24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Міністэрства адукацыі і МТС прадоўжаць сумесныя адукацыйныя праекты


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і кампанія МТС маюць намер прадоўжыць сумесныя адукацыйныя праекты. Адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім БОГУШ і генеральны дырэктар МТС Уладзімір КАРПОВІЧ.


Упершыню падобнае пагадненне было падпісана год таму. І, як канстатуюць абодва бакі, гэты час прайшоў для ўсіх надзвычай плённа. Адзін з рэалізаваных сумесна праектаў — «Адказныя паводзіны настаўнікаў у сетках». Галоўная яго мэта — дапамагчы выкладчыкам карэктна і без рызыкі для сваёй рэпутацыі кантактаваць з вучнямі ў інтэрнэце. На жаль, але даволі часта складваюцца сітуацыі, калі паводзіны педагогаў у інтэрнэце адрозніваюцца ад іх паводзін у рэальным жыцці. Між іншым, ад гэтага залежаць і рэпутацыя настаўніка, і давер да яго з боку вучняў. Калі профіль педагога ў сацыяльнай сетцы адкрыты для ўсіх, а вучні знаходзяцца ў спісе яго сяброў, а не ў закрытай групе, калі адсутнічае кантроль за ўступленнем у закрытую групу — усё гэта сур'ёзныя фактары рызыкі. У віртуальнай рэальнасці мае вялікае значэнне, што, калі, каму і ў якой форме паведамляць, мае значэнне змест пастоў, якімі мы дзелімся, змест фотаздымкаў — уся гэта інфармацыя дазваляе староннім людзям нас ацэньваць і рабіць пра нас пэўныя высновы. Таму вельмі важна, каб не было дысанансу паміж настаўнікам на ўроку і настаўнікам у сацыяльных сетках. Каб выключыць падобныя сітуацыі, пры падтрымцы і ўдзеле МТС былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі і праведзены семінар для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі сталіцы. У планах на наступны год — правесці падобныя навучальныя семінары і ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Бадай што адзін з самых пазнавальных сумесных праектаў МТС і Міністэрства адукацыі — «Дзеці ў інтэрнэце». У гульнявой форме валанцёры расказваюць вучням малодшых класаў аб простых правілах, якія дазваляюць ім бяспечна карыстацца інтэрнэтам. Усяго за год да рэалізацыі ініцыятывы далучыліся больш як 400 валанцёраў па ўсёй Беларусі. Урокі па бяспечных паводзінах у сеціве прайшлі ў сталіцы, ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і многіх раённых гарадах — Полацку, Наваполацку, Баранавічах, Пінску і іншых. Намаганнямі галоўнага настаўніка праекта Георгія Калдуна і добраахвотнікаў навучаны больш як 6500 дзяцей. У планах арганізатараў — працягнуць урокі для малодшых школьнікаў і распрацаваць праграму для вучняў сярэдняй школы.

Таксама ў рамках пагаднення ў дзесяці школах сталіцы быў рэалізаваны праект, дзякуючы якому настаўнікі могуць весці анлайн-журнал, вучні — карыстацца анлайн-дзённікам, а бацькі — з дапамогай смартфонаў і планшэтаў у рэжыме рэальнага часу назіраць за паспяховасцю дзяцей. «Інавацыйная школа» — гэта інтэрактыўная платформа, якой скарысталіся каля 8 тысяч бацькоў, 5,6 тысячы вучняў і 688 настаўнікаў у 230 класах.

У планах на найбліжэйшы год — арганізацыя ІT-курсаў у аздараўленчых летніках. Мэта новага праекта — паказаць перспектыўнасць ІT-сферы для дзяцей і разнастаіць іх адпачынак. Плануецца, што праект стартуе ўжо гэтым летам і ІТ-курсы будуць для дзяцей бясплатнымі.

— Сімвалічна, што заключэнне пагаднення адбылося ў дзень нараджэння кампаніі МТС, —падкрэслівае генеральны дырэктар кампаніі Уладзімір Карповіч. — Дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам адукацыі мы працягнем рэалізоўваць праекты, якія дапамогуць школьнікам, студэнтам і выкладчыкам больш пісьменна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ў сваім жыцці і ў навучальным працэсе.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пасадзілі настаўнікаў... за парту

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.