Вы тут

Спецыялісты: актывізацыя рынку здымнага жылля ў сталіцы - з канца мая


Сёлетняя вясна на другасным рынку прыватнай арэнды пакуль не стала спрыяльным сезонам для кватэраздатчыкаў. Мінулая зіма ўвогуле была складаным перыядам для ўласнікаў свабоднага жылля, бо колькасць кліентаў у гэты час не павялічылася, заробкі ў патэцыйных кватарантаў не падраслі, а вось тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі пайшлі ўгору.

Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» расказала начальнік аддзела арэнды агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая.


Фота: dnepr.info

Попыт будзе расці

Нагадаю, што за апошнія два гады цэны за арэнду стандартнага жылля ў Мінску зваліліся амаль у разы. Так, калі вясной 2015-га звычайныя аднапакаёвыя кватэры прапаноўваліся ў самым лепшым выпадку (для кватарантаў) за 300 долараў, то сёння падобнае жыллё здаецца не даражэй чым за 160—180 «баксаў». Больш таго, цэны на арэнду зімой і нават у першыя месяцы вясны толькі зніжаліся. Сітуацыя можа змяніцца ў апошнія дні мая, калі арэнднымі кватэрамі Мінска пачнуць больш актыўна цікавіцца будучыя абітурыенты розных навучальных устаноў сталіцы, а таксама іх бацькі. Спецыялісты прыватнага рынку арэнды менавіта ў першыя дні лета чакаюць невялікую хвалю іншагародніх маладых спецыялістаў, якія вырашылі застацца працаваць у Мінску.

Аднапакаёўкі — 150 долараў

Мінімальныя цэны на аднапакаёвыя кватэры ў агенцтвах нерухомасці цяпер пачынаюцца са 150 долараў. Гэта невялікія кватэры з не вельмі сучаснай мэбляй або ўвогуле без мэблі, але з рамонтам. Такія варыянты сёння сустракаюцца не толькі ў новабудоўлях у Фрунзенскім і Заводскім раёнах або Шабанах. Бюджэтныя варыянты з такім цэннікам арэнды невялікіх кватэр магчыма адшукаць амаль ва ўсіх мікрараёнах сталіцы.

Таксама сустракаюцца сёння на рынку часам і ўвогуле танныя варыянты маленькіх кватэр, якія прапануюцца за 140 долараў. Гэта так званыя слабенькія кватэры на крайніх паверхах пяціпавярховых дамоў з мэбляй савецкіх часоў, са старой бытавой тэхнікай або абстаўленыя толькі часткова. Звычайна жыллё такога цэнавога ўзроўню сустракаецца ў старых пяціпавярховых дамах у Чыжоўцы, мікрараёнах Сухарава і Шабаны. Падобных варыянтаў сёння няшмат, але яны ёсць.

Наш эксперт адзначае, што цяпер кліенты падзяліліся на дзве катэгорыі. Першая выбірае выключна танныя кватэры, калі на камфорт жылля (якасная мэбля і свежы рамонт) звяртаецца мінімальная ўвага. А вось сучасны мінскі кватарант з большай цікавасцю разглядае варыянты кватэр цалкам укамплектаваныя нестарой мэбляй, дзе сярод бытавых прыбораў абавязкова прысутнічае пральная машына. Сярэдні цэннік арэнды такіх аднапакаёвак у галоўным горадзе краіны складае 180 долараў. Сярод амаль аднолькавых па якасці і кошце кватэр прыярытэт аддаецца жыллю ў новабудоўлях з развітой інфраструктурай. Аднапакаёвыя кватэры з даволі прымальным рамонтам і з усім наборам сучаснай мэблі і бытавой тэхнікі (абавязкова плоскі тэлевізар і прасторны халадзільнік) прапануюцца сёння за 200 долараў.

Двухпакаёўкі — ад 180 да 220 долараў

Бюджэтны варыянт двухпакаёвай кватэры мае мінімальны цэннік, які пачынаецца са 180 долараў за месяц. Па такім кошце прапануюцца кватэры ўвогуле без рамонту або з мінімальным наборам старой мэблі і бытавой тэхнікі. Сярэдні кошт арэнды стандартных двухпакаёвых кватэр, якія карыстаюцца стабільным попытам у кліентаў, складае 220 долараў. Цалкам укамплектаваныя і максімальна падрыхтаваныя для камфортнага жылля двухпакаёўкі, дзе прысутнічаюць ужо сучасныя пральныя машыны і часам мікрахвалёўкі, здаюцца ў арэнду сёння за 250 долараў.

Спецыялісты адзначаюць, што мінімальная цана арэнды трохпакаёвых кватэр складае каля 230 долараў. Аднак сёння магчыма адшукаць нават больш танныя варыянты за 200—220 долараў. Звычайна такі цэннік сустракаецца ў старых дамах (без мэблі ці часткова з ёй), у новабудоўлях з кухняй, але без мэблі, а таксама па такім жыллі, дзе ніхто не зарэгістраваны. Заўважу, што калі ў кватэры ніхто не «прапісаны», то камунальныя паслугі там аплачваюцца ў максімальным памеры. Сярэдняя цана стандартных па якасці трохпакаёвых кватэр складае 250—260 долараў. Сапраўды якасныя трохпакаёвыя кватэры ў спальных раёнах сталіцы здаюцца цяпер па цане да 280—300 долараў у месяц і нават вышэй.

Даволі сур'ёзным попытам карыстаюцца ў кліентаў сёння і асобныя пакоі ў прыватных кватэрах. Цэны на іх за апошні час таксама істотна знізіліся. Тут цэннік вагаецца ад 50 да 80 «зялёных». Заўважу, што і цяпер уласнікі такога жылля звычайна не рэгіструюць сваіх кватарантаў, каб не плаціць падаткі. Таму пакоі ў большасці выпадкаў прапануюцца знаёмым у прыватным парадку. Пакойчык па такой схеме будзе каштаваць ужо меней — да 50 долараў за месяц плюс пэўная частка аплаты за святло і ваду.

Фота: komiinform.ru

Чакаць ажыятажу ў ліпені-жніўні

Эксперты рынку жыллёвай нерухомасці адзначаюць, што ў апошнія дні мая кліентаў на здымнае жыллё стане крыху больш. Аднак адразу гэты факт ніяк не паўплывае на агульныя тарыфы сталічнай прыватнай арэнды. Справа ў тым, што будучыя кватаранты проста не маюць магчымасці плаціць большыя грошы за арэнду. Апошнім часам заробкі нават у сярэдняга класа работнікаў у доларавым эквіваленце не павялічыліся. Спецыялісты ўпэўнены, што сітуацыя са стаўкай арэнды застанецца стабільнай да сярэдзіны ліпеня. Потым цэны за здымнае жыллё могуць павысіцца.

Змяненне цэннікаў сёлета можа адбыцца толькі пры выкананні некалькіх умоў. Па-першае, свабодных кватэр на рынку стане менш, чым летась. Другім фактарам можа стаць павелічэнне сур'ёзнага попыту не толькі з боку абітурыентаў, а ўжо студэнтаў-першакурснікаў, а таксама маладых спецыялістаў і маладых сем'яў. За ліпень-жнівень сярэднегарадскія стаўкі арэнды могуць падрасці прыкладна на 10—15%. Разам з тым эксперты адзначаюць, што падаражанне здымных кватэр можа ажыццяўляцца і меншымі тэмпамі. Сёння на гэтым рынку не існуе нейкіх сур'ёзных эканамічных прычын, каб цэннік на падобны тавар увогуле рос. Павелічэнне можа мець ажыятажную прычыну, калі кліентам будзе здавацца, што кватэр усім не хопіць. Аднак падобнае падаражанне звычайна мае толькі часовы характар.

Праблема «шэрых» агентаў

Сёння на рынку прыватнай арэнды жылля існуе праблема, калі паслугі па пошуку варыянтаў кліенту прапануюць спецыялісты-адзіночкі, якія раней працавалі рыэлтарамі ў агенцтвах нерухомасці. У іх ёсць вопыт аналізу рознай спецыялізаванай інфармацыі з розных крыніц. Часам яны завабліваюць кліентаў прывабнымі цэнамі, якія на самай справе не адпавядаюць рэчаіснасці. Калі такі «шэры» агент не паказвае вам спецыяльную картку работніка вядомага вам агенцтва, то спажывец і не мае ніякіх гарантый таго, што атрымае якасную паслугу. Нагадаю, што ў легальным арэндным бізнесе кліенту абавязкова выдаецца дагавор і чэк. Без гэтых дакументаў чалавек увогуле не абаронены ад махлярства.

Наша суразмоўніца паведаміла, што аддзел арэнды агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» прадугледжвае аплату паслугі непасрэдна праз сайт агенцтва і (ці) з выкарыстаннем плацежнай карткі растэрміноўкі «Халва».

Спецыялістамі падлічана, што на другасным рынку арэнды жылля сталіцы доля здзелак па лініі «шэрых» агентаў складае каля 20%.

Нелегальныя прадпрымальнікі ад арэнды часам могуць патрабаваць за свае паслугі значна меншыя грошы, але гарантый яны не даюць увогуле. Цяпер істотна змянілася і само стаўленне ўласнікаў жылля да сваіх патэнцыйных кватарантаў. Калі раней гаспадары свабоднага жылля даволі скрупулёзна выбіралі сабе пастаяльцаў, то сёння іх палітыка наконт гэтага стала больш гнуткай. У гэтым выпадку адсутнасць любога дагавора паміж бакамі можа прывесці да сур'ёзных праблем як гаспадарам жылля, так і кватарантам.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Шукаю таннейшы пакойчык

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.