Вы тут

У Мінску ўручылі дыпломы і медалі Праведнікаў народаў свету


Дыпломы і медалі Праведнікаў народаў свету ўручылі нашчадкам тых беларусаў, якія ў гады вайны ратавалі яўрэяў.

Шэсць памінальных свечак як сімвал памяці аб шасці мільёнах яўрэяў, што загінулі ў гады Другой сусветнай, запалілі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У Дзень памяці Катастрофы і Гераізму еўрапейскага яўрэйства на дзве хвіліны замірае ўвесь Ізраіль — дзе б людзі ні знаходзіліся і чым бы ні займаліся, у гэты час яны моляцца за тых, чыё жыццё раптоўна абарвалася проста з-за таго, што нарадзіліся не той нацыянальнасці...


Ахвяр нацысцкага рэжыму магло быць значна больш, каб не добрыя сэрцы людзей, якія бескарысліва, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў. Толькі тых, хто рабіў гэта на тэрыторыі сучаснай Беларусі, сярод Праведнікаў народаў свету, — каля 900 чалавек. Яшчэ некалькі нашых землякоў атрымалі гэтае высокае званне літаральна на днях. Праўда, ужо пасмяротна.

— Для нас гэтыя людзі з'яўляюцца больш чым героямі, — зазначыў падчас цырымоніі ўручэння дыпломаў і медалёў Праведнікаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Алон ШОГАМ. — Па аб'ектыўных прычынах, Праведнікаў становіцца ўсё менш. Затое мы маем вялікі гонар мець зносіны з іх нашчадкамі.

Марыя Ружынская, праўнучка Праведнікаў, пра подзвіг сваіх продкаў даведалася толькі два тыдні таму. ...Выратаваная Валянціна была адзінай дачкой у сваіх бацькоў: яўрэя і расіянкі. Жылі яны на Віцебшчыне, у Лукомлі, дзе яўрэйская абшчына існавала шмат гадоў. Калі ў ліпені 1941 года немцы акупавалі мястэчка, мясцовым яўрэям (а гэта каля 300 чалавек) загадалі надзець жоўтую нашыўку і прыцягвалі да прымусовых работ. У кастрычніку 1941 года Іосіф адправіў сваю жонку і дзесяцігадовую дачку за межы мястэчка, да знаёмай беларускі. Сам застаўся дома — быццам чакаў, што хутка адбудзецца нешта жахлівае. Як толькі Валянціна з мамай перайшлі раку, пачулі з боку Лукомля крыкі — паліцаі павялі яўрэяў на могілкі, дзе іх чакалі падрыхтаваныя ямы...

На наступны дзень маці Валянціны захацела забраць са сваёй хаты цёплае адзенне. Як толькі яны з дачкой вярнуліся дадому, натрапілі на паліцаяў. Жорстка катаваную жанчыну забілі на вачах у дачкі. Сваякі адмовіліся ад дзяўчынкі: баяліся, што не пракормяць. Тады яна звярнулася да суседкі. Папрасіўшыся ўсяго на адну ноч, засталася ў яе да вызвалення Лукомля.

Гэтымі ратаўнікамі былі Анастасія і Іван Ружынскія. У іх былі свае дзеці, але яны прынялі яўрэйскую дзяўчынку і адносіліся да яе як да роднай дачкі. Засталася Валянціна ў іх і пасля вызвалення Беларусі.

«Выратаваная Мая якраз сёння святкуе сваё 80-годдзе», — пачынае аповед Таццяна Трубіла, унучка і дачка Праведнікаў з Бабруйска. Мая — дачка яўрэя Аўраама і яго жонкі Стэфы, беларускі. Разам з сястрой Жаннай і братам Алікам яе выратавала сям'я Пяшковых.

Увечары таго дня, калі пачалася вайна, маці з двума дзецьмі Жаннай і Алікам паехала ў Магілёў. Мая Віхман засталася з дзядулем, але той у хуткім часе быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. 28 чэрвеня 1941 года Бабруйск акупавалі немцы, ужо ў жніўні было створана гета, куды перасялілі ўсіх яўрэяў горада і навакольных вёсак. Трапілі туды і члены сям'і Віхман, у тым ліку Мая. Дзядуля і бабуля па матчынай лініі яшчэ паспелі выратаваць яе: 6 лістапада 1941 года побач з вёскай Каменка ўсіх жыхароў гета забілі...

Бабуля паклапацілася аб тым, каб пасяліць Маю ў Пяшковых — суседзяў і сяброў сям'і. Там ужо знаходзіліся Жанна і Алік. Дзеці хаваліся ў кладоўцы і падчас небяспекі спускаліся праз патайны ход у падвал. Малодшыя Пяшковы, якія не нашмат былі старэйшыя за яўрэйскіх дзяцей, клапаціліся пра іх: прыносілі ежу і разам гулялі. У такіх умовах і жылі на працягу года. Аднойчы захварэў Алік, якога забрала бабуля, а з ім і Маю. Ужо назаўтра па даносе яны былі арыштаваны і адпраўлены ў турму. Жанна заставалася ў Пяшковых да вызвалення Бабруйска.

— Мая бабуля разам са сваёй сяброўкай пайшлі ў адміністрацыю гестапа і заявілі, што арыштаваныя Мая і Алік не з'яўляюцца яўрэямі, — успамінае аповеды маці Таццяна Трубіла. — Маўляў, яны не ад Аўраама. Цуд ці не, але немцы паверылі ім і адпусцілі дзяцей.

Выратавальнікі яўрэяў ніколі не думалі, што іх учынкі будуць так высока ацэнены. Як і многія беларусы, яны не лічылі гэта подзвігам. Рызыкуючы сваім жыццём, яны ратавалі суседзяў і знаёмых не дзеля ўшанаванняў. Гэта была справа сумлення, праява найвялікшай міласэрнасці да тых, каму было крыху цяжэй, чым усім астатнім...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Загаловак у газеце: Справа сумлення і міласэрнасці

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.