Вы тут

Міжнародныя педагагічныя чытанні пройдуць у БДПУ


Першыя Міжнародныя педагагічныя чытанні адбыліся ў 2002 годзе ў Маскве і былі прысвечаны гуманнай педагогіцы і духоўнасці адукацыйнай прасторы. Пазней гэты ўнікальны форум атрымаў сваё развіццё: у Грузіі і Расіі ён праводзіўся шматразова. Але наша краіна прымае педагагічныя чытанні ўпершыню. Яны збяруць на беларускай зямлі таленавітых педагогаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Казахстана, Грузіі, Азербайджана і іншых краін.


Шалва Аманашвілі падчас публічнай лекцыі ў БДПУ ў кастрычніку 2015 года.

Арганізатары 16-х Міжнародных педагагічных чытанняў "Палюбіце будучыню - крылы вырастуць" - Міжнародная асацыяцыя грамадскіх аб'яднанняў "Міжнародны цэнтр гуманнай педагогікі", Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка і Маскоўскі гарадскі педагагічны універсітэт.

Вядучым педагагічных чытанняў стане ганаровы прэзідэнт Міжнароднага цэнтра гуманнай педагогікі, акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі Шалва Аманашвілі.

Праграма форуму разлічана на тры дні (з 24 па 26 сакавіка). Мерапрыемствы будуць  праходзіць у сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (Мінск, вул. Савецкая, 18). Афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 24 сакавіка ў 10.00. У мерапрыемстве плануе прыняць удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка.

У праграме форуму запланавана работа шматлікіх лабараторый  і правядзенне майстар-класаў на тэмы "Закон прычын і наступстваў у выхаванні дзіцяці", "Паняцце духоўнасці ў выхаванні дзяцей", "Нараджэнне будучыні у "Горадзе Сонца",  "Дзве сістэмы выхавання", "Верыць у бязмежныя магчымасці дзіцяці", "Сям’я - калыска будучыні", "Закон прыгажосці ў выхаванні дзяцей" і многія іншыя. Другі дзень форуму адкрыецца феерверкам педагагічных ідэй і працягнецца майстар-класам "гуру" гуманнай педагогікі Шалва Аманашвілі на тэму "Роздум пра будучыню". Завершыць насычаны дзень пастаноўка студэнцкага тэатра "Трэці паверх" з Балтыйскага федэральнага універсітэта імя Канта (г.Калінінград) "Віно з дзьмухаўцоў".

А ў трэці дзень форуму для гасцей нашай краіны падрыхтавана культурная праграма з наведваннем гістарычных і культурных месцаў Беларусі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.