Вы тут

У Шагалаўскіх чытаннях бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі і ЗША


У ХХVІ Шагалаўскіх чытаннях у Віцебску бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі і ЗША. Сёлета мерапрыемства прысвяцілі 130-гадавіне з дня нараджэння сусветна вядомага мастака.


Удзель­ні­кі Ша­га­лаў­скіх чы­тан­няў ка­ля Арт-цэнт­ра Мар­ка Ша­га­ла.

Паводле слоў дырэктара Музея Марка Шагала Ірыны Воранавай, арганізацыйны камітэт можа сабе дазволіць «раскошу» выбіраць з ліку прэтэндэнтаў выступіць на чытаннях. Ужо больш за чвэрць стагоддзя расказваюць там пра аднаго чалавека, але ўдаецца адкрываць новыя грані жыцця і творчасці Майстра.

У прыватнасці, Вера Кнорынг, кандыдат гістарычных навук з Санкт-Пецярбурга, расказала пра малюнкі Шагала для дзіцячых кніг на ідышы. Аляксандр Лісаў, кандыдат мастацтвазнаўства з Віцебска здзівіў расказам пра падрыхтоўку выстаўкі твораў Марка Шагала ў Новасібірску ў 1968 годзе. На жаль, тады гэтую ідэю рэалізаваць не ўдалося. Валерый Шышанаў, намеснік дырэктара па навуцы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея адшукаў месцазнаходжанне яшчэ адной майстэрні Пэна, настаўніка Шагала.

Генрыета Аміціна прыехала на чытанні з Лос-Анджэлеса (ЗША), каб падзяліцца ўспамінамі пра бацьку Барыса Іосіфавіча Шалюціна. Уявіце сабе: ён у 10 гадоў стаў адным з вучняў Шагала! У кінафільме «Шагал — Малевіч» рэжысёра Аляксандра Міты сярод герояў ёсць падлетак, які маляваў на агароджах. Так рабіў і тата спадарыні Аміцінай. Яна нават тэлефанавала знакамітаму рэжысёру і дзякавала. Той сказаў, што не меў на ўвазе канкрэтнага юнага мастака, але яму расказвалі пра вулічныя роспісы... Падрабязна пра Барыса Шалюціна, які стаў скульптарам і загінуў у блакадным Ленінградзе, «Звязда» раскажа асобна.

Юбілей Шагала будзе адзначацца 7 ліпеня. Ужо актыўна працуюць над сцэнарыем свята. Пастараюцца зрабіць святкаванне такім, каб запомнілася надоўга. Працягваюцца работы па стварэнні Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Будынак знаходзіцца на былой вуліцы Праўды, якая цяпер носіць імя Марка Шагала.

Але ўжо існуе Віцебскі шагалаўскі Арт-цэнтр (створаны ў 1992 годзе). Тут пастаянна праводзяцца выстаўкі графічных работ Марка Шагала (літаграфіі, афорты, акватынты і гэтак далей). У калекцыі серыя ілюстрацый да паэмы М. В. Гогаля «Мёртвыя душы» (1923—1925 гады), серыі каляровых літаграфій на тэму «Біблія», створаныя ў 1956 і 1960 гадах. Ёсць і цыкл каляровых літаграфій «12 кален Ізраіля» (1960 год), іншыя працы...

І літаральна ў чаргу выстройваюцца групы турыстаў, ахвотныя пабываць у доме на Пакроўскай вуліцы. Яго на пачатку 1900-х гадоў пабудаваў бацька мастака. Там Марк Шагал правёў свае юнацкія гады. Аб гэтым перыядзе ён напісаў у аўтабіяграфічнай кнізе «Маё жыццё». Для наведвальнікаў дом быў адкрыты ў 1997 годзе. У ім прадстаўлены прадметы побыту мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, копіі архіўных дакументаў і работ мастака...

На малой Радзіме многае робіцца для захавання памяці пра чалавека, які праславіў беларускую зямлю. Падтрымліваюцца сувязі з нашчадкамі Майстра. Іх заўсёды рады бачыць у Віцебску, які так любіў Марк...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Бясконца можна «адкрываць» мастака

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.