Вы тут

Не прымусіць, а дамовіцца?


«У нашу вёску толькі два разы на тыдзень ходзіць рэйсавы аўтобус. Кіроўцы маршрутак адмаўляюцца сюды заязджаць з-за дрэннай дарогі. Мы неаднаразова прасілі, каб участак у нейкіх 13—14 кіламетраў заасфальтавалі, але нам усюды адмаўляюць. У нас закрылі стацыянарную краму, замест яе пусцілі аўталаўку. Дапамажыце вырашыць праблемы», — звярнуліся ў рэдакцыю жыхары вёскі Лугавая Капыльскага раёна.


З пытаннем наконт крамы адразу звяртаюся да выконваючай абавязкі намесніка старшыні па гандлі райспажыўсаюза Наталлі Канончык.

— У Лугавой афіцыйна пражываюць 57 чалавек, палова з іх — пенсіянеры. Сапраўды, яшчэ нядаўна тут працавала крама, але яе закрылі па аб'ектыўных прычынах. Па-першае, яна была стратная, прадукты не раскупляліся. Па-другое, будынак патрабуе капітальнага рамонту. А ўкладваць у яго грошы бессэнсоўна. Цяпер у вёску ходзіць аўталаўка тры разы на тыдзень.У нас зацверджаны пералік тавараў, якія пастаянна ў продажы. Тыя, што не прадугледжаны асартыментам, завозім па папярэдніх заказах пакупнікоў. Малочную прадукцыю бяром у Слуцкім філіяле Салігорскага камбіната. Вялікім попытам карыстаюцца малочныя і мясныя вырабы агракамбіната «Сноў», — расказала Наталля Максімаўна. — Прадукты завозім заўсёды самыя свежыя, паколькі бяруцца яны не ў крамах, а на складзе. Заадно па заказах жыхароў дастаўляем і буйнагабарытныя грузы: тэлевізары, пральныя машыны, іншыя спадарожныя тавары.

Адна справа выслухаць спецыяліста, і зусім іншая — пабачыць усё на свае вочы. Разам з вядучым інжынерам па тэхніцы бяспекі мясцовага ДРБУ Андрэем Леусам едзем у Лугавую. Машына збочвае з асфальтаванай шашы: адсюль да вёскі тыя самыя 13 кіламетраў. Дарога роўная, без выбоін. У народзе такую называюць гасцінцам, трактам. «Тут можна ехаць і 90 кіламетраў у гадзіну», — канстатуе кіроўца і прыбаўляе хуткасць.

— Апошні раз гэты адрэзак грэйдзіравалі 29 чэрвеня, а перад гэтым — 5 мая, — кажа Андрэй Мікалаевіч. — Пракласці тут асфальт нерэальна — спатрэбіцца 300 млн рублёў. Гэта, можна сказаць, гадавы бюджэт раёна.

Вёска сустрэла нас цішынёй: на вуліцы ніводнага чалавека. Каля аднаго з дамоў у агародзе заўважаем жанчыну і хлопца.

— Мы дачнікі, прыязджаем сюды на выхадныя, — кажа гаспадыня. Пад лістом я не ставіла подпіс, бо ніхто з мясцовых не звяртаўся. Але ў вёску сапраўды дабрацца з Мінска праблематычна.

На другім падворку каля весніц прыкмецілі яшчэ адну жанчыну, якая прадставілася Ліліяй Ашарчук:

— Мы шмат чым незадаволеныя. Маршруткі мінаюць нашу вёску, кіроўцы не хочуць сюды збочваць, бо няма асфальту. Няма прамых транспартных зносін з Мінскам, суседняй Уздой. Дабрацца да сталіцы можна з Пясочнага або Слабады-Кучынкі, але туды трэба ісці пешшу сем кіламетраў.

Падтрымлівае зямлячку і Галіна Ярашэвіч:

— Каб даехаць да Узды, трэба ісці лесам тры кіламетры ў вёску Віркова, а там ужо садзіцца на аўтобус... Адтуль зручней патрапіць і да Мінска: часцей ходзяць маршрутныя таксі. Да таго ж ва Уздзе вялікая крама, адпаведна і большы выбар прадуктаў. Ды і рынак лепшы.

Пачуўшы, што ў Лугавую прыехала нейкая дэлегацыя, падцягваюцца і іншыя жыхары:

— Кажуць, што па дакументах на дарозе ляжыць асфальт, два ці тры разы выдзяляліся на яго грошы з бюджэту.

— Ніколі яго там не было і не планавалася. Працую на прадпрыемстве 21 год і магу з упэўненасцю гэта сказаць! Не думайце, што такі факт лёгка схаваць. Гэта галаслоўнае сцверджанне, — аўтарытэтна заяўляе вядучы інжынер. — А можна па аналогіі спытаць: чаму ў вас драўляныя хаты, а не каменныя палацы.

— Дык вы дарогу прагрэйдзіравалі толькі пасля таго, як мы напісалі скаргу, — лічаць мясцовыя жыхары.

— Няпраўда, дарога пастаянна ўладкоўваецца, — сцвярджае Андрэй Леус. — Апошні раз грэйдар прайшоў 29 чэрвеня. Магу гэта даказаць. У нас на кожнай адзінцы тэхнікі стаіць навігатар. Калі трактарыст не захоча ехаць, схалтурыць, я ўключу камп'ютар і ўбачу, дзе ён быў, што рабіў і колькі разоў прайшоўся па гэтай дарозе. Гэта ўсё пад жорсткім кантролем.

Але зноў і зноў размова круцілася вакол дарогі. Маўляў, чаму ў Пясочным на кожнай вуліцы асфальт ляжыць? А мы, што, горшыя?

Пясочнае з'яўляецца аграгарадком, таму ў свой час фінансаванне інфраструктуры адбывалася за кошт дзяржаўнай праграмы, растлумачылі ім.

Паступова размова павярнулася да транспартных зносін: «Пусціце хоць маршрутку да Узды! Нам Капыль не трэба, туды ніхто не ездзіць».

Але мясцовыя ўлады не могуць прымусіць прыватнікаў збочваць у Лугавую — хіба што толькі дамовіцца. Так што пытанне па-ранейшаму застаецца адкрытым і яго трэба вырашаць — так ці інакш. Або тлумачыць людзям сваю пазіцыю. Для гэтага і існуе мясцовая ўлада.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.