Вы тут

Па якой схеме развіваецца гуманітарная навука


Развіццё кожнай навукі адпавядае пэўнай заканамернасці. Спачатку ідзе збіранне, назапашванне фактаў, у тым ліку фактаў духоўнага парадку, затым іх асэнсаванне, нарэшце вывядзенне на гэтай аснове тэорый — абагульненняў з мэтай таксама і практычнага выкарыстання. І хоць у мастацкай літаратуры і ў фальклоры кожны факт (твор) мае самастойнае значэнне і патрабуе асобнага вывучэння і інтэрпрэтацыі, але і гуманітарная навука развіваецца па згаданай схеме. 


Возьмем фалькларыстыку. Менш чым за два стагоддзі яна ў Беларусі прайшла вялікі і слаўны шлях. Першы этап гэтага шляху — апісальны, збор тэкстаў. Фальклор беларусаў аказаўся выключна багаты. Яшчэ ў савецкі час пачалося яго сістэматызаванае выданне. Дзякуючы каласальнай працы навукоўцаў пабачылі свет зборнікі з цыкла «Беларуская народная культура». Пачалося ўнікальнае выданне ў 1970 годзе, а цяпер кніг ужо 52. Выходзілі і іншыя тэматычныя зборнікі, шматлікія манаграфіі навукоўцаў. У 2006 годзе выдадзена энцыклапедыя ў двух тамах «Беларускі фальклор». Цэлая плеяда фалькларыстыў сабрала, падагуліла велізарную колькасць матэрыялу, класіфікавала яго — перш за ўсё па жанрах. 

У канцы ХХ стагоддзя новыя тэмы дыпломных работ, дысертацый, манаграфій засведчылі, што апісальны перыяд фактычна закончыўся, фалькларыстыка ўступіла ў якасна новы этап. Пры вывучэнні фальклору даследчыкі пачалі звяртацца да тэорыі літаратуры, да семіётыкі, структуралізму, міфалогіі. Ды і сама міфалогія як навука ў 1990-я гады так імкліва развівалася таму, што асноўвалася на фальклорным матэрыяле. Навукі ўзаемна ўзбагачаліся. 

Мы рэдка задумваемся пра тое, як змянілася бытавая культура народа пад уплывам глыбокага вывучэння фальклору, калі разумець пад гэтым паняццем і вербальны фальклор, і яго матэрыяльную частку (тое, што лічыцца этнаграфіяй). Скажам, у 1960-я гады вясельныя рытуалы ў горадзе праходзілі бедна, хоць і весела. Маладыя сядзелі на кажухах, не ведаючы, што гэта азначае, а родзічы абсыпалі іх зернем. Але насычэнне свят прыгожай народнай абраднасцю праходзіла імкліва. 

У 1980-я гады студэнты з майго вучэбнага семінара ўпершыню пачалі калядаваць — напачатку ў так званым «пісьменніцкім доме» па вуліцы Маркса, 36. Жыхары былі папярэджаны, гэтым мы забяспечылі поспех акцыі. Студэнты падрыхтаваліся ў найлепшых традыцыях народных свят. Мелі поспех. У выніку яны, згінаючыся, ледзь прыцягнулі ў інтэрнат цяжкія мяхі з прысмакамі — насельнікі цэлага паверха харчаваліся тры дні. У тыя ж гады летам пачалося святкаванне Купалля — спачатку ў Заслаўі. 

Купалле. Фота з сайта tribunapracy.by

Не ўсё тады атрымалася. Так, мы зразумелі, што калядаванне ў горадзе, у незнаёмых дамах, немагчыма. Але важна, што імпульс быў дадзены. Усё больш смела традыцыйныя элементы пачалі выкарыстоўвацца ў абрадах, узнікалі ансамблі народнай музыкі, значна ўзбагаціліся інтэр’еры самых розных тыпаў памяшканняў, на гэтай аснове афармляліся аграэкасядзібы, што пачалі прыносіць значны даход гаспадарам і дзяржаве. 

Што ж тычыцца навукі фалькларыстыкі, то, значна абнавіўшыся на мяжы стагоддзяў, сёння яна шукае новыя шляхі. Расце грамадская запатрабаванасць у больш глыбокім асэнсаванні народнай спадчыны. 

Варта грунтоўна даследаваць паэтыку твораў, іх сувязь з этнаграфіяй, гісторыяй, культуралогіяй, мовазнаўствам. Нейкія даследаванні, безумоўна, вядуцца, абараняюцца дысертацыі, але яны — заслуга даследчыкаў сярэдняга пакалення, якія ў гады маладосці пазначылі сваімі працамі новую парадыгму. А сёння проста не хапае сіл. За сярэднім пакаленнем не стаіць маладая змена. Ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў ліквідавалі кафедру фальклору (!). Нонсэнс. Гэта цяжка нават усвядоміць. Але радуе тое, што ў БДУ даследуецца гарадскі фальклор. Тэма важная, бо выводзіць, па сутнасці, на сацыялагічную праблематыку, на тыя складнікі самасвядомасці нацыі, якія неабходна ўлічваць у сваёй дзейнасці і палітыкам, і журналістам, і гаспадарнікам. Аднак у фалькларыстычнай навуцы гэта, уласна кажучы, новае кола таго ж апісальніцтва, праўда, з адначасовым асэнсаваннем матэрыялу. 

Між тым неабходны прарыў, прычым шырокафрантальны і на новай парадыгме. Ён магчымы толькі з захопам у полі зроку дадзенай навукі дасягненняў іншых навук, інакш кажучы, зыходзячы з тэорыі адзінства. Кожны вобраз, кожны міф, кожны фальклорны сюжэт патрабуе падрабязнага тлумачэння з улікам самых розных ведаў, няхай гэта пакуль будуць гіпотэзы, версіі. Напрыклад, ужо вельмі даўно я выказала думку, што папараць-кветка — гэта сонца надзіра, так званае — у міфалогіі — «чорнае сонца», падземнае, якое толькі раз на год — на Купалле — выходзіць на паверхню зямлі. Гэта тлумачэнне погляду на з’яву нашых продкаў. Задача ж навукі — зразумець, як узнікла ўяўленне пра «чорнае сонца», з якімі астранамічнымі ведамі яно было звязана, чаму на зямлі набыло выгляд кветкі, чаму кветка аказалася надзеленай незвычайнымі чароўнымі ўласцівасцямі, чаму ў фальклоры няма твораў, дзе папараць-кветка, нават калі яе і знайшлі, ажыццяўляла б свае магічныя функцыі, бо акружана сонмам нячысцікаў. Цэлы комплекс пытанняў, адказы на якія патрабуюць значнай работы фантазіі. А фантазіі якраз не хапае, бо не хапае ведаў. Скажам, ведаў па міфалогіі. Магутны ўздым цікавасці да міфалогіі ў 1990-я гады хутка сышоў. Міфалогія — гэта не толькі вобразы Бабы Ягі і лесавіка, як наіўна лічаць, а прынцыпы дзеяння нашай свядомасці, псіхалагічныя законы, якім падпарадкоўваецца і асобны чалавек, і народ. 

У свой час вядомы філолаг Дзмітрый Ліхачоў выказаў думку, што ў ХХІ ст. адбудзецца расшыфроўка міфаў, і лічыў гэта найважнейшым дасягненнем у гуманітарнай навуцы. Каб яно адбылося, неабходна і звяртанне да этымалогіі, навукі, якая ў нас прыйшла ў поўны заняпад. Карацей кажучы, фалькларыстыка павінна зрабіцца інтэгральнай навукай. Уласна, гэта патрабуецца і іншым навукам. Без сінтэзу далейшае развіццё немагчыма. Інакш не выйсці з сістэмнага крызісу, у якім знаходзіцца сучасная культура ва ўсім свеце. Таму і адукацыя павінна будавацца на іншых прынцыпах. 

Дазволю сабе нагадаць, што слова «ўніверсітэт» у перакладзе з лацінскай мовы азначае «сукупнасць». Маецца на ўвазе набыццё такой сукупнасці ведаў, якая б не толькі навучала, але і адукоўвала студэнтаў, рабіла б з іх людзей з шырокім кругаглядам, якія мысляць дыялектычна і гістарычна, разумеюць сутнасць з’яў. Усе, у тым ліку чыноўнікі ад адукацыі, гэта усведамляюць, пастаянна пафасна гавораць, а ў рэальнасці дысцыпліны, якія прызваны пашыраць кругагляд студэнтаў, развіваць іх інтэлектуальна, а не механічна-прагматычна, ліквідуюцца. Але ўжо сёння відаць, што прарыву такое навучанне не толькі ў тэорыі, але і ў практыцы не дае. Пакуль усё трымаецца на старэйшым і сярэднім пакаленнях. У гуманітарных навуках маладыя, якія, безумоўна, шмат робяць пад куратарствам старэйшых, выказваць крэатыўныя ідэі неяк саромеюцца... 

Культура разнесена па асобных сусеках і таму не працуе як цэлае ва ўмовах, калі ўсё ў свеце імкнецца да сувязі. Адукацыя ва ўніверсітэце павінна ахопліваць не толькі навукі, але і культуру ў цэлым. Разам з выхаваннем. Але сама культура — сапраўдная культура, народная і класічная, — якраз і выхоўвае. Патрыятычнае выхаванне моладзі — не толькі шэраг пэўных мерапрыемстваў (безумоўна, патрэбных), але і далучэнне да ўласнай культуры. Дарэчы, і да сусветнай таксама, але менавіта культуры, а не да сучасных тэхналогій, якія хутка адыходзяць і далучэнне да якіх моладзь лічыць прагрэсам. Тэхналогіі — гэта толькі форма, праз якую можна перадаваць розныя зместы. Якія будуць зместы — стваральныя або дэструктыўныя, — залежыць ад таго, у якім культурным асяродку выхоўваюцца тыя, хто новымі тэхналогіямі валодаюць. 

Не толькі навукоўцам неабходны прарыў, але і ўсяму насельніцтву варта больш шырока і глыбока (не на ўзроўні сувенірна-турыстычным) звяртацца да сваіх каранёў, задумацца пра ўласную ідэнтычнасць. Ёсць краіны, якія ставяцца да нас варожа, значыць, неабходна больш асцярожна (мякка кажучы) ужываць іх мову, якою напоўнена маўленне моладзі, тэксты журналістаў і чыноўнікаў, шыльды на вуліцах гарадоў. А пачаць прапаную са змянення назвы конкурсу «Міс Беларусь». Чаму дзяўчаты-беларускі — «міс»?! І чаму шараговы зварот «міс» — гэта нешта ганаровае? Смешна і недарэчна! У адным з беларускіх рэгіёнаў мясцовы конкурс называўся «Краса...» Вось выдатная знаходка: «Краса Беларусі», «Краса Мінска» і інш. Па-славянску прыгожа і больш адпавядае сутнасці. Акрамя таго, шакіруе, калі журналісты называюць ранейшую міс «самай прыгожай дзяўчынай Беларусі». Гэта, на маю думку, нетактоўна ў адносінах да іншых дзяўчат нашай краіны. Мне за іх крыўдна. Я працую з моладдзю пяцьдзясят гадоў і не бачыла непрыгожых дзяўчат. Усе прыгожыя, але па-свойму. Неабходна іх прыгажосць убачыць (не на пошлых, скажам шчыра, шоу). Для гэтага, зноў-такі, неабходны пэўны ўзровень культуры, які дасягаецца разуменнем такога жанру жывапісу, як партрэт, знаёмствам з шэдэўрамі кінамастацтва і г. д. 

Калядоўшчыкі. Фота БелТА

Нейкае іншае, больш глыбокае напаўненне неабходна ўносіць сёння ў паняцце «прыгажосць». 

Традыцыя правядзення конкурсаў прыгажосці ўсталявалася ў 1988 годзе, калі пэўныя грамадскія структуры, унутраныя і міжнародныя, рыхтавалі СССР да перамены ў грамадскім ладзе. Усё на продаж! У тым ліку прыгажосць, як быццам яе можна вымяраць па нейкіх параметрах і параўноўваць прыгожыя з’явы паміж сабою! Насельніцтва да шмат чаго, зусім недарэчнага, прывучылі. Але часы змяніліся — прыйшла пара адыходзіць ад звыклых з кашмарных часоў перабудовы стэрэатыпаў. 

Ёсць яшчэ адзін аспект праблемы. Мы ўсе заклапочаны ўмацаваннем беларускакй сям’і. Аснова сям’і — каханне. І для любога хлопца самая прыгожая дзяўчына ў свеце — яго каханая. Не патрэбна ўвагу будучых жаніхоў адцягваць дэманстрацыяй шаблонаў-ідэалаў. Розныя «міс» з іх галівудскімі параметрамі — не ідэалы. А толькі выбранніца — адна-адзіная і непаўторная. 

Я б зрабіла так (выказваю ідэю). Падлічыла б колькасць дзяўчат, якім у 2024 годзе спаўняецца 20 гадоў. Раздзяліла б іх агульную колькасць на 365 дзён. Напрыклад, атрымалася б па 10 чалавек на дзень. Кожны дзень або ў асобнай перадачы, або паміж перадачамі па дзве хвіліны паказвала б ролік пра прызначаных на гэты дзень дзяўчат. Тады кожная задумалася б, у якім абліччы паўстаць, на якім фоне, што распавесці пра свае інтарэсы, сваё хобі. Вось бы і атрымалася поўная панарама маладой беларускай прыгажосці. І так кожны год. З часам выхаваўчы патэнцыял гэтай акцыі ўзрастаў бы... Народ павінен убачыць усіх сваіх прыгажунь! 

Таццяна ШАМЯКІНА, доктар філалагічных навук, прафесар, член СП Беларусі

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.