27 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Мастак з Брэстчыны стварае свае карціны пэндзлем, які заціскае ў зубах


У Брэсце працягваецца персанальная выстаўка мастака з вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёна Анатоля Галушкі пад назвай «Пішу зямлі тваёй красу». Экспазіцыю склалі 60 работ аўтара, у асноўным пейзажы па матывах родных мясцін, ёсць і нацюрморты з кветкамі. Гэтая выстаўка адразу заварожвае сонечным святлом, мноствам жоўтых і аранжавых фарбаў, адчуваннем бясконцасці і ўрачыстасці. Спакойнае хараство льецца ў душу ад карцін чалавека, які амаль нерухомы. Нават уявіць сабе цяжка, што работы напісаны не рукамі.


На адкрыцці Анатоль прызнаўся, што гэтую выстаўку рыхтаваў цэлы год. Вернісаж далёка не першы ў біяграфіі мастака. Яго жыццесцвярджальныя карціны бачылі жыхары Бярозы, Белаазёрска, Пружан, Мінска. Самая першая выстаўка адбылася ў Мінску. І не проста ў сталіцы — у фае Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пасля гэтага было шмат увагі, падарункаў, слоў падтрымкі, што, несумненна, дадало натхнення ў далейшай творчасці.

Член сусветнай арганізацыі мастакоў-інвалідаў стварае карціны з дапамогай пэндзля, які заціскае ў зубах. Лёс вельмі жорстка абышоўся з гэтым чалавекам. У сямнаццаць гадоў, толькі стаўшы курсантам мараходнага вучылішча, ён атрымаў траўму і назаўсёды аказаўся прыкаваным да ложка. Праз шэсць гадоў памёр бацька — не змог перанесці пакут сына. Анёлам-ахоўнікам Анатоля, яго рукамі і нагамі стала мама Лідзія Іванаўна.

Пра жанчыну адзін з арганізатараў папярэдняй выстаўкі сказаў, што напалову гэта яе карціны. Сапраўды так. Яна даглядае сына ўжо 37 гадоў. Яе душэўнае святло, якое можна назваць мацярынскім подзвігам, хутчэй за ўсё, і стала яму апорай, што не дала замкнуцца ў сабе, раззлавацца на ўвесь свет і засяродзіцца на сваіх праблемах.

Анатоль Галушка з дзяцінства вызначаўся музыкальнасцю. А вось мастацкіх здольнасцяў за сабой асабліва не заўважаў. Ну, хіба настаўнік малявання ў школе часам падхвальваў. Аднойчы, лежачы тварам да сцяны, паспрабаваў нешта намаляваць на шпалерах, заціснуўшы аловак зубамі. Нечакана атрымалася. Так і пачалося яго захапленне жывапісам. Амаль праз дваццаць гадоў пасля траўмы. Потым вучыўся пісаць фарбамі, што для чалавека ў яго стане нашмат цяжэй. З часам Анатоль стварыў сваю тэхніку жывапісу, у нечым унікальную. Ён не можа правесці доўгую лінію — таму піша маленькімі кароткімі штрыхамі. Піша лежачы на баку. Тэхніцы мастацкага пісьма ён нідзе не вучыўся, з мастацкай адукацыі — толькі школьныя ўрокі малявання. Піша так, як падказвае сэрца, як адчувае душа. І найбольш родную прыроду. Раней ствараў свае работы па памяці, потым сябры і родныя сталі арганізоўваць выезды на эцюды.

Відавочна, цяжка было б Анатолю без падтрымкі сяброў. Такіх, напрыклад, як Валерый Гапееў, пісьменнік, супрацоўнік Івацэвіцкай раённай газеты. Менавіта Валерый заўважыў «іскрынку» і заахвоціў Анатоля пісаць вершы на роднай мове. Бо першую спробу зарыфмаваць нешта па-руску Валерый жорстка раскрытыкаваў. Крытыкам ён быў строгім, не рабіў скідак на стан здароўя пачаткоўца. Анатоль прыслухаўся да парад, шмат чытаў, працаваў над сабой. Потым пайшлі вершы, у якіх няма штучнасці, хлусні, — толькі жывая душа, яе перажыванні, пачуцці.

Узнімецца дух нескароны

Да самых таемных вяршынь.

Няма для душы забаронаў...

І межаў няма для душы.

Гэта, несумненна, выпакутаваныя радкі, але надзвычай праўдзівыя. Бо аўтар здолеў узняцца над уласным болем, над сваёй нерухомасцю, і сваёй творчасцю разбурыў перашкоды, што ўзніклі з-за абмежавання магчымасцяў. Такое даецца не кожнаму...

Следам за вершамі пісаліся эсэ, якія разам з паэзіяй увайшлі ў зборнік «Сляды на пяску». На прэзентацыю гэтай кнігі пяць гадоў таму ў Магіліцах сабраліся ўсе жыхары вёскі. І вось нядаўна ўбачыла свет новая кніга паэзіі і прозы «Яблычны спас».

З яе выхадам аўтара павіншавалі яшчэ раз падчас адкрыцця выстаўкі жывапісу. Было сказана шмат добрых слоў у адрас 54-гадовага мастака, чалавека, які адбыўся, якім ганарацца родныя і землякі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: І меж няма для душы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

«Суседка думае, што я нейкі дзівак, бо заўсёды ўсміхаюся».

Грамадства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Вайскоўцы-кантрактнікі змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на «Воіне Садружнасці — 2017».

Грамадства

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

У канцы жніўня ў краіне адбудзецца Рэспубліканскі педагагічны савет.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Ён адбудзецца на Дзень Незалежнасці ў Мінску.