Вы тут

Дэпутаты правялі пасяджэнне на прадпрыемстве «Магілёўхімвалакно»


Дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі не выпадкова выбралі для выязнога пасяджэння «Магілёўхімвалакно». Летась прадпрыемства наведваў Прэзідэнт краіны і азнаёміўся з перспектывамі яго развіцця. Па сутнасці, да 2020 года тут павінна з'явіцца новая сучасная вытворчасць, якая будзе выпускаць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Вопыт прадпрыемства плануецца выкарыстаць пры падрыхтоўцы канцэпцый законаў «Аб электраэнергетыцы» і «Аб прамысловай палітыцы».


Хімічны гігант

Налета прадпрыемства адзначае паўстагоддзя сваёй дзейнасці. Калі гэты гігант толькі пачынаў працаваць, ён быў самым буйным у Еўропе, тут былі ўкаранёныя самыя перадавыя тэхналогіі вытворчасці поліэфірнай прадукцыі. Дзякуючы прадпрыемству насельніцтва Магілёва павялічылася больш чым удвая, горад моцна разросся, быў пабудаваны яшчэ адзін вялікі мост, які сёння носіць назву Шмітаўскі. Але перадавыя тэхналогіі, якія далі такі моцны імпульс для росту, састарэлі. Без мадэрнізацыі былы гігант не зможа на роўных канкурыраваць з іншымі вытворцамі, перш за ўсё кітайскімі.

Сёння на прадпрыемстве працуе каля 6 тысяч чалавек (раней было ў 4 разы больш). Заводскія плошчы ўражваюць. Грувасткія, аджыўшыя свой век будынкі кантрастуюць з новымі аўтаматызаванымі вытворчасцямі, дзе вырабляюцца прадукты з высокай дабаўленай вартасцю — прэформы для піўной і малочнай тары, нятканыя матэрыялы, якія служаць асновай для лінолеума, прымяняюцца ў будаўніцтве. Абсталяванне працуе бесперапынна, за выключэннем таго часу, калі становіцца на тэхнічнае абслугоўванне. Аб тым, наколькі запатрабавана гэта прадукцыя, можна меркаваць па фурах, якія выстраіліся ў рад. Нумары — ад расійскіх і ўкраінскіх да сербскіх і польскіх.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Пётр САЛАЎЁЎ гэта прадпрыемства ведае як самога сябе. Тут ён прайшоў працоўны шлях ад апаратчыка да галоўнага інжынера. З гонарам адзначае, што сістэма прамысловай бяспекі тут на ўзорным узроўні.

— Тут знаходзіцца каля 600 аб'ектаў, якія падпадаюць пад дзеянне закона аб прамысловай бяспецы, пачынаючы ад сасудаў, што працуюць пад ціскам, заканчваючы ліфтамі, грузапад'ёмнымі механізмамі, катламі пад ціскам і газаправодамі, — кажа ён. — І каб гэта гаспадарка працавала пад кантролем, тут створана спецыяльная лабараторыя, якая адсочвае надзейнасць усяго гэтага. Такое ёсць не ўсюды.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга ПАЛІТЫКА, адзіная, дарэчы, у дэпутацкай камандзе жанчына, раней працавала на знакамітым прадпрыемстве «Атлант», але вось ужо другое скліканне займаецца заканатворчай дзейнасцю. І ёй было вельмі цікава паглядзець, як на практыцы рэалізуюцца нормы закона аб прамысловай бяспецы, адказнай за распрацоўку якога яна была.

— Менавіта прадстаўнікі хімічнай галіны ўнеслі шмат прапаноў і заўваг па законапраекце, — кажа яна. — Зараз я змагла пабачыць, як яны выконваюцца на практыцы, ці ўсё ўлічана, ці ўсё даказала сваю эфектыўнасць. Было прыемна пачуць, што новая рэдакцыя закона, не зніжаючы патрабаванні па прамысловай бяспецы, дазволіла прадпрыемству тры небяспечныя вытворчыя аб'екты першага тыпу перавесці ў другі. А гэта істотная эканомія сродкаў на страхавыя ўзносы. Наогул, уражанні ад прадпрыемства станоўчыя. Яно бачыць перспектыву, ведае, якія нішы на рынку будзе займаць. Захапляе і настрой работнікаў, аптымізм, з якім яны гэта расказваюць.

Вытворчасць будучага

Па кітайскіх мерках, гэта маленькае прадпрыемства. Той жа поліэтыленцэрэфталат або палімер кітайцы выпускаюць мільёнамі тон у год, у той час як «Магілёўхімвалакно» ўсяго толькі дзясяткамі тысяч. Гэта адразу ж адбіваецца на сабекошце. Але гэта пакуль. Мадэрнізацыя дасць магчымасць заняць прадпрыемству больш моцныя пазіцыі. Агульны кошт першага этапу ацэньваецца ў 45,1 мільёна еўра. Усяго іх плануецца два. У выніку пераўтварэнняў «Магілёўхімвалакно» да 2020 года цалкам адыдзе ад затратных тэхналогій і будзе вырабляць тую прадукцыю, якая запатрабавана на рынках.

Генеральны дырэктар прадпрыемства Пётр РУДНІК звярнуў увагу на найбольш балючыя моманты. Той жа газ, які спажывае прадпрыемства, абыходзіцца яму ў 284 долары за тысячу кубоў. Прадпрыемства звярталася з просьбай знізіць на час мадэрнізацыі кошт да 204, як для ЦЭЦ, але яму было адмоўлена. Кіраўнік лічыць, што з такімі тарыфамі вельмі складана канкурыраваць на замежных рынках, асабліва ў Расіі, дзе газ у разы таннейшы. Былі і іншыя заўвагі. Напрыклад, яны датычыліся кадраў. Трэба развіваць прыкладную навуку, адаптаваць фундаментальныя навуковыя распрацоўкі да канкрэтнай вытворчасці. Каб маладыя спецыялісты прыходзілі на вытворчасць ужо падрыхтаваныя.

— Мы ўсе выйшлі з прамысловасці, сітуацыю, як той казаў, ведаем знутры, але тут падмацаваліся новымі аргументамі, — падвёў вынікі работы выязнога пасяджэння старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй РЫБАК.  — Важна, што прадпрыемства, якое перажыло няпростыя часы, упэўнена глядзіць у будучыню. Такія вытворчасці трэба падтрымліваць заканадаўча. Але дзяржава павінна заахвочваць толькі тых, хто адчувае рынак, ведае, як будзе развівацца галіна... Наогул, знаёмства з прадпрыемствам «Магілёўхімвалакно» было карысным. Закон аб прамысловай бяспецы прыняты ў 2015 годзе. Было цікава ўбачыць, што з гэтага ўжо не працуе. Паглядзім на адным прадпрыемстве, на другім і зробім высновы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Эканамічная бяспека перш за ўсё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.