Вы тут

На беларускіх станцыях цягнік сустракалі медыкі


8 красавіка позна ўвечары на перагоне Філі — Кунцава-1 Беларускага напрамку Маскоўскай чыгункі адбылося сутыкненне прыгараднага цягніка №6919 Масква — Усава з пасажырскім цягніком №3 зносінамі Масква — Брэст. У выніку здарэння сышлі з рэек два вагоны электрычкі і секцыя лакаматыва пасажырскага цягніка.


На момант сутыкнення ў цягніку знаходзілася 450 пасажыраў. Па інфармацыі МНС Расіі, 13 з іх былі накіраваны ў медыцынскія ўстановы. Пасля завяршэння аднаўленчых работ цягнік працягнуў рух.

У сувязі з тым, што адбылося, цягнік №3 Масква — Брэст прыбыў у Брэст са спазненнем на 5 гадзін 1 хвіліну, цягнік №1 Масква — Мінск прыбыў у Мінск са спазненнем на 2 гадзіны 56 хвілін. Пасажыраў цягніка №3 на працягу ўсяго шляху суправаджала брыгада медыцынскіх работнікаў. На чыгуначных вакзалах у Оршы, Мінску, Баранавічах і Брэсце цягнік сустракалі брыгады медыцынскай хуткай дапамогі. Для дадатковага абследавання шэсць пасажыраў у Мінску і два ў Баранавічах былі дастаўлены ў медыцынскія ўстановы, паведамілі ў прэс-цэнтры магістралі. Шасцёра расіян, якіх шпіталізавалі ў сталіцы, пасля атрымання меддапамогі неўзабаве былі адпушчаны з клінік.

Пытанне дастаўкі грамадзян Беларусі, накіраваных у медыцынскія ўстановы Масквы, знаходзіцца на кантролі ў Беларускай чыгункі.

Адзін з пасажыраў цягніка Масква — Брэст, што сутыкнуўся з электрычкай у расійскай сталіцы, расказаў пра падрабязнасці інцыдэнту «Звяздзе».

— У гэтым цягніку я вяртаўся дадому з Масквы, узяў білет у плацкартны вагон (ён, дарэчы, быў цалкам запоўнены), — згадвае Раман ВОЛАЗНЕЎ. — У момант сутыкнення наш састаў не рухаўся, я сядзеў на ніжняй паліцы. Без перабольшанняў, два ўдары былі вельмі моцнымі, нават не ведаю, з чым іх можна параўнаць. Скажу толькі, што мяне адкінула ў сценку з такой сілай, што я адляцеў ад яе назад. Адразу ж адкрыўся інтэнсіўны крывацёк, таму я нават не памятаю, якія пашкоджанні атрымалі суседзі па вагоне. Практычна імгненна мяне забралі на «хуткай» у НДІ імя Скліфасоўскага, дзе ўрачы дыягнаставалі некалькі рассячэнняў і наклалі тры швы. Іх, праўда, аказалася недастаткова. Учора Расійская чыгунка выплаціла мне грошы за зваротны білет, я вярнуўся ў Мінск і цяпер знаходжуся ў бальніцы — буду далечвацца на радзіме. Наколькі я ведаю, ужо з'явілася нейкая інфармацыя пра кампенсацыі, што будуць выплачаны пацярпелым, але я пакуль не цікавіўся гэтым, галоўнае для мяне цяпер — вырашэнне пытанняў са здароўем.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

skаts@zvіаzdа.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.