Вы тут

Вытворчы турызм на шклозаводзе «Нёман» набірае абароты


У гэтым годзе паток турыстаў на прадпрыемства значна павялічыўся. У асобныя дні тут прымаюць да 20 груп — як беларускіх, так і замежных. За апошні час узрасла колькасць турыстаў з Прыбалтыкі і Польшчы.


Усплёск вытворчага турызму на завод у Бярозаўку пачаўся летась, калі на прадпрыемстве пабывала больш за 16 тысяч наведвальнікаў. Сёлета плануюць прыняць значна больш. Экскурсавод завода Тамара Кенць паведаміла, што днямі сустракалі некалькі груп з Эстоніі, Расіі, Казахстана. Часта прыязджаюць турысты, якія праходзяць аздараўленне ў беларускіх санаторыях. Ахвотна прымаюць на заводзе і адзіночак. Кожны, хто спыніцца каля завода альбо прыедзе спецыяльна, можа разлічваць на экскурсію.

— Вытворчасць шкляных вырабаў выклікае інтарэс, бо ў нас гэта ручная работа, і сам працэс, вядома, зачароўвае, — заўважае Тамара Кенць. — Таксама пры наведванні нашага музея кожны турыст атрымае ў падарунак хрустальны сувенір.

У музеі сабраны самыя ўнікальныя вырабы, якія ствараюць мясцовыя майстры. Адсюль ідуць сувеніры на «Славянскі базар», «Фестываль нацыянальных культур», хакейныя і футбольныя турніры, розныя святы і конкурсы...

Калі гаварыць пра модныя тэндэнцыі, то некаторыя вярнуліся з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Напрыклад, у той час стваралася шкляная чорна-белая калекцыя ваз, але на вырабы не было попыту. Сёння вазы выдатна ўпісваюцца ў сучасны стыль хай-тэк, якому ўласціва шырокае прымяненне шкла. Прыгожа выглядаюць вырабы з дымчатага і матавага шкла. Майстар вырабляе іх па асобнай тэхналогіі, шліфоўка таксама адбываецца ўручную.
У свой час вырабы з такога шкла прыйшліся да густу арабскаму шэйху, і набор быў адпраўлены ў Эміраты.

— Еўропа любіць мінімалізм, а Усход — больш яркія і мудрагелістыя формы, — кажа Тамара Кенць. — Многа вырабаў робіцца па індывідуальных замовах. Аднойчы на заводзе атрымалі заказ на хрустальную каляровую Шапку Манамаха. Праўда, імя заказчыка не выдаецца.

Ёсць свае сакрэты і ў майстроў. Напрыклад, як дасягнуць эфекту мармуру альбо стварыць на вырабах карціну. Дарэчы, гэтым займаецца мастак Раміль Мазітаў, які алмазам піша па шкле розныя выявы, партрэты альбо пейзажы.

Найбольш цікава назіраць за работай шкляроў, якія працуюць каля гарачых печаў. Відовішча сапраўды магічнае. Бо цяжка адарваць позірк ад шкляной масы, якая льецца, накручваецца, рэжацца і выдуваецца майстрам. Кожны робіць свой від прадукцыі. Нават у вытворчасці простых, здаецца, рэчаў ёсць свае нюансы. Напрыклад, для еўрапейскіх заказчыкаў стаканы для віскі робяць толькі ручным спосабам, бо сценка іх павінна быць тонкай, як лісток паперы. На вытворчай лініі такога не атрымаеш, тлумачыць спецыяліст завода.

Падчас экскурсіі можна даведацца, чым адрозніваецца шкло ад хрусталю. Аказваецца, шкло больш цёплае і награваецца ад рук, а хрусталь — не. Да таго ж ён і больш трывалы, яго складаней разбіць. Калі глядзець праз шкло, выява будзе трохі павялічанай, хрусталь прадметы раздвойвае, але не павялічвае. Хрустальны «дзынь» звонкі і значна даўжэйшы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзе робяць вазы для шэйха

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.