Вы тут

Кітайская паэзія: кроў і слёзы, сонца і неба


У 2013 годзе лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт Мікола Мятліцкі быў адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта краіны за пераклад анталогіі кітайскай паэзіі «Пад крыламі дракона. Сто паэтаў Кітая». Выдадзеная пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта накладам у 2500 экзэмпляраў, анталогія стала адлюстраваннем паэзіі Паднябеснай з пачатку нараджэння першых вершаў.

Відаць, з'яўленне гэтай кнігі справакавала і нараджэнне адмысловай серыі зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая». Ужо пабачылі свет кнігі Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Ай Ціна, Лі Хэ, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня. Здадзены ў друкарню і зборнік Мэн Хаажаня. Завершаны пераклад кнігі Сюй Чжымо. Са славянскіх літаратур хіба што руская перакладчыцкая школа можа вызначацца большай увагай да кітайскай паэзіі. Прынамсі — на сучасным этапе. Прадаўжае сваю працу па пераўвасабленні кітайскай паэзіі і Мікола Мятліцкі. Цяпер ён працуе над перакладам і ўкладаннем анталогіі кітайскай паэзіі XX стагоддзя. Пра гэты творчы праект і пойдзе наша размова.


— Мікалай Міхайлавіч, ведаю, што вы зараз працуеце над складаннем анталогіі кітайскай паэзіі XX стагоддзя... Раскажыце падрабязней пра гэты кірунак у вашых творчых пошуках.

— За час, што прайшоў з дня выхаду ў свет зборніка «Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая», мне неаднаразова давялося падумаць пра тое, што самае значнае, паэтычна насычанае, лёсавызначальнае ў жыцці кітайскага народа ХХ стагоддзе патрабуе больш пільнай перакладчыцкай увагі. Гэта кітайская сучаснасць, вядомая, канешне ж, і нам у кантэксце існавання ўсяго чалавецтва. Прытым перакладчыцкі камертон у маёй душы не суцішваў свой гук. Мяне па-сапраўднаму захапіла глыбока рэалістычная паэзія Кітая, створаная на працягу многіх і многіх стагоддзяў самымі сумленнымі і таленавітымі прадстаўнікамі гэтай вялікай нацыі.

— Вы перакананы, што паэзія кітайскага Сярэдневечча выключна рэалістычная?..

— А як жа іначай мы можам думаць?! Кожны верш — і нават самага пейзажнага выяўлення — адбітак часу і падзей. Вы ж звярнулі ўвагу, што творы кітайцаў нельга не падаваць без каментарыяў. Шмат сэнсаў губляецца, калі няма каментарыя ў перакладзе... Амаль усе гістарычна вядомыя старавечныя цывілізацыі свету пачаргова сышлі, але Кітай ацалеў у сваім бесперапынным развіцці — і вопыт яго жыццястойкасці не можа не зацікавіць. Бо гэта вопыт такой вялікай духоўнай сілы. Як мне здаецца, ён выявіўся і ў кітайскай паэзіі, якая з'яўлялася і з'яўляецца вышэйшай ступенню самой маральнасці грамадскага жыцця.

Мы не павінны забываць і той гістарычна важны факт, што толькі адзіная ў свеце кітайская эканамічная рэформа прынесла належныя вынікі: чатырыста мільёнаў жабракоў зрабіла заможнымі, вартымі гонару «людзьмі звацца». Я хачу стварыць своеасаблівую паэтычную анталогію са ста імёнаў творцаў ХХ стагоддзя Кітая, кнігу бедаў і радасцяў, перамог і здзяйсненняў — кнігу народнага жыцця. Магу дазволіць сабе прамовіць гэтыя гучныя словы толькі па адной прычыне, бо з'яўляюся ўсяго толькі перакладчыкам, а не аўтарам, гэтай лёсаваспалучанай кнігі. Яна напісана крывёй, слязьмі і самымі светлымі чалавечымі памкненнямі многіх і многіх таленавітых кітайскіх паэтаў. Мне вельмі ж хочацца, і я да гэтага імкнуся, абапіраючыся на свой немалы перакладчыцкі вопыт, каб кніга кітайскага быцця прагучала выразна, кранальна і паўнавартасна на нашай роднай мове.

— Спраектаваўшы некалі аўтарскую анталогію кітайскай паэзіі «Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая», вы думалі пра тое, што вам удалося напоўніцу адкрыць паэзію Кітая, асэнсаваць яе мастацкае святло?

— Прызнацца, цікавасць да кітайскай паэзіі для мяне асабіста сталася выпадковасцю. З'яўляючыся загадчыкам рэдакцыі перакладной сусветнай літаратуры ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», мой знакаміты зямляк Барыс Іванавіч Сачанка падараваў мне паэтычны зборнік Ван Вэя, папрасіўшы перакласці падборку вершаў для альманаха «Далягляды». Потым гэтай справе быў нечакана дадзены адбой. Яшчэ нават не паспеў я разгарнуць зборнік. Вядома, умяшалася палітыка. Недзе прашапталі: немэтазгодна! Чым ужо мог нашкодзіць тагачасным ідэолагам кітайскі паэт, які жыў і тварыў у VІІІ стагоддзі? Гэта, напэўна, і падагрэла маю цікавасць да Ван Вэя, а пасля і да ўсёй кітайскай паэзіі. Для мяне асабіста з'явілася адкрыццём тое, што яна ў сваёй пісьмовай форме існуе цэлыя 24 стагоддзі! Уявіце, ужо ў ХІІ стагоддзі адзін з кітайскіх вядомых паэтаў Лу Ю ўздыхае з прыдыхам: як перачытаць усе паэтычныя скруткі!

Пяць вазоў старадаўніх

тамоў

Умясціць бы ў хаціну маю

І не толькі сумець

прачытаць —

На памылках пакінуць

пазнакі.

Хіба такое не можа па-сапраўднаму ўразіць і захапіць? Таму і выспела сама па сабе задума: укласці і перакласці на родную мову такі зборнік, дзе б прасачылася сама дамінанта бесперапыннага гістарычнага развіцця кітайскага паэтычнага слова. І як гэта хораша, што хрызантэма і лотас, якія цвілі больш чым дзве тысячы гадоў таму на вятрах імклівага часу, дайшоўшы да нашых дзён, не страцілі ніводнага свайго пялёстка, водару і колеру, роснай ранішняй усмешкі.

— Каго з кітайскіх паэтаў вы параўналі б з Купалам, Коласам, Багдановічам, Танкам?

— Наша класічнае ХХ стагоддзе — усяго адна дваццаць чацвёртая частка ў суаднясенні з кітайскім паэтычным шляхам. Калі назваць нават па адным значным паэце з кожнага стагоддзя, то іх будзе ажно дваццаць чатыры! Пачынаючы з першага пісьмова вядомага Цюй Юаня можна подбегам прабегчыся па ўсёй гістарычнай лесвіцы і таропка пералічыць тых, хто асабліва памятны і дарагі кітайскаму народу, — Таа Юаньмін, Ван Вэй, Лі Бо, Ду Фу... і далей і далей — да Го Мажо і Ай Ціна! Усіх іх і многіх іншых можна смела паставіць упоравень з нашымі класікамі. І літаральна амаль па кожным стагоддзі даць не менш разгорнуты спіс, як мы робім тое па сваім ХХ стагоддзі.

— У чым падабенства і ў чым галоўныя адрознасці кітайскай і беларускай паэзій?

— Наша і кітайская паэзія набліжаюцца адна да адной сілаю духу, жарам бескарыслівага служэння роднаму народу ў дні барацьбы за волю і долю, мудрасцю бачання гістарычных абсягаў, клопатам пра будучыню, якая вырастае з вернасці ўсяму роднаму, лёсава выпакутаванаму. Кожнаму з нашых класікаў можна назваць гістарычны адпаведнік у Кітаі, і не толькі ў ХХ стагоддзі. Наша літаратурнае слова адшліфавалі да дасканаласці, скажам, Купала і Колас. У вялікім Кітаі гэта зрабіў ужо ў ІV—V стагоддзях самы незабыўна любімы паэт Кітая Таа Юаньмін. Зрабіў тое, што ў XІX стагоддзі ў Расіі зрабіў Пушкін, на Украіне — Шаўчэнка. А адрознасць адна — сама даўжыня гістарычна пройдзенага шляху. У нашага народа яна крыху большая за тысячагоддзе. У кітайскага — аж скалане думка: каля сямі тысячагоддзяў развіцця, заняпаду, узнясення, адраджэння, пошукаў, страт і набыткаў. Мне іншы раз здаецца, што, маючы ўсяго мноства, самі кітайцы сягоння недаацэньваюць свае адвечныя паэтычныя набыткі, малавата іх штурхаюць у свет. А гэтая духоўная экспансія паставіла б на месца многіх выскачак, хто сягоння імкнецца народам свету ўправіць мазгі.

— У свой час, у 1950—1960-я гады, беларускія паэты Сяргей Дзяргай, Мікола Аўрамчык, Максім Танк, крыху пазней — Рыгор Барадулін, Валянціна Коўтун, Анэля Тулупава — шмат перакладалі кітайцаў... Як вы лічыце, ці адбываецца сёння ў Беларусі новае прачытанне кітайскай паэзіі на мове Купалы і Коласа? Ці дае падставы так меркаваць серыя Выдавецкага дома «Звязда» «Светлыя знакі: паэты Кітая»?

— Не магла не існаваць цікавасць у нашых айчынных паэтаў і перакладчыкаў да кітайскай паэзіі. У гады бясхмарных адносін паміж нашымі сацыялістычнымі краінамі прабіліся першыя парасткі і на ніве перакладу. У Кітаі пабываў наш слынны Максім Танк. Будучы галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», ён разнасцежыў вокны новага беларускага літаратурнага дома, каб убачыць абсягі цэлага свету. У Кітаі выйшла і яго паэтычная кніга. Можна згадваць і іншыя прыклады літаратурных узаемаадносін. Мне некалі незабыўны Іван Пятровіч Шамякін з гонарам паказваў у сваім рабочым кабінеце «Снежныя зімы», выдадзеныя на кітайскай мове іерагліфічным пісьмом. Ёмкі раман, што нямала здзівіла і аўтара, быў ці не на трэць танчэйшы за зняты з паліцы беларускамоўны адпаведнік. І шкада, што спакваля, ва ўгоду амбіцыям палітыкаў, нашы літаратурныя абдымкі аслаблі. А потым і зусім апусціліся рукі. Было і ў нас тых жа дваццаць гадоў прымружанага зацішша. Мы назіралі недаверліва, як дрэйфуе ў акіяне жыцця вялікі непрадказальны Кітай, куды ён павернецца, да якога рушыць прычала.

Даўно ўжо рассеяўся туман колішняй падазронасці. У Беларусі і Кітая багата жыццёвага сугучча, адны чалавечыя каштоўнасці зблізілі нас, адны ставяць мэты перад сабой нашы народы — жыць у міры і згодзе з усім светам. Мне падабаецца, што нашы маладыя суайчыннікі вывучаюць дасканала кітайскую мову, і гэта стала не толькі штуршком да ўзмацнення эканамічных стасункаў, аднак і для наладжвання больш трывалых стасункаў духоўных. На старонках нашых часопісаў маладыя кітаісты выступаюць з перакладамі...

— Можна назваць Алену Раманоўскую, Дар'ю Нечыпарук, Кацярыну Гардзей, ды і шмат яшчэ каго, хто перакладае з арыгінала, хто рыхтаваў падрадкоўнікі для болей вядомых паэтаў і спрактыкаваных рупліўцаў на ніве мастацкага перакладу...

— Гэта цэлае сузор'е новых імён, якія многа зробяць у справе ўзаемазбліжэння нашых літаратур, адкрыюць для нас многія невядомыя старонкі кітайскага літаратурнага летапісу. Яны завязваюць і асабістыя кантакты з многімі маладымі кітайскімі пісьменнікамі, што выклікае немалую зацікаўленасць кітайскага боку нашымі творчымі справамі. Я маю некалькі першых кніжак з названай серыі. У некаторых ёсць і мае пераклады. Трэба сказаць, што гэта толькі першыя ластаўкі. Вы бачылі калі-небудзь, як сядзяць адна пры адной ластаўкі на дроце? Вось, калі ўяўна працягнуць такі дрот паміж Беларуссю і Кітаем, то колькі ластавак на ім змесціцца! Колькі нас працы чакае!

— Мікалай Міхайлавіч, а ці цягне пабываць у Кітаі, пабачыць на свае вочы краіну, пра якую вы так шмат ужо ведаеце ад вашых калег — кітайскіх паэтаў?

— У адным са сваіх вершаў, гаворачы пра пераклады, я ўжо прызнаваўся, дзе мне ў свеце пабываць хацелася б і з кім непасрэдна сустрэцца, зазірнуўшы ў самыя розныя стагоддзі. Безумоўна, я хацеў бы пабываць і ў Кітаі. Мне столькі вядома там самых розных гістарычных рэалій. Вось бы сустрэўся з Таа Юаньмінам у яго сяміпакаёвым вясковым доме, дапамог бы з ахвотай яму адхукваць ад замаразкаў кволыя парасткі канопляў, расказаўшы пры гэтым, якой наркатычнай бядой для ўсяго чалавецтва стала гэтая бяскрыўдная ў яго веку расліна. Узняцца б хацеў і на Вялікую Кітайскую сцяну, а таксама пабачыць пагады «закрытага горада». А галоўнае, пажадаў бы выступіць у якой-небудзь прэстыжнай кітайскай універсітэцкай аўдыторыі — сказаць маладым кітайцам тое пра паэзію іх народа, чаго яны, пэўна, ніколі яшчэ не чулі.

— Сімпатычныя ў вас мроі...

— Вялікае, як кажуць, бачыцца на адлегласці. Не, гэта не быў бы панегірык у гонар... Гэта былі б словы пра саму сутнасць чалавечага жыцця на планеце, якую мне выпала спасцігнуць у нейкай ступені, заглыбіўшыся ў іх бессмяротную паэзію — прайсціся па самім дне акіяна творчасці.

— Дарэчы, яшчэ адно пытанне ў звязку з серыяй «Светлыя знакі...» мы ўжо згадвалі, што з 2014 года па сённяшні час у ёй выйшлі кнігі вершаў Ай Ціна, Лі Бо, Ду Фу, Ван Вэя, Лі Цінчжаа, Лі Хэ, Ван Гачжэня, Мэн Хаажаня, перакладзена і рыхтуецца да друку кніга Сюй Чжымо. Якім вам асабіста бачыцца развіццё серыі, яе далейшы лёс?

— Магчыма, пра гэту серыю варта было б пагаварыць асобна, куды шырэй. Мне здаецца, што наспела патрэба правесці медыйны круглы стол у нейкім з літаратурна-мастацкіх выданняў, за якім сабраць сягонняшнія перакладчыцкія сілы і грунтоўна абмеркаваць усе перспектывы развіцця нашых узаемаадносін. Гэтая кніжная серыя можа стаць асновай для стварэння цэлай школы кітаязнаўцаў і перакладчыкаў, паспрыяць у вялікай ступені ўзаемаўзбагачэнню нашых літаратур. Патрэбна смялей даваць маладым нашым перакладчыкам магчымасць «творча пацягацца» з тым або іншым кітайскім аўтарам на вачах самых прызнаных у перакладчыцкай справе людзей. Я і сам бы прыняў у гэтай справе пасільны ўдзел. Нас жа маладых нечаму вучылі самыя вопытныя калегі. Вывучыць мову — гэта яшчэ не значыць навучыцца перакладаць мастацкі тэкст. Вось, скажам, ляжыць кубаметр гожа складзенай дошкі-вагонкі. І ім можна палюбавацца, і ў руках любоўна патрымаць кожную ўзорную дошчачку паасобна. Але прыбіць вагонку, даць ёй бездакорны суладны выгляд здатны толькі сапраўдны майстар. Гэтак і ў перакладзе.

— Ваша галоўная парада тым маладым беларускім паэтам, якія прычыніліся ці збіраюцца прычыніцца да перакладу кітайскай паэзіі на беларускую мову?

— Веданне мовы арыгінала — гэта не самае галоўнае. Існуе сусветная практыка падрадкоўніка. Спасцігаеш перш-наперш мову сэрца паэта, глыбіні яго пачуццяў, кратаеш «жар» ягонай душы і не паперад крочыш, зацяняючы празмернаю адсябяцінай, а непрыкметна ступаеш услед, даючы яму ўвайсці ў тваё стагоддзе самім сабой. А з сучаснікам, калі кантактуеш хоць бы па скайпе, можна і за чубы пацягацца — да хрыпаты. Будзеце горача даводзіць адзін аднаму свае неабвержныя ісціны, з нечым пагодзіцеся або не пагодзіцеся, абы чытачу не было ад гэтага горш. А калі быць зусім сур'ёзным, то можна жадаць толькі аднаго: пашырайце, маладыя перакладчыкі, духоўную тэрыторыю роднай краіны. Толькі тут можна і трэба выступаць у ролі «захопнікаў» — больш здабудзеце ў свеце, больш узбагацімся як нацыя. Дый на сваё глянем без лішняга нігілізму.

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Пялёсткі хрызантэмы і лотас

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.