Вы тут

Рэгістрацыя для ўдзелу ў ЦТ у резервовы дзень: 30 чэрвеня — 3 ліпеня


Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень будзе весціся з 30 чэрвеня па 3 ліпеня. З сабой трэба мець пропуск на тэсціраванне, якое было прапушчана, дакумент, які сведчыць асобу абітурыента, і дакумент, які пацвярджае ўважлівую прычыну няяўкі.


Істотным плюсам новых Правілаў прыёму можна лічыць з'яўленне трох рэзервовых дзён для здачы ЦТ: сёлета гэта 6, 8 і 10 ліпеня. Раней быў прадугледжаны ўсяго адзін такі дзень, і калі абітурыент захварэў і прапусціў, напрыклад, два ЦТ, ён вымушаны быў страчваць цэлы год. Да таго ж спартсмены маглі прапусціць здачу ЦТ з-за важных спаборніцтваў, музыканты — з прычыны ўдзелу ў фестывалях і г.д. Цяпер у іх будзе магчымасць скарыстацца рэзервовымі днямі. Канкрэтнага пераліку ўважлівых прычын няма, кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Напрыклад, страта пашпарта лічыцца ўважлівай прычынай, але ўсё роўна трэба мець даведку, якая пацвярджае гэты факт.

Таксама тры рэзервовыя дні для правядзення ЦТ дадуць шанц паўдзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы абітурыентам з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана, якія не паспявалі прыехаць у Беларусь у чэрвені, каб здаць ЦТ разам з беларусамі, паколькі ў гэты ж час яны здавалі свае нацыянальныя экзамены. У іх была адзіная магчымасць стаць студэнтам беларускай ВНУ — праходзіць субяседаванне восенню і паступаць на платную форму навучання як замежным грамадзянам з адпаведнымі “расцэнкамі” за вучобу.

Але арганізатары ЦТ папярэджваюць: да здачы тэст-іспытаў у рэзервовы дзень будуць дапушчаны толькі тыя абітурыенты, якія змогуць даказаць, што ў іх былі сур'ёзныя прычыны для пропуску экзамену, напрыклад, прад'явяць даведку пра сваю хваробу ці дакумент, якія пацвярджае іх удзел у гэты момант у важных для краіны спартыўных ці творчых спаборніцтвах. Пры гэтым абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць рэгістрацыі на ЦТ ва ўстаноўленыя тэрміны – гэта значыць, да 1 чэрвеня бягучага года. Калі абітурыент у маі знаходзіўся за мяжой і не мог асабіста зарэгістравацца на ЦТ, за яго гэта маглі зрабіць законныя  прадстаўнікі або прадстаўнікі абітурыента па падставе заверанай натарыяльна даверанасці.

Калі абітурыенты ўдзельнічалі ў ЦТ у асноўны дзень, але не змаглі дапісаць сваю работу з-за пагаршэння стану здароўя, яны таксама змогуць скарыстацца рэзервовым днём. Для аказання абітурыентам медыцынскай дапамогі ва ўсіх пунктах правядзення тэсціравання былі арганізаваныя дзяжурствы медыцынскіх работнікаў, таму такія выпадкі фіксаваліся непасрэдна на месцы.

А вось тыя, хто парушыў правілы ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, здаць прапушчаны экзамен у рэзервовы дзень не змогуць. Сёлета найбольшая колькасць парушальнікаў (аж 20 чалавек) была выяўлена пры здачы тэстаў па рускай мове. Самымі дысцыплінаванымі аказаліся абітурыенты, якія здавалі беларускую мову, грамадазнаўства і хімію, дзе не было зарэгістравана ніводнага парушальніка. А на тэсціраванне па фізіцы, напрыклад, у гэтым годзе не з’явіліся 7% ад агульнай колькасці прайшоўшых рэгістрацыю на гэты прадмет.

Звяртацца з дакументамі, якія пацвярджаюць прычыну няяўкі на ЦТ, трэба ў Белдзяржуніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт.

Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх вучэбных дысцыплінах у рэзервовыя дні вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Разам з тым арганізатары ЦТ з году ў год назіраюць цікавую тэндэнцыю: з абітурыентаў, якім удалося даказаць сваё права скарыстацца рэзервовым днём, усё роўна далёка не ўсе даходзяць да пункта правядзення экзамену. І знайсці гэтаму тлумачэнне ніхто не можа…

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Апошні шанц стаць студэнтам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.