Вы тут

Лімон дапаможа кругом


Гэты кіслы фрукт вядомы высокай колькасцю вітаміну С, а таксама бактэрыцыднымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Лімон сапраўды настолькі карысны, што выкарыстоўваецца не толькі ў лячэбных мэтах, але і ў побыце, кулінарыі, касметалогіі. Прапаную нескладаныя спосабы яго прымянення.


1. Кожная гаспадыня ведае, як нялёгка адмываць мікрахвалёвую печ. Для палягчэння працэсу пастаўце ў яе глыбокую міску з вадой і долькамі лімона, уключыце максімальны рэжым на пяць хвілін. Плямы адыдуць лягчэй, а непрыемны пах знікне.

2. Напэўна, усе ведаюць, што можна ачысціць чайнік з дапамогай воцату, але пасля яго застаецца непрыемны пах, да таго ж гэта небяспечна. Лімон таксама дапаможа пазбавіць чайнік ад накіпу, а кафейнік ад налёту. Наліце ў чайнік вады, засыпце цэдру (папярэдне здрабніце) і давядзіце да кіпення. Пакіньце на адну гадзіну і вымыйце. Пры моцных забруджваннях працэдуру паўтарыце. Для чысткі кафейніка насыпце ў яго акрамя лімоннай цэдры лёд і соль. Зачыніце вечкам і энергічна патрасіце.

3. Мне падабаецца лімонны водар у доме, да таго ж ён робіць паветра свежым і вільготным, што асабліва важна ў зімовы час. Каб напоўніць дом прыемным пахам, пастаўце каструлю з вадой і цэдрай лімона на слабы агонь і дайце трохі пакіпець. Толькі не рабіце гэта перад сном, бо эфірныя алеі могуць моцна ўзбадзёрыць і не дадуць заснуць.

4. Цікавая вынаходка — самастойна зроблены асвяжальнік для шафы. Устаўце ў цэлы лімон некалькі гваздзік і падвесьце. Паступова фрукт высахне і пакіне свежы водар.

5. Калі ў мяне застаецца долька лімона, я праціраю ёю, абмакнуўшы ў соду, днушку, каб пазбегнуць размнажэння мікробаў і непрыемнага паху. А лупінамі можна «асвяжыць» смеццевае вядро.

6. Лімон заменіць плямавыводнік і адбельвальнік. Пры моцных забруджваннях белай бялізны, змяшайце яго сок з содай у прапорцыі 50/50 і нанясіце на пляму. Памыйце як заўсёды.

Каб пазбавіцца ад плям ад «зялёнкі», змяшайце лімонны сок і спірт у роўных долях, намачыце ватны дыск, пратрыце і запэцканыя месцы, і рукі.

Многія любяць насіць белы абутак, але, на жаль, першапачатковая белізна хутка знікае. Вярнуць яе можна з дапамогай пасты з пральнага парашку, лімоннага соку і воцату. Усё ў роўных частках. Пратрыце пажоўклыя ўчасткі. Са складанымі забруджваннямі справіцца сумесь зубной пасты і пары кропель лімоннага соку.

7. Пасля чысткі агародніны (асабліва свежай бульбы) або збірання ягад скура рук афарбоўваецца, а пазногці губляюць белізну. Каб ачысціць, пратрыце іх мякаццю лімона. Таксама гэта дапаможа пазбавіцца ад паху рыбы, цыбулі, часнаку.


У кулінарыі

1. Калі ведаеце загадзя, што цэдра лімона вам не спатрэбіцца пры гатаванні стравы, каб не выкідаць, счысціце яе з дапамогай таркі і замарозьце (каб яна не ўзялася адным кавалкам, перыядычна патрэсвайце кантэйнер да поўнага замярзання). Можна і высушыць, расклаўшы тонкім пластом на ручнік. Такую цэдру (гэтак жа, як і свежую) я дадаю ў цеста хатняга печыва, кексаў, пірагоў. А здробнены да стану мукі парашок заменіць лімонны экстракт.

2. Узбіць яечныя бялкі да густой пены будзе прасцей, калі дадаць да іх пару кропель лімоннага соку.

3. Перац з лімонным экстрактам — выдатная прыправа.

4. З лупіны можна зрабіць цукаты. Для гэтага 300 мл вады і шклянку цукру давядзіце да кіпення, паварыце ў сіропе долькі лімона 20 хвілін і дайце пастаяць паўгадзіны. Выкладзіце на папяровую сурвэтку, пасыпце цукрам, пакіньце высыхаць.

5. Калі варыце рыс, дадайце 1 ч. л. лімоннага соку. Крупы стануць рассыпістымі і пышнымі.

6. Побач з лімонам іншая садавіна будзе доўга захоўвацца свежай. А салату, якая пачала вянуць, можна асвяжыць. Пакладзіце яе на гадзіну ў міску з халоднай вадой і дадайце крыху лімоннага соку.


У касметалогіі

1. З дапамогай лімона можна пазбавіцца ад пігментных плям. На патрэбным месцы пакіньце лупіну фрукта на гадзіну.

2. Цэдрай праціраюць твар замест тоніка.

3. Для змякчэння скуры на локцях, каленях і пятках пратрыце іх паловай лімона, прысыпанай содай. Затым прамыйце і змажце крэмам.

4. Зусім не цяжка зрабіць амаладжальны скраб для цела. Паўшклянкі цукру, лімонную цэдру і аліўкавы алей змяшайце і нанясіце на чыстую вільготную скуру.

Яна Л., г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.