Вы тут

Пачала не гаварыць, а... спяваць


Юнкары, увага!

Сёння мы працягваем публікацыю найлепшых «проб пяра» нашых юных і маладых няштатных аўтараў, якія паступілі на творчы конкурс. Падвядзенне яго вынікаў — справа найбліжэйшай будучыні, таму ўдзельнікам давядзецца яшчэ крышачку пацярпець і пахвалявацца. Мы ж са свайго боку раім аўтарам не марнаваць час у чаканні, а дасылаць свае творчыя работы ў «Чырвонку. Чырвоную змену» ўжо па-за конкурсам — як звычайныя журналісцкія матэрыялы. Такім чынам няштатнікі, якія збіраюцца паступаць на журфак, і карысны досвед атрымаюць, і ўласнае партфоліа папоўняць. Чакаем вашых «проб пяра»!


Перада мной — прыгожая дзяўчына з карымі вачамі. Ярка-чырвоная памада, чорная сукенка, што падкрэслівае вытанчаную фігуру. Сябры называюць яе прынцэсай Дзі. Яна лёгкая ў стасунках, а яе голас падобны на песню салаўя. Дзіяна Бажко — таленавітая вакалістка родам з Маладзечна. Цяпер яна студэнтка першага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

— Мама расказвала, што я даволі доўга не хацела гаварыць. Упершыню... заспявала, нешта накшталт «ла-ла». Гэта і быў першы званочак! Паколькі ў мяне бацькі музыканты, лёс быў вызначаны, мабыць, яшчэ да майго нараджэння, — успамінае дзяўчына.

У дзіцячы сад яна не хадзіла, яе гадавалі дома бацькі і бабулі з дзядулямі. «Укараняць» маленькую Дзіяну ў сферу творчасці яны пачалі з чатырох гадоў. Дзяўчынка спявала і выступала ў сельскім клубе, дзе працаваў тата. У шасцігадовым узросце яе аддалі ў музычную студыю «Жывы Гук», дзе яна празаймалася да заканчэння школы.

— Маё першае і запамінальнае выступленне было на вялікай сцэне ў Палацы культуры Маладзечна. Тады я спявала песню «Маленькая краіна» з рэпертуару Наташы Каралёвай, — падзялілася яркімі ўспамінамі Дзіяна.

Дарэчы, дзяўчына развівала вакальныя навыкі не толькі ў студыі, але і ў школе. Летась яна скончыла гімназію-каледж мастацтваў, дзе вучылася ў музычным класе і грала на фартэпіяна, а таксама спявала ў школьным гурце FіnаlBеаt.

— Былі моманты, калі мяне не заўважалі, не бралі выступаць на канцэртах і конкурсах! Нават у школьным хоры выкладчык не адразу разгледзела мае музычныя здольнасці. Але я не апускала рукі і працягвала развівацца. Слухала розных выканаўцаў, напрыклад, Крысціну Агілеру і Лару Фабіян. Першым маім конкурсам быў «Зорны капеж», але тады ў фінал мне прайсці не ўдалося. А затым штогод я перамагала, — расказвае вакалістка.

Дзіяна стала ездзіць на розныя конкурсы, займала там прызавыя месцы, і гэта надавала ёй упэўненасці, стымулявала працаваць далей. Быў і такі перыяд, калі адбывалася станаўленне голасу, з'явіліся праблемы са звязкамі. Дзяўчына фактычна не магла спяваць цэлы год, і гэта стала для яе складаным выпрабаваннем. А калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, Дзіяна выбрала эстрадны вакал, бацькі яе падтрымалі.

— У дзяцінстве я займалася не так шмат. Цяпер спяваю кожны дзень, за рэдкім выключэннем. Асабліва, калі рыхтуюся да конкурсу, — расказвае гераіня. — Хваляванне, вядома, прысутнічае, але гэта так званае сцэнічнае хваляванне, якое павінна быць у кожнага нармальнага артыста. Аднак пры выхадзе на сцэну яго варта пакідаць за кулісамі, а ад выступлення атрымліваць задавальненне. У мяне няма нейкіх адмысловых сродкаў ад хвалявання, хіба што магу памаліцца, і гэта моцна мне дапамагае. Таксама я заўсёды імкнуся прадумваць сцэнічны вобраз, каб сукенка і макіяж адпавядалі песні.

Самае глабальнае і адказнае выступленне, на думку юнай спявачкі, было летам мінулага года на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі, дзе яна спявала ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і абараняла гонар роднага горада. А яшчэ дзяўчына выступала ў Германіі, у горадзе Эслінген, куды ездзіла ад школы па абмене.

Зараз у Дзіяны ёсць дзве запісаныя песні і некалькі кавераў, але яна марыць пра ўласны альбом і імкнецца да гэтага.

Пра аўтара

17-гадовая Валянціна называе сябе рознабаковай асобай.

— Мяне цікавіць усё. Напрыклад, мне вельмі падабаецца матэматыка, раней я нават марыла быць эканамістам, — кажа дзяўчына. — Але цяга да прыгожага і, найперш, — літаратура, усё змяніла. Дзякуючы кнігам мая фантазія развіваецца, і таму галава заўсёды поўная новых і неверагодных ідэй! Я заўсёды імкнуся да дасягнення сваёй мэты, таму часам іду «наперадзе ўсёй планеты».

Валерыя ЛУЖЫНСКАЯ, вучаніца 9 класа гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.