Вы тут

БелАЭС: тут дзейнічае рэжым пастаяннага нагляду


Нядаўна завяршылася 7-я нарада дагаворных бакоў Канвенцыі аб ядзернай бяспецы. У штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене беларуская дэлегацыя абараняла нацыянальны даклад перад міжнароднымі структурамі. Аб выніках гэтага мерапрыемства расказалі члены дэлегацыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА.


Адказвалі максімальна разгорнута

Задоўга да нарады дагаворных бакоў беларускі даклад выклікаў павышаную цікавасць, супастаўную з цікавасцю да дакладаў краін з развітой ядзернай энергетыкай, паведаміў кіраўнік нашай дэлегацыі першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Васіль Сцепаненка. Да даклада паступіла 214 пытанняў (ад Літвы — 73). Літоўскі бок быў самым «уедлівым», бо цікавілі яго самыя розныя аспекты будаўніцтва Беларускай АЭС, якія датычыліся выбару пляцоўкі станцыі, арганізацыі нагляду, аварыйнага рэагавання і іншых момантаў.

Нашай краінай на ўсе пытанні былі дадзены аб'ёмныя і вычарпальныя адказы, паколькі ніякіх заўваг адносна таго, што мы на нешта не адказалі, не паступіла. «Пытанні былі сфармуляваны коратка, а мы пастараліся адказаць на іх разгорнута, каб не ўзнікала ніякіх непаразуменняў», — адзначыла начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляда) Вольга Лугаўская. Фармат абароны на пляцоўцы МАГАТЭ дазваляў задаваць дадатковыя пытанні па нацыянальным дакладзе.

Мыш не прашмыгне

Вольга Лугаўская паведаміла, што сёння на пляцоўцы Беларускай АЭС створана дзейсная сістэма нагляду. Яна нагадала, што раней на папярэдняй нарадзе дагаворных бакоў Канвенцыі аб ядзернай бяспецы адна з задач для Беларусі была сфармулявана як «арганізацыя інспекцыйнай сістэмы на пляцоўцы ўзвядзення АЭС». Тады быў пачатак узвядзення станцыі, таму пытанне стварэння адэкватнай і эфектыўнай сістэмы нагляду за выкананнем усіх відаў работ на пляцоўцы будаўніцтва было найбольш актуальным і важным на той момант», — растлумачыла яна. Сёлета ў МАГАТЭ Беларусь заявіла аб тым, што такая дзейсная сістэма нагляду на пляцоўцы будаўніцтва АЭС ужо дзейнічае. «Пасля абмеркавання на пляцоўцы Канвенцыі аб ядзернай бяспецы інфармацыі аб прагрэсе Беларусі па ўдасканаленні нагляду за будынкам АЭС дагаворныя бакі палічылі, што з гэтым выклікам наша краіна справілася», — адзначыла начальнік Дзяржатамнагляда.

Цяпер на пляцоўцы нашай станцыі функцыянуе сістэма пастаяннага нагляду за будынкам. «Гэта азначае, што 7 дзён у тыдзень 24 гадзіны ў суткі нашы інспектары могуць выконваць свае наглядныя функцыі. Гаворка ідзе не аб кругласутачнай працы, а пра магчымасці допуску да наглядных аб'ектаў і выкананні сваіх функцый», — растлумачыла Вольга Лугаўская. Акрамя інспектараў Дзяржатамнагляда ў фармаце пастаяннага нагляду на пляцоўцы працуюць пяць інспектараў будаўнічага нагляду і два інспектары прамысловага нагляду. Акрамя таго, працуюць інспектары па лініі санітарнага і экалагічнага нагляду.

Заяўку на ліцэнзію атрымаем гэтым летам

Цяпер ідзе падрыхтоўка дакументаў, а непасрэдна заяўка на атрыманне ліцэнзіі на эксплуатацыю Беларускай АЭС будзе перададзена ў Дзяржатамнагляд летам 2017 года. Вольга Лугаўская ўдакладніла, што працэс разгляду заяўкі працаёмкі. Згодна з заканадаўствам, на разгляд пакета дакументаў адводзіцца адзін год. «У рамках гэтага працэсу рэгулюючы орган мае права патрабаваць дадатковыя матэрыялы, калі нейкія пытанні будуць недастаткова асветленыя ў пададзеных дакументах», — дадала начальнік Дзяржатамнагляда.

Працэдура ліцэнзавання ўключае ў тым ліку экспертызу справаздачы абгрунтавання бяспекі. Яна праводзіцца рэгулюючым органам з прыцягненнем спецыялістаў Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны».

Сітуацыйныя крызісныя цэнтры створаць да запуску АЭС

Начальнік галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Леанід Дзедуль нагадаў, што для ўмацавання патэнцыялу гатоўнасці да рэагавання на ядзерныя аварыі ў чэрвені 2016 года ўрадам зацверджана канцэпцыя сістэмы сітуацыйных крызісных цэнтраў для атамнай энергетыкі, устаноўлены планы і тэрміны мерапрыемстваў па стварэнні гэтай сістэмы. У прыватнасці, такія цэнтры будуць створаны пры Мінэнерга, Мінпрыроды, Міністэрстве аховы здароўя, МУС, Нацыянальнай акадэміі навук. Стварэнне такой сістэмы дазволіць прыцягнуць экспертаў для аказання дапамогі персаналу і кіраўніцтву АЭС па розных кірунках і мінімізаваць магчымыя наступствы ў выпадку няштатных сітуацый.

Прадстаўнік МНС нагадаў, што ў Беларусі сістэма рэагавання на ядзерныя і радыяцыйныя аварыі інтэграваная ў нацыянальную сістэму рэагавання на надзвычайныя сітуа-
цыі, якая праходзіць адаптацыю з улікам новага аб'екта — атамнай электрастанцыі.

На нарадзе дагаворных бакоў Канвенцыі аб ядзернай бяспецы, дзе разглядаўся беларускі даклад, была агучана інфармацыя, што з улікам будаўніцтва атамнай электрастанцыі распрацаваны праекты ўнутранага і знешняга аварыйных планаў Беларускай АЭС. Унутраны план забяспечвае абарону персаналу станцыі, а знешні — абарону насельніцтва, якое трапляе ў зону магчымага забруджвання ў радыусе атамнай электрастанцыі. «Цяпер праводзіцца іх дапрацоўка і ўзгадненне з зацікаўленымі дзяржорганамі. Плануецца практычная адпрацоўка гэтых планаў у ходзе рэспубліканскага камандна-штабнога вучэння восенню 2017 года», — адзначыў Леанід Дзедуль. Паводле яго
слоў, супрацоўнікі МНС пастаянна вывучаюць практычны вопыт і рэгулярна прымаюць удзел у вучэннях за мяжой на дзеючых АЭС у Расіі, Францыі і іншых краінах.

Плануецца, што фактычна вучэнне ахопіць усю тэрыторыю краіны. «Паблізу нашых межаў знаходзяцца Смаленская, Ровенская, Ігналінская АЭС. З улікам гэтага падчас вучэнняў будзем узаемадзейнічаць з украінскім бокам, ёсць пацвярджэнне ўдзелу з боку Расіі. Калі пойдуць на кантакт, то і з літоўскім бокам будзем узаемадзейнічаць. Адпрацуем сумесныя дзеянні ў выпадку аварый у тым ліку на ядзерных аб'ектах у суседніх краінах, але галоўны акцэнт будзе на Беларускай АЭС», — дадаў Леанід Дзедуль.

«Важную ролю ў ацэнцы ступені нашай гатоўнасці да аварыйнага рэагавання будзе мець запытаная краінай у МАГАТЭ місія ЕРRЕV. Прадмісія адбылася 25—27 студзеня сёлета, а сама місія запланавана на сакавік 2018 года», — сказаў ён.

Трэба дамаўляцца і з Літвой

А яшчэ Вольга Лугаўская паведаміла, што іх дэпартамент «не апускае рукі» і разлічвае заключыць пагадненне аб узаемадзеянні і з Дзяржаўнай інспекцыяй па атамнай бяспецы Літвы (VАTЕSІ). «Ужо з 2014 года мы спрабуем заключыць з Літвой дагавор на ўзроўні рэгулюючых органаў або ўрадавым узроўні, які б дазволіў абменьвацца інфармацыяй. Пакуль у нас не зусім гэта атрымліваецца. Але мы будзем працягваць працаваць у гэтым кірунку, — адзначыла Вольга Лугаўская. — У нас ёсць дамовы з усімі краінамі па перыметры. Вядзецца абмеркаванне з латвійскім бокам, хоць гэта краіна і не валодае ядзернымі ўстаноўкамі». Рыхтуецца аналагічнае пагадненне са Славакіяй. «Прычым усе гэтыя дагаворы заключаюцца досыць аператыўна. Прапісаныя ў іх пазіцыі нам падыходзяць як з пункту гледжання атрымання інфармацыі, так і яе прадастаўлення», — дадала яна.

Праект пагаднення з VАTЕSІ мае на ўвазе тое, што бакі маглі б узаемадзейнічаць не толькі пры няштатных сітуацыях на ядзерных аб'ектах, але і абменьвацца інфармацыяй па пытаннях рэгулявання ў гэтай сферы, распрацоўкі нарматыўнай прававой базы. «Гэта можа быць вельмі шырокі спектр пытанняў. Усё залежыць ад жадання краін, якой інфармацыяй яны хочуць дзяліцца і ў якім рэжыме працаваць», — сказала спецыяліст. Дзяржатамнагляд разлічвае на прадуктыўнае ўзаемадзеянне з літоўскім бокам і мае намер задзейнічаць для гэтага ўсе міжнародныя пляцоўкі, уключаючы МАГАТЭ. Першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Васіль Сцепаненка звярнуў увагу, што адсутнасць двухбаковага пагаднення не азначае, што бакі не будуць абменьвацца інфармацыяй. «Проста гэта будзе праходзіць у рамках МАГАТЭ. Спачатку інфармацыя будзе паступаць у МАГАТЭ, а затым і другому боку», — растлумачыў ён.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.