Вы тут

Як будзе развівацца Бабруйскі раён


Курс на моцную эканоміку

Старшыня Бабруйскага райвыканкама Павел Найдзен — чалавек на Бабруйшчыне пакуль новы, узначальвае мясцоваю ўладу ўсяго некалькі месяцаў, але ўжо добра ведае, чым жыве раён. Галоўнае багацце, лічыць ён, гэта людзі. Іх працавітыя рукі вырошчваюць хлеб, будуюць дамы, ствараюць матэрыяльныя і духоўныя даброты.

— Раён расце і развіваецца, — кажа кіраўнік раённай улады. — Вялікую долю ў развіцці рэальнага сектара эканомікі раёна займае сельская гаспадарка. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці з'яўляюцца вытворчасць і рэалізацыя зерня, бульбы, агародніны, насення рапсу, малака, мяса, яек. Акрамя аграпрадпрыемстваў, у раёне працуюць 44 фермеры, ідзе маштабнае будаўніцтва жылля. Летась было здадзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 26 жылых дамоў агульнай плошчай 4233 квадратныя метры — 151,2% да задання года.

Акцэнт у рабоце робіцца на прыцягненне інвестыцый і стварэнне новых працоўных месцаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, занятасць насельніцтва.

Для інвестараў Бабруйскі раён вельмі прывабны. Ён чысты, прыгожы, ёсць уся неабходная інфраструктура, добрыя дарогі. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначныя лініі Мінск — Бабруйск — Гомель, Бабруйск — Кастрычніцкі. Асноўныя аўтадарогі — Асіповічы — Мінск, Ялізава — Беразіно, Слуцк — Івацэвічы, Кіраўск — Магілёў, Рагачоў — Крычаў, Жлобін — Гомель, Парычы — Светлагорск, Глуск — Любань. Ёсць цудоўныя інвестпляцоўкі, дзе можна займацца рознымі формамі бізнесу. Будзем рады людзям, якія маюць намер развіваць турызм, прыдарожны сэрвіс, аказваць гасцінічныя паслугі. Бабруйшчына багатая на гістарычныя і прыродныя помнікі. На паўднёва-ўсходняй ускраіне Бабруйска размешчаны ландшафтны заказнік мясцовага значэння — «Дубаўскі каскад азёр». Рака Вір злучае 4 возеры — Драгічын, Усох, Плавун, Вяхава. Такая з'ява ў вобласці адзіная.

Ёсць добрая магчымасць пабудаваць свой бізнес на перапрацоўцы прадуктаў сельскай гаспадаркі — мяса, малака, садавіны, гародніны. У раёне створана моцная сыравінная база для іншых галін. Вырошчваецца буйнарагатая жывёла, свінні, птушка. Будуюцца новыя малочна-таварныя фермы, развіта раслінаводства. Мы гатовы разгледзець любыя прапановы ад інвестараў. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе ўзаемавыгадным.

Бізнес мацнее

Марына Тарэлкіна, намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама па эканоміцы:

— Для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, адкрыцця новых суб'ектаў гаспадарання ў раёне ствараецца маёмасная, фінансавая і інфармацыйная падтрымка з боку органаў дзяржаўнага кіравання. Каб чалавеку было лягчэй зарыентавацца, створаны Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ЗАТ «Інтэлект Кансалтынг», дзе атрымаць кансультацыі могуць і прадпрымальнікі Бабруйскага раёна. Летась у нас было зарэгістравана 26 індывідуальных прадпрымальнікаў і 25 камерцыйных прадпрыемстваў. Камерцыйнымі арганізацыямі створана 48 працоўных месцаў пры заданні 30. Штогод адкрываецца шмат суб'ектаў малога бізнесу, рэгіструем па 20–25 арганізацый. За 2 месяцы ўдзельная вага паступленняў ад прадпрымальніцкіх структур склала 45,3%. У раёне прадстаўлены ўсе сферы бізнесу — дрэваапрацоўка, гандаль, аказанне паслуг, сялянска-фермерская гаспадарка, будаўніцтва. Але найбольш папулярны напрамак у прадпрымальных людзей усё ж такі дрэваапрацоўка і грузаперавозкі. З удзелам суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ствараюцца аб'екты прыдарожнага сэрвісу. На аўтадарозе М-5 Мінск — Гомель размешчаны кафэ «Метрдатэль» у вёсцы Баяры і кафэ «Альтаро» ў вёсцы Сычкава, на аўтадарозе Слуцк — Івацэвічы —  кафэ «Смажанка» прыватнага прадпрыемства «СТАТАЛСЕР» у аграгарадку Гарбацэвічы. Усяго на 1 студзеня ў раёне налічвалася 373 камерцыйныя арганізацыі, 255 індывідуальных прадпрымальнікаў.

З ліку больш буйных і значных — прадпрыемства «Сапёрмэбля», якое займаецца вытворчасцю корпуснай мэблі з МДФ. Яго прадукцыя карыстаецца на рынку вялікім попытам.

Штогод робяць адчувальны фінансавы ўнёсак у сваё прадпрыемства прадстаўнікі сярэдняга і малога бізнесу ЗАТ «Птушкафабрыка «Вішнёўка» і «Сектрааграпрам». Увогуле па раёне за мінулы год прыцягнута прамых замежных інвестыцый амаль на 500 тысяч долараў.

Ёсць на каго раўняцца

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Дзмітрый Вяроўкін:

— Па выніках кожнага года мы праводзім конкурс на прысваенне ганаровага звання «Чалавек года» па трох намінацыях — вытворчая дзейнасць, невытворчая сфера і грамадска-палітычная дзейнасць. Гэта званне — высокая адзнака, таму адбор ідзе жорсткі. Трэба, каб чалавек сапраўды быў заслужаны і з канкрэтнымі справамі. Сёлета толькі ў адной намінацыі быў названы пераможца конкурсу. Ім стала Вольга Васіленка, настаўніца харавых дысцыплін Хімоўскай дзіцячай школы мастацтваў з аграгарадка Кавалі. Летась Вольга Васіленка была адзначана адразу некалькімі прэстыжнымі дыпломамі. Калектыў пад яе кіраўніцтвам — узорны ансамбль народнай песні «Кавалёўскія весялушкі» — двойчы атрымаў дыпломы лаўрэатаў 1-й ступені на міжнародным форуме народнай музыкі і фальклору ў Мінску і на рэгіянальным свяце дзіцячай творчасці «Рускі партрэт у беларускім інтэр'еры» ў Жлобіне.

Калі казаць у цэлым пра раён, то візітнай карткай яго з'яўляюцца таксама народны фальклорны ансамбль «Пярэзвы», удзельнік міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, народны ансамбль танца «Беларусь». Гэтыя два калектывы даўно існуюць у раёне і іх ведаюць далёка за межамі нашай краіны.

Прыязджайце адпачыць

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага райвыканкама Алена Баркоўская:

— Цяпер актыўна развіваецца такі кірунак, як уязны турызм. Для раёна гэта і папулярызацыя мясцовых славутасцяў, якіх у нас дастаткова, і прыцягненне фінансавых сродкаў. На Бабруйшчыне шмат мястэчак, якія цікава будзе наведаць. Рэкі, азёры, лясныя масівы, чыстае паветра — чым не ўмовы для карыснага і прыгожага адпачынку? У раёне сёння функцыянуе 18 суб'ектаў аграэкатурызму. Кожны гаспадар імкнецца стварыць свой індывідуальны стыль, надаць адметнасць сядзібе. Нехта прапаноўвае рыбалку або паляванне, нехта заахвочвае беларускай кухняй і актыўным адпачынкам. З боку дзяржавы для ахвотных займацца гэтай дзейнасцю ствараюцца ўсе ўмовы. Зарэчным аддзяленнем «Белааграпрамбанка» Бабруйска за перыяд з 2007 па 2016 гады суб'ектам аграэкатурызму выдадзена 7 ільготных крэдытаў. Першаадкрывальнікамі ў гэтым відзе дзейнасці сталі сядзібы «Ізабэла» ў пасёлку Леніна і «Дзядзя Фёдар» у пасёлку Новая Шараеўшчына. Дарэчы, гасцявы дом сядзібы «Ізабэла» пабудаваны на падмурках старадаўняга княжацкага маёнтка роду Забэлаў. Пра гэта нагадваюць скляпеністыя столі фігурнай кладкі з чырвонай цэглы. Непадалёк знаходзіцца возера з ніцымі вербамі. Прычым вада такая празрыстая, што можна ўбачыць рыбу. А за 20 кіламетраў знаходзіцца крэпасць, якую доўга не мог узяць Напалеон. Побач — знакамітая пераправа Банапарта цераз Беразіну. Іншым аграсядзібам таксама ёсць чым здзівіць. Прыязджайце, не пашкадуеце!

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.