Апошнія найбольш небяспечныя касетныя боепрыпасы з вадкім выбуховым рэчывам, якія засталіся нам у спадчыну ад Савецкага Саюза, былі знішчаны на вайсковай інжынернай базе, што каля Рэчыцы, у прысутнасці міжнароднай грамадскасці, прадстаўнікоў Узброеных Сіл Беларусі, Міністэрства замежных спраў і журналістаў.
Без воблакаў пылу і нават бязгучна. І ўсё дзякуючы ўнікальнаму мабільнаму заводу з камерай халоднай дэтанацыі (знішчэння пры дапамозе зарадаў у таўстасценнай бранякамеры). Тэхналогію, распрацаваную спецыяльна для ліквідацыі боепрыпасаў з вадкім выбуховым рэчывам, якая дазваляе бяспечна для навакольнага асяроддзя ўтылізаваць хімічныя кампаненты і адходы, прапанавала іспанская кампанія Expal. Праект падтрымаў Еўрапейскі саюз, вылучыўшы каля чатырох мільёнаў еўра.
— Еўрапейскі саюз вельмі зацікаўлены ў знішчэнні і забароне выкарыстання проціпяхотных мін, таму для нас гэты праект быў вельмі важным, — зазначыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа ВІКТАРЫН. — Мы падтрымліваем тое, што Беларусь далучылася да Атаўскай канвенцыі, згодна з якой забараняецца прымяняць, назапашваць, вырабляць і перадаваць проціпяхотныя міны і прадугледжваецца іх знішчэнне. У гэтай сферы мы пакуль не плануем новых праектаў, будзем працягваць супрацоўніцтва па іншых кірунках.
Дарэчы, на аб'екце па знішчэнні проціпяхотных мін быў задзейнічаны беларускі персанал. Работа ў тры змены зрабіла працэс ліквідацыі боепрыпасаў амаль бесперапынным.
Як падкрэсліў кіраўнік праекта кампаніі Expal Ганзалес КУЭСТА, міны былі знішчаны без адзінага інцыдэнту. «Выконваліся самыя строгія прынцыпы і правілы тэхнікі бяспекі на вытворчасці, — заўважыў Ганзалес Куэста. — Мы вельмі скрупулёзна прытрымліваліся і рэгламентаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, якія прыняты і выкарыстоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь. Менавіта на экалогію пайшла найбольшая частка інвестыцый, вылучаных на гэты праект».
Каардынатар праекта, начальнік інжынерных войскаў — начальнік упраўлення інжынерных войскаў Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Андрэй КУРАКОЎ расказаў, што персанал, задзейнічаны ў знішчэнні проціпяхотных мін, набыў дадатковую прафесію, якая будзе запатрабаваная не толькі ў ваеннай сферы. Акрамя таго, начальнік інжынерных войскаў падкрэсліў, што дадзены тып боепрыпасаў, тэрмін захоўвання якіх складае не больш як 10 гадоў, не адпавядаў патрабаванням бяспекі, таму мог пагражаць жыццю і здароўю беларусаў.
Вераніка КАНЮТА
Рэчыцкі раён
Фота Надзеі БУЖАН
Што за таемнымі дзвярыма?