блізкі, як быцца гучыць толькі для цябе» (Валянціна Паліканіна)…
Марыя Захарэвіч здзіўляе, бянтэжыць, натхняе людзей. Вялікая ў сваім творчым дары, адданасці лепшым прынцыпам тэатру псіхалагічнага рэалізму, яна дзіўным чынам застаецца сціплай, адкрытай, шчырай з людзь мі. Таму і пішуць  пра  яе  з  цеплы нёй Рычард Смольскі, Ніна Загорская, Сяргей Законнікаў, Сяргей Давідовіч, Анатоль Бутэвіч, Дзяніс Марціновіч, Алена Ляшковіч, Зінаіда Камароўская, Зіновій Прыгодзіч, Дзмітрый Пятровіч і інш. Прысвячалі і прысвячаюць свае вершы — Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Скарынкін, Яўгенія Янішчыц, Мікола Мятліцкі, Мікола Шабовіч, Віктар Шніп, Дзімітрый Пятровіч, Зміцер Арцюх, Іна Фралова… Укладальніца кнігі Соф’я Жыбулеўская пра сваё знаёмства з Марыяй Георгіеўнай піша: «Было такое адчуванне, што быццам ты знаходзішся пад парасонам, які аберагае цябе ад усяго кепскага, і табе ўтульна, спакойна лёгка».
А такім  спакойным  і  ўпэўненым  у сабе можа быць толькі чалавек, які верыць у тое, чым займаецца. Які, зыходзячы  з  уласнага  досведу,  раіць:
«Баяцца сцэны не будзеш тады, калі дакладна ведаеш, для чаго на гэтую сцэну выйшаў».

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.