Вы тут

Як прывабіць наведнікаў у літаратурныя музеі?


У Магілёўскай вобласці на прыкладзе літаратурнага музея Максіма Гарэцкага ў Мсціслаўскім раёне абмеркавалі шляхі папулярызацыі падобных устаноў

Гэта адбылося ў рамках ХХV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гарэцкія чытанні». Беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, перакладчык, фалькларыст Максім Гарэцкі нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне. Яго ўклад у беларускую літаратуру неацэнны. «На імперыялістычнай вайне», «Дзве душы», «Камароўская хроніка» і іншыя яго творы ўвайшлі ў залаты фонд нашай літаратурнай спадчыны. А яшчэ ім створаны не менш значныя і цікавыя літаратурна-крытычныя і навуковыя працы. Ягоная «Гісторыя беларускай літаратуры» на працягу першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя служыла адзіным падручнікам для сярэдняй і вышэйшай школы. Максімам Гарэцкім былі таксама падрыхтаваны і выдадзены «Хрэстаматыя беларускай літаратуры: ХІ стагоддзе — 1905 год», «Руска-беларускі слоўнік» і шмат чаго іншага. Нам застаецца толькі ганарыцца такім земляком і папулярызаваць яго творчасць.
А з гэтым, на жаль, ёсць праблемы.


Яблыня для Максіма

У пачатку 1990-х у Малой Багацькаўцы на месцы былой хаты Гарэцкіх, якая згарэла, была адбудавана новая — пад музей. Летась узнікла пытанне аб пераносе музея ў Мсціслаў. Нагадаем, ідэю гэту прапанавала адна з мінчанак, якая палічыла, што да вясковага музея складаней дабірацца, чым да гарадскога. Бо ад Мсціслава да малой радзімы Гарэцкага прыкладна 26 кіламетраў. Каб разабрацца ў праблеме, «Звязда» ў снежні мінулага года звярталася да гэтай тэмы. Музей пакінулі там, дзе ён і быў. Як растлумачылі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама, аўдыторыя падзялілася на дзве часткі. Адны выказваліся за перанос, другія супраць. Прычым спрачаліся ў асноўным мінчане. Пераканаўчым стаў аргумент, што каштоўнасць музея ў Малой Багацькаўцы, акрамя таго, што там пануе тая аўра, у якой рос будучы беларускі класік, яшчэ і ў тым, што там пахаваны яго бацькі і сваякі.

Выбар зроблены, але пытанні засталіся. Музей наведваюць ў асноўным школьнікі Мсціслаўскага раёна, якіх спецыяльна прывозяць на аўтобусе. Іншых экскурсій наогул няма. Зрэдку заязджаюць аматары, якім цікава асоба Максіма Гарэцкага. Па словах дырэктара Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея Людмілы Кірыенкі, за паўгода там пабывалі толькі бацька з сынам са Слуцка. Дарэчы, яны прывезлі з сабой саджанец яблыні і з дазволу абслуговага персаналу музея пасадзілі непадалёк ад хаты пісьменніка.

«Мсціслаўскі вулкан талентаў не заглух...»

...пісаў Уладзімір Караткевіч у кнізе «Мсціслаў. Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі», маючы на ўвазе Максіма Гарэцкага. Вось некалькі цытат з яго твора. «Для мсціслаўцаў Максім Гарэцкі дарагі яшчэ і за тое, што ў творах ягоных гамоніць, радуецца, працуе, плача і смяецца, гаворыць адметнай і трапнай гаворкай уся Мсціслаўшчына...»

Пісьменнік таксама згадвае не менш таленавітага брата Максіма Гарэцкага — Гаўрылу, «аднаго з выдатных геолагаў Саюза, акадэміка, заснавальніка нашай палеапатамалогіі, навукі аб рэках даўно мінулых часоў». Уладзімір Караткевіч хацеў, каб у Малой Багацькаўцы стварылі сядзібу братоў Гарэцкіх і ўключылі яе ў турыстычны маршрут «Залатое кальцо Магілёўшчыны».

Музей паявіўся, але такога маршруту пакуль няма. А без гэтага музей дрэнна працуе. Пра яго ведаюць у асноўным толькі жыхары раёна. А пра тое, што ў Горках быў дом, дзе жыў Максім Гарэцкі, большасць даведалася толькі пасля таго, як яго знеслі. І тое, дзякуючы, гнеўным публікацыям у СМІ. Летась, пасля таго як у «Звяздзе» быў надрукаваны артыкул пра магчымы пераезд музея з Малой Багацькаўкі, пляменнік пісьменніка Радзім Гарэцкі вельмі балюча ўспрыняў навіну. Ён накіраваў у рэдакцыю падрабязную справаздачу, як ствараўся музей і ўшаноўвалася памяць пісьменніка. Ён з крыўдай успамінаў пра знесены дом у Горках і памятны знак, які абяцалі зрабіць, але так і не ўсталявалі.

Да­цэнт ка­фед­ры тэ­о­рыі лі­та­ра­ту­ры фі­ла­ла­гіч­на­га фа­куль­тэ­та Бе­ла­рус­ка­га дзяр­жаў­на­га ўні­вер­сі­тэ­та Мі­хась Кень­ка пад­крэс­ліў важ­насць уша­на­ван­ня па­мя­ці.

Што трэба для памяці?

Гісторыкі, літаратуразнаўцы, музейныя супрацоўнікі сабраліся ў музеі гісторыі Магілёва за круглым сталом, каб абмеркаваць пытанні музеефікацыі літаратурных мясцін. Удзел у размове прынялі супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, прадстаўнікі грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх», Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Беларускага фонду культуры, прадстаўнікі мясцовай улады, абласнога краязнаўчага музея імя Раманава, Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Перад пасяджэннем яны наведалі музей Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы і засталіся вельмі задаволены, што музей пакінулі на месцы. Бо, на думку спецыялістаў, было б цяжка потым тлумачыць турыстам пра тое асяроддзе, у якім выхоўваўся будучы пісьменнік. Адзінае, што трэба змяніць, гэта адносіны да музея.

— Трэба болей рэкламаваць гэта месца, рабіць усё, каб пра яго ведалі ў вобласці, краіне, — лічыць дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч. — Квэсты, педагагічныя заняткі, лекцыі, фэсты — трэба шукаць розныя формы. А яшчэ распрацоўваць турыстычныя маршруты, каб забяспечыць прыток людзей.

Вядомая рэч, што аднымі сіламі Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музея, на балансе якога знаходзіцца дом у Малой Багацькаўцы, турыстаў не прывабіш. У гэтым павінны быць зацікаўлены і мясцовыя ўлады, прычым зноў-такі не толькі Мсціслава. Вёска знаходзіцца якраз на паўдарозе паміж Мсціславам і Горкамі. Трэба, каб і другі бок прыклаў намаганні.

Музеяў шмат не бывае

Ёсць прыклады ў краіне, калі музеі працуюць у асноўным толькі на адных імёнах. Той жа адноўлены музей Рэпіна ў Здраўнёве на Віцебшчыне, Васіля Быкава ў Бычках і нават палац Радзівілаў у Нясвіжы.

— У нас не хапае музеяў, прысвечаных таму ці іншаму знакамітаму беларускаму роду, на прыкладах якіх можна было б выхоўваць людзей, — адзначыў старшыня грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд культуры» Уладзімір Гілеп. — У маштабах вёскі, раёна абавязкова павінен быць музей якога-небудзь роду, годнага ўшанавання. У сучаснай моладзі адсутнічае пачуццё гонару за сям'ю, род.

Дарэчы, Магілёўшчына вельмі багатая на знакамітыя прозвішчы: Аркадзь Куляшоў, Алесь Адамовіч, Аляксей Пысін, Алесь Пісьмянкоў... І для іх папулярызацыі недастаткова куточкаў у школе або стэнда ў краязнаўчым музеі.

Вандроўка па мясцінах Гарэцкага

Наступны год юбілейны для Максіма Гарэцкага, спаўняецца 125 гадоў са дня яго нараджэння. І, каб гэта імя гучала як мага мацней, удзельнікі круглага стала прапанавалі наступны год назваць Годам Максіма Гарэцкага. Размова таксама ішла пра тое, што ў найбліжэйшы час трэба пачаць падрыхтоўку матэрыялаў для выдання творчай спадчыны Максіма Гарэцкага ў выглядзе збору твораў, а таксама аднатомнага энцыклапедычнага даведніка «Максім Гарэцкі».

Па ацэнцы спецыялістаў, стан дома ў Малой Багацькаўцы добры. Трэба толькі правесці добраўпарадкаванне тэрыторый і мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка. Неабходна таксама арганізаваць вандроўкі па мясцінах, звязаных з імем Максіма Гарэцкага, з абавязковым наведваннем Літаратурнага музея ў Малой Багацькаўцы. А ва ўстановах культуры і адукацыі арганізаваць мерапрыемствы, прысвечаныя юбілейнай даце. У планах таксама правесці ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам дыпламатычных прадстаўніцтваў РБ і беларускіх суполак у краінах, дзе пражываў Максім Гарэцкі — Расіі, Літве, Латвіі, Польшчы і іншых.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Такіх музеяў нам не хапае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.