Вось ужо трэці год запар вайскоўцы з розных краін свету збіраюцца прадэманстраваць магчымасці нацыянальных армій. Па колькасці ўдзельнікаў, а гэта каля дзвюх тысяч чалавек, сёлетнія гульні стануць пакуль самымі маштабнымі ў гісторыі. Гонар сваіх Узброеных Сіл на працягу двух тыдняў будуць адстойваць і беларускія ваеннаслужачыя.
За гады існавання вайсковай алімпіяды, як называюць армейскія гульні, беларускія вайскоўцы паказвалі добрыя вынікі. Летась наша каманда была чацвёртай. Але саступіць дзвюм наймацнейшым арміям свету — Расіі і Кітаю, а таксама Казахстану, прадстаўнікі якога ўдзельнічалі практычна ва ўсіх конкурсных выпрабаваннях, — гэта пройгрышам назваць складана. Тым больш, што ў выніковым рэйтынгу за беларусамі значыліся ваеннаслужачыя з 15 армій свету.
Сёлета на палігонах Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кітая і Расіі будуць спаборнічаць танкісты, лётчыкі, дэсантнікі, артылерысты, сапёры, снайперы, кінолагі, кухары і іншыя армейскія спецыялісты з 28 краін свету — такой колькасці ўдзельнікаў у гісторыі гульняў яшчэ не было! Прадстаўнікі яшчэ сямі дзяржаў накіраваны ў якасці назіральнікаў.
З 28 конкурсных спаборніцтваў, сярод якіх пяць новых, зборная Узброеных Сіл Беларусі возьме ўдзел у палове з іх. Больш — толькі у камандаў з Расіі, Кітая і Казахстана.
Традыцыйна самым маштабным спаборніцтвам гульняў стане «Танкавы біятлон», у якім прыме ўдзел 55 экіпажаў з 19 дзяржаў. Беларускія экіпажы прадстаўляюць вайскоўцы 6-й, 11-й і 120-й асобных гвардзейскіх механізаваных брыгад, а таксама 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў — усяго чатыры экіпажы, адзін з якіх запасны. Нашы танкісты сёлета ўдзельнічаюць у гонцы на мадэрнізаваных танках, якія нядаўна паступілі на ўзбраенне беларускай арміі. Спадзяёмся, гэта ім дапаможа прынесці ў скарбонку нашай каманды перамогу. Поспехаў, вайскоўцы!
Вераніка КАНЮТА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?