Вы тут

Адбудзецца фестываль «Залатая шпора — 1812»


Як расказалі арганізатары, фінальная гранд-баталія стане не толькі адной з найбуйнейшых у Беларусі, але і адной з самых відовішчных дзякуючы тэатралізаваным элементам, уключаным у шоу.


Трэці па ліку фестываль-рэканструкцыя «Залатая шпора — 1812» пройдзе 11 чэрвеня на базе аднайменнага конна-гістарычнага клуба ў вёсцы Міжрэчча Валожынскага раёна.

На цэлы дзень гледачы пагрузяцца ў 1812 год, у «эпоху апошняй прыгожай вайны» — з балямі, баталіямі, дуэлямі, народнымі кірмашамі, шляхетнымі пікнікамі і шабельнымі баямі.

Адкрые фестываль гранд-паланэз, у якім па сядзібе пройдуцца прыгожыя паненкі і бравыя афіцэры. Затым пачнецца Адкрыты гасцявы баль. У ім змогуць прыняць удзел і гледачы. Калі нехта ні разу не танцаваў мазурку і пра катыльён мае вельмі расплывістае ўяўленне, танцмайстар навучыць рухам і па.

На шабельных выступленнях будзе прадстаўлена шабельная школа Рэчы Паспалітай, якая з XVІІ стагоддзя славілася як найлепшая ў Еўропе. Шабля заўсёды лічылася высакароднай зброяй, валоданне ёю было абавязковым для шляхціца. Таксама на фестывалі можна будзе ўбачыць і школу еўрапейскай шпагі.

У кавалерыйскіх спаборніцтвах бравыя ўланы і гусары пакажуць майстэрства коннага бою, прыёмы валодання шабляй і пікай.

Спецыяльна для тых, хто хацеў бы прымераць на сябе мундзір 1812 года, пройдуць «Рэкруцкія гісторыі» ці набор гледачоў у пяхотныя палкі абедзвюх армій. Прыхільнікам этнаграфіі і фальклору будуць цікавыя народныя песні і гульні на Траецкім кірмашы.

Адбудзецца таксама гістарычнае дэфіле, падчас якога госці фэсту больш даведаюцца пра адзенне і моду XІX стагоддзя.

Завершыць фестываль відовішчная гранд-баталія, дзе сыдуцца войскі Вялікай арміі Напалеона і Рускай імператарскай арміі. Увесь дзень на свяце будзе працаваць сапраўдная карчма XІX стагоддзя. Арганізатары абяцаюць смачную ежу са свежых фермерскіх прадуктаў.

Пачатак фестывалю ў 11.00, завяршэнне — а 18-й гадзіне.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шаблі — да бою!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.