Вы тут

Хто здабывае «разрыў-траву»?


Асаблівыя птушкі ў беларускім фальклоры


Дзяцел — агульная назва значнай колькасці распаўсюджаных у Беларусі відаў птушак. Часцей за ўсё ў традыцыйнай народнай культуры фігуруе вялікі чорны дзяцел, або жаўна, з адметным у самцоў пунсовым апярэннем на галаве — своеасаблівай «шапачкай» (Паводле: М. Антропаў. Дзяцел // Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2011. С. 153). Гэтая чырвоная «шапачка», верагодна, матывавала міфапаэтычную сувязь жаўны з агнём, стэрэатыпны колер якога — чырвоны.

Прагноз надвор’я ад жаўны

Дзяцел (жаўна) звязаны не толькі з агнём, але і з іншымі першастыхіямі — вадой і паветрам. Крык жаўны, як i крык канi-кнiгаўкi ды некаторых iншых птушак, у легендзе тлумачыцца тым, што жаўна правінілася «перад Богам і людзьмі» — не ўдзельнiчала ў капаннi рэк i iншых вадаёмаў, і за гэта пакараная: не можа пiць ваду на зямлi, а толькi дажджавыя кроплi. У ваколіцах Ваўкавыска крык жаўны інтэрпрэтуецца як просьбапатрабаванне: «пііць! пііць!», што лічыцца прадказаннем хуткага дажджу: «Як суша доўга трымае, а жаўна чорна, седзячы на дзераве, крычыць такім голасам, бы то “піць! піць!”, то незабавам дасць бы дождж» (Беларускія народныя прыкметы і павер’і: у 3 кн. Кніга 1. Мінск, 1996. С. 209). У іншых метэаралагічнх прыкметах дзяцел вяшчуе мяцеліцу, буру, мароз і інш.: «Калі жаўна тарахціць па дзераве, то будзе бура». Калі ж дзяцел дзяўбе зімой у сцяну жытла, чакаюць мяцеліцу. «Калі жаўна тарахціць дзюбам па сухой галіне, то будзе негаць». Паводле паводзінаў жаўны рабілі доўгатэрміновы прагноз надвор’я як улетку, так і ўзіму: «Як жаўна ўлетку, седзячы на сухом дзераве, туркоча або свішча, то будзе доўгая пагода, а як зімою, то доўга мароз патрымае» (Там жа, с. 209 — 210).

Дзяцел-бортнік

Беларусам, як і іншым славянам, вядомыя міфалагічныя ўяўленні пра паходжанне дзятла ад пчаляра-бортніка. У Рэчыцкім Палессі зафіксавана легенда пра тое, што Бог ператварыў у дзятла пчаляра за працу ў нядзелю — выдзёўбванне сасновай борці для пчол (пчаляр імкнуўся зрабіць гэта першым, каб у панядзелак яго не апярэдзіў сусед). Апраўдваючыся, парушальнік забароны паведаміў Богу, што ён толькі акарыў сасну — «шчык ссек»; пакаранне за гэта было адэкватным, а менавіта лётаць і крычаць толькі «Шчык ссек! Шчык ссек!». Падобны варыянт легенды зафіксаваны ў Нясвіжскім раёне, але тут пчаляр рабіў у нядзелю засекі на дрэве з пчаліным роем, каб засведчыць на яго правы, за што Бог абавязаў яго з гэтага часу заўсёды, нягледзячы на святы, дзяўбці дрэвы доўгай дзюбай. Гэтыя легенды маюць пад сабой рэальны грунт: жаўна любiць старыя хваёвыя лясы, дзе ў тоўстых дрэвах нястомна выдзёўбвае дуплы для гнездавання. Новым дуплом жаўна карыстаецца ўсяго адзiн год, потым рыхтуе iншае, а ранейшае займаюць iншыя птушкi, вавёркi, кунiцы i лясныя пчолы, якiх некалi было вельмi многа ў нашых барах, а борцевае пчалярства практыкавалася яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя (Паводле: М. Антропаў. Дзяцел // Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2011. С. 153).

Жаўна шкодзіць, дзяцел спрыяе

У тэкстах няказкавай прозы ў дачыненні чалавека-пчаляра дзяцел і жаўна могуць займаць розныя пазіцыі і адпаведна набываць процілеглую ацэнку (жаўна ставіцца ў адзін рад з мядзведзем паводле функцыі шкодніцтва). У этыялагічнай легендзе дзяцел спрыяе пчаляру, у адрозненне ад жаўны, якая крадзе ягоны мёд і паказвае дарогу да калод мядзведзю, а таму «з жаўной дружбы няма». У легендзе з Мазырскага раёна «Чаму мядзведзь клышаногі, дзятлу дазволена ў садзе жыць, а жаўну гоніць пчаляр» апавядаецца, як пчаляр ставіў на дубах і соснах калоды, а за ім прасачыла птушачка ды паведаміла пра тое месца мядзведзю. Мядзведзь выдзіраў мёд, злаваў пчол, а гаспадару калод нічога не заставалася акрамя пчаліных укусаў. Пчаляр паскардзіўся на мядзведзя дзеду. Дзед папрасіў дзятла дапамагчы ім узамен на тое, што дзяцел зможа сяліцца ў садзе і ліса ніколі не будзе есці ягоных дзяцей. Тады дзяцел дачакаўся, пакуль мядзведзь залезе на дрэва з калодай, і абдзяўбаў усе сукі за ім. Калі мядзведзь хацеў уцячы ад раззлаваных пчол, сучча не аказалася. Шкоднік зваліўся на зямлю і моцна пакалечыўся. «А ў благадарнасць, што дзяцел памог таму пчаляру, дак ён ужо заўсёды… Толькі дзятлу разрашаецца ў саду, дзе яблыня… Ці ў яблыне жыць, там, дзе блізка. І ката ганяе». Жаўну ж пчаляр гоніць, «бо жаўна доўгі язык мае і дарогу мядзведзю паказвае. З жаўной дружбы няма. Дак жаўна да сіх пор урадзіць пчаляру, пчол крадзе з вулля. Жаўна — эта такая пціца з доўгія языком. Так яна як языка запусьціць у вулей, то з вулля пчол выцягвае. Жаўна па-настаяшчаму выцягвае, ну» (Традыцыйная культура беларусаў. У 6 т. Т. 6: Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн., кн. 2. Мінск, 2013. С. 589). У заалагічным кодзе беларускага фальклору шкодніцкая функцыя жаўны збліжае яе не толькі з мядзведзем, але і коршакам: «Жаўну, застрэўшы, трэба біць, бо яна горш за коршака, бо коршака можна адагнаць ад курэй ля хаты, а яе не ўгледзіш, як выдзяўбе ў вуліку дзірку да павыцягае ўсе пчолы сваім доўгім на дзве пядзі языком, ліпучым, як смала» (Беларускія народныя прыкметы і павер’і… Кн. 1. С.126).

Сны і прадказанні

Дзяцел судачыняецца з тагасветам, смерцю. Лічаць, што, калі дзяцел (жаўна) дзяўбе ўвесну сцены жылых будынкаў, трэба чакаць смерці аднаго з сямейнікаў. Калі дзяцел пачне дзяўбці сцяну дома, дзе ёсць хворы чалавек, — той не паправіцца ад сваёй хваробы: дзяцел ужо «прадзёб» яму магілу (Беларускія народныя прыкметы і павер’і… Кн. 2. С. 236). Далучанасць дзятла да іншага свету, усёведанне ўскосна прадстаўлены ў шырока распаўсюджаным у розных славянскіх традыцыях уяўленні пра сувязь гэтай птушкі з чарадзейным зеллем, так званай «разрыў-травой», пры дапамозе якой можна адмыкаць любыя замкі і запоры без ключоў. Дарэчы, падобнае ўяўленне вядомае і шэрагу неславянскіх еўрапейскіх народаў. Паводле беларускага веравання (адзінкавая фіксацыя, зробленая ў сярэдзіне XIX стагоддзя П. Шпілеўскім), каб здабыць гэтае зелле, дастаткова абгарадзіць гняздо дзятла з яйкамі асінавымі пруткамі, і ён на другі дзень прынясе траву, якая мае сілы знішчаць усе агароджы (у іншых беларускіх лакальных варыянтах адпаведныя веды маюць такія птушкі, як сарока, сава ці сойка, а таксама вожык або чарапаха (Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік… С. 154). Вяшчунская функцыя дзятла ўскосна прадстаўлена ў народных тлумачэннях сноў: бачыць яго ў сне (асабліва калі дзяўбе) — значыць атрымаць нечаканыя весткі ці зажурыцца, бо «людзі наклююцца»; калі ўбачыць цяжарная жанчына — народзіць сына (Там жа).

«Сямейная» птушка

У казках дзяцел можа выяўляцца як працавітая, «сямейная» птушка, якая з-за сваёй даверлівасці становіцца ахвярай хітрэйшых за яе звяроў (лісы). У казцы «Звяры ў яме» ліса з дапамогай даверлівага дзятла выбіраецца з ямы, паабяцаўшы, што не будзе есці яго птушанят. Разам з тым дзятлу прыпісваецца такая рыса, як помслівасць. У запісанай Адамам Багдановічам у Халопенічах Барысаўскага павету казцы «Помста дзятла» дзяцел паклікаў да сябе на радзіны ўсіх звяроў, акрамя лісы; ліса помсціць, падманам забраўшы і з’еўшы яго птушанят. Тады дзяцел зрывае злосць не на лісе, а на мужыку і яго сям’і (Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік… С. 154).

Толькі ў беларускім казачным эпасе вядомы сюжэт «Сава і дзяцел» з выразным «люстраным» паралелізмам суб’екта, часу і дзеяння: сава абураецца тым, што дзяцел з раніцы стукае і не дае ёй спаць, а дзяцел, у сваю чаргу, тым, што сава ноччу перашкаджае яму адпачываць сваім крыкам (Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік… С. 154). Паводле гэтай казкі, сябравалі некалі сава з дзятлам. Але вось аднаго разу не паспела яшчэ як след развіднець, а дзяцел ужо ўхапіўся за работу. Ён так забарабаніў па старой хвоі, аж рэха пайшло па ўсім лесе. У гэты час яго суседка сава толькі клалася спаць. Раззлавалася сава ды кажа дзятлу: «Ці маеш ты розум, не дасі мне спакойна паспаць». Здзівіўся дзяцел, як гэта днём ды спаць. Не паслухаў ён саву, а зноў узяўся за сваю работу. Мінуў дзень, настала ноч. Усе дзятлавы сваякі моцна заснулі. Заснуў і сам дзяцел. Але раптам ён пачуў крык савы. Узлаваўся дзяцел ды кажа: «Чаго ты мяне пужаеш, ідзі спаць!». Але сава не паслухала дзятла, як дзяцел не паслухаў саву. З таго часу і не ладзяць сава і дзяцел паміж сабой. І так у іх пайшло дзень за днём, ноч за ноччу: ні дзяцел, ні сава з таго часу не могуць спаць спакойна (Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі / рэд. В.К. Бандарчык. Мінск, 1971. С. 259).

У паэтычных жанрах дзяцел можа складаць пару з жаўной паводле апазіцыі «мужчынскае / жаночае», прыкладам:

Як паставіў верабейка

На сметнічку хату

Ды сазваў на наваселле

Госцейкаў багата.

Піва, квасу наварыў,

Квашанінкі настудзіў,

Насмажыў кілбасаў

І ўсякага мяса.

Ў залачонай карэце

Дзяцел пад’язджае,

А за дзятлам на валах

Жоўна паспяшае.

 А зязюля з шуляком,

Перапёліца з круком

Лугам, даліною

Шпараць пехатою… (Дзіцячы фальклор / склад. Г. А. Барташэвіч. Мінск, 1972. С. 253—254).

 Мужчынская сімволіка дзятла выразна выяўлена і ва ўзгаданым вышэй тлумачэнні сну: «Калі бярэменнай прысніцца дзяцел, сына мецьме» (Паводле Беларускія народныя прыкметы і павер’і…), у загадцы пра дзятла: «Ехаў тота, прывязаў каня да плота, не так да дзяўчат, як да старых баб» (Загадкі / склад. М. Я. Грынблат, А. І. Гурскі, 2004. С. 141). У гэтай і іншых загадках увага акцэнтуецца на «працы» дзятла — стук, выдзёўбванне доўгай моцнай дзюбай казурак са старых дрэў, што робіць апошнія здаравейшымі. Даўжыня як адметнасць дзюбы дзятла абыгрываецца ў прыказках і прымаўках, параўнаннях і выслоўях, напрыклад: «Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос!»; «Хваліўся дзяцел, што клюнка (дзюба) доўгая»; «Нос як у дзятла дзюба». У малых фальклорных жанрах адлюстраваліся і іншыя асаблівасці марфалогіі і паводзін гэтай птушкі: «Язык доўгі як у жаўны»; «Жаўна языкатая!» (абзыванне, ганьбаванне; пра колкую жанчыну з «куслівым» языком); «Сядзіць, як жаўна ў дупле»; «Ці скора ты нажарэшся, жаўна?» (жаўна тут — абжорлівы чалавек) (Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік... С. 153).

***

Вобраз дзятла, такім чынам, звязаны з матывамі граху і пакарання (не выконваў прадпісанняў і забаронаў), «блаславёнасці» (дапамог пчаляру па просьбе дзеда) і метамарфозы (паходжанне ад чалавека), далучанасці да розных сфер светабудовы і ўсёведання, прадказання (параўнайце з уяўленнямі рымскіх аўгураў, якія лічылі, што дзяцел (лац. picus) як свяшчэнная птушка бога Марса надзвычай прыдатны для варажбы). Вызначаецца суаднесенасць дзятла са смерцю, магілай, тагасветам, цудоўнымі прадметамі, першастыхіямі агню, паветра і вады (нябеснай), метэаралагічнымі з’явамі, золатам (едзе ў залатой карэце), з мужчынскім пачаткам (жаўна адпаведна асацыюецца з жаночым). У характарыстыцы дзятла вылучаюцца чырвоная «шапачка»; доўгія язык і дзюба — касцяная саха, якой ён апрацоўвае драўлянае поле; актыўны дзённы лад жыцця; бацькоўская клапатлівасць; прывязанасць да сям’і (дупла), «ненажэрнасць», помслівасць, даверлівасць.

Іна ШВЕД, доктар філалагічных навук

Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.