Вы тут

«Праводзіш па струнах — і дыхаць лягчэй»


На выхадных, гуляючы па Віцебску, яшчэ здалёк пачула гукі гусляў. Калі падышла бліжэй — убачыла незвычайнае трыа, якое радавала мінакоў вясёлымі прыпеўкамі. Выступленне гэтых мілых артыстаў, якіх вы бачыце на фотаздымку, я запісала на тэлефон. І, вядома, не ўтрымалася — пазнаёмілася з імі.


— Ведаеце, нам песня жыць дапамагае, — кажа старэйшая з гусляроў Галіна Аляксандраўна Немізанская. — Нездарма кажуць: «Гуслі звіняць — душу маладзяць». А то сядзіш дома, то там кальне, то тут. А выйдзеш у людзі, возьмеш у рукі інструмент, зацягнеш вясёлую песню — і боль як рукой зняло. Мы ўжо ў такім узросце, калі дома не вельмі камфортна сядзець увесь час. А некаторым дома некамфортна наогул. ...Нават калі проста вадзіць па струнах (праводзіць рукой зверху ўніз), і то дыхаць лягчэй. Чуеце, якія гукі цудоўныя?

Гусляры расказалі, што іх ансамбль называецца «Садко». Ён яшчэ зусім малады, існуе пры «Залатым кальцы» (культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна») усяго два гады.

— Згуртавала нас вакол сябе Ганна Паўлаўна Кавалёва. У свае 75 гадоў яна надзвычай актыўная і маладая душой. Сёння яе з намі, на жаль, няма. Па сямейных абставінах вымушана была застацца дома. За два гады мы развучылі шмат нумароў. Ужо даём канцэрты па паўтары гадзіны. Але без Ганны Паўлаўны нам цяжкавата вялікую праграму зрабіць.

— Цікава, як вы пазнаёміліся паміж сабой?

— Нас звязаў народны ансамбль «Ліра», — усміхаецца Галіна Аляксандраўна. — Мы з Тамарай там спяваем ужо гадоў дзесяць, а Ганна Паўлаўна грае на домры.

— Ганна Паўлаўна ў нас прафесіянал, яна шмат на чым грае: і на балалайцы, і на мандаліне, і на гуслях... — падхоплівае Тамара Канстанцінаўна Маўчанава.

— Калі яна сказала, што можа навучыць нас граць на гуслях, мы адразу ж пагадзіліся, — працягвае Галіна Аляксандраўна. — Паўгода кожны дзень з Тамарай прыязджалі да яе на заняткі. Так нам падабаюцца гуслі! Прычым ні ў каго з нас, акрамя Ганны Паўлаўны, няма музычнай адукацыі. Прынамсі, я 30 гадоў адпрацавала рэжысёрам на Віцебскім абласным тэлебачанні, у дзіцячай рэдакцыі.

Спачатку выступалі ўтрох. Пакуль лёс не прывёў у «Залатое кальцо» Аляксандра.

— Ён, калі прыйшоў, узяўся за гуслі і адразу зайграў. І спявае цудоўна. І на фартэпіяна можа падабраць амаль любую мелодыю на слых і па нотах. А на лыжках, паглядзіце, як віртуозна грае, і на трашчотцы ды на рублі. Ну, мы сёння без яго як без рук.

— Я ў свой час скончыў музычную школу, — сціпла ўсміхаецца Аляксандр Эзрыль. — Але пасля жыццё не было звязана з музыкай. 25 гадоў адпрацаваў у дэпо. А на пенсію выйшаў, зноў прачнуўся інтарэс да інструментаў.

— А адкуль у вас гуслі?

— Гуслі нам падарыў Віцебскі каледж мастацтваў. Яны ўжо старэнькія, спісаныя. Але ўсё адно мы вельмі задаволеныя, — кажа Галіна Аляксандраўна. — ...А як вам нашы з Тамарай накідкі? Іх нам зрабіла жонка Аляксандра. Вось такія ў нас людзі падабраліся.

— Яна таксама з вамі выступае?

— Не. Хоць мы яе клікалі. Яна дамашняя, тым больш у яе ўнучак нядаўна нарадзіўся.

— І спявае ж нядрэнна, — дадае Аляксандр. — Мая жонка на ўсе рукі майстар: і шые, і вяжа, і гатуе цудоўна. Проста яна надта сціплы чалавек.

— Але ходзіць да нас на канцэрты, — працягвае Галіна Аляксандраўна. — Сваякі падтрымліваюць наша захапленне. Дачка мая, напрыклад, здымае відэаролікі, а пасля апрацоўвае іх у адмысловай праграме і выкладае ў інтэрнэт, каб нас пачула вялікая колькасць людзей.

— А дзе яшчэ можна пачуць вашы выступленні?

— Падчас свят нас просяць выступіць на вуліцах горада. Ходзім са сваімі канцэртамі і ў бібліятэкі, школы. Тэмы ў нас розныя. Можам зараз вам прыпеўкі праспяваць менавіта на ваенную тэму. Такіх вы дакладна нідзе не пачуеце! А нядаўна ў бібліятэцы імя Леніна аддзел замежнай літаратуры ладзіў лекторый пра чай. Там былі кітайцы, японцы, у Віцебску вельмі шмат нацыянальнасцяў пражывае. Дык вось мы там спявалі прыпеўкі пра беларускі чай — гарбату. Збірае іх у нас Тамара ў асноўным. У яе на любую тэму абавязкова знойдзецца прыпеўка.

— А вы толькі па-руску спяваеце?

— Не, у нас і беларускамоўных кампазіцый вельмі шмат. «Ой, дзяўчына, шуміць гай», «Мае вочы чорныя»... Хочаце, зараз праспяваем?

Пасля выступлення да гусляроў падышла бабуля з двума ўнукамі. Сказала, што ёй вельмі падабаюцца гукі гусляў. «Дык вы да нас прыходзьце, у ансамбль, — усміхаецца Галіна Аляксандраўна. — Навучым і вас на гуслях граць. І вы (звяртаецца ўжо да мяне) напішыце ў «Звяздзе», што, калі хтосьці ў Віцебску нудзіцца дома, то няхай да нас прыходзяць, мы рады ўсім».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Мінск — Віцебск

Фота Надзеі ДРЫЛЫ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.