Вы тут

Гісторыя горада Веліж


Веліж цяпер знаходзіцца ў складзе Расійскай Федэрацыі, а калісьці ён быў цесна звязаны з беларускімі землямі — уваходзіў у склад Віцебскага ваяводства, а пазней — Віцебскай губерні.


Ве­ліж­ская ра­ту­ша (зды­мак XX ста­год­дзя, да на­шых ча­соў не за­ха­ва­ла­ся).

На замкавай гары

У сярэдзіне XІV стагоддзя наваколлі Веліжа былі далучаны да Вялікага Княства Літоўскага. У адміністрацыйным плане яны былі падпарадкаваны Віцебску.

У 1503 годзе паўночна-ўсходнія воласці Віцебскай зямлі, у тым ліку Веліжская, адышлі да Маскоўскай дзяржавы. Летам 1536 года, згодна з распараджэннем маскоўскіх уладаў, тут, на старым гарадзішчы, была ўзведзена магутная драўляная крэпасць. Гэты год і лічыцца афіцыйнай датай заснавання Веліжа. У пачатку жніўня 1580 года войскі караля Стэфана Баторыя занялі Веліж. І, паводле пунктаў Ям-Запольскага мірнага дагавора, заключанага ў студзені 1582 года, горад увайшоў у склад ВКЛ.

— Пераможаным веліжанам прапанавалі або выехаць у Маскву, або прысягнуць Баторыю і застацца ў родным горадзе. Многія скарысталіся каралеўскай прапановай. Таму «касцяк» насельніцтва пачатку «літоўскага» перыяду складаўся з тых жа людзей, што жылі тут да жніўня 1580 года, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў.

Спецыфіка веліжскага самакіравання

Большасць буйных і сярэдніх гарадоў ВКЛ характарызаваліся асобым прававым статусам. Не стаў выключэннем і нядаўна далучаны Веліж. З улікам спецыфікі рэгіёна ўлады заснавалі тут не агульнапрынятае ў ВКЛ Магдэбургскае права, а лакальную сістэму гарадскога права. Апошняе за некалькі дзесяцігоддзяў да гэтага аформілася на аснове земскага права Віцебшчыны і атрымала распаўсюджанне на землях Падзвіння: у Віцебску, Суражы, Уле. У яго рамках мяшчанам гарантаваліся правы: на выбар войта, бязмытны гандаль на тэрыторыі ВКЛ, правядзенне некалькіх кірмашоў у год, свабоднае распараджэнне сваёй рухомай і нерухомай маёмасцю, свабоду выбару месца жыхарства ў межах дзяржавы. У рамках «віцебскай мадэлі» найбольш істотным было тое, што мяшчане вызваляліся ад шэрагу падаткаў. А іх асноўнай павіннасцю было нясенне прэстыжнай коннай вайсковай службы.

Абавязак — плаціць «чынш» і будаваць замак

7 снежня 1582 года Стэфан Баторый сваім лістом паведаміў ваяводзе віцебскаму Станіславу Пацу пра наданне Веліжу такіх жа правоў, якімі на той момант карысталіся мяшчане Віцебска і Суража. Аднак пра веліжскі прывілей 1582 г. нічога не вядома. І, мабыць, да 1585 года такі дакумент увогуле не быў створаны. Лівонская вайна скончылася, неабходнасць у вайсковай службе мяшчан адпала. Адносіны з гандлёва-рамесным саслоўем трэба было ізноў пераводзіць у эканамічную сферу. У выніку вырашэнне пытання аб прававым статусе Веліжа было адкладзена на некалькі гадоў.

— І толькі 20 сакавіка 1585 года Стэфан Баторый надаў Веліжу першы прывілей. Згодна з дакументам мяшчане былі абавязаны плаціць «чынш» (від падатку) у дзяржаўны скарб за карыстанне гарадскімі землямі, будаваць умацаванні замка і, як цікава чытаць сёння, «даваць падводы каралеўскім паслам». Ад выканання гэтых павіннасцяў на карысць старасты веліжскага яны былі вызвалены, — працягвае даследчык.

У 1585 годзе віцебскае права было ўведзена ў Веліжы са значнымі абмежаваннямі. Мяшчане не атрымалі права выбіраць войта і весці бязмытны гандаль у межах ВКЛ, не былі прапісаны гарантыі свабоднага распараджэння маёмасцю, не ішло нават размовы пра выкананне імі прэстыжнай вайсковай службы. Аднак вызначэнне прававога статусу спрыяла хуткаму росту горада.

Каб павысіць колькасць жыхароў

У 1610-х гадах, падчас чарговай вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай Веліж апынуўся ў стане заняпаду. Ім спрабавалі авалодаць маскоўскія войскі, і падчас аблогі ён значна пацярпеў.

— Вясной 1616 года ўжо не існавала ніякай забудовы, а насельніцтва скарацілася з некалькіх соцень да прыкладна пяцідзесяці мяшчанскіх сем'яў. Аднак менавіта гады ліхалецця былі тым часам, калі падданыя, што захавалі вернасць свайму манарху, маглі разлічваць на ўзнагароду з яго рук. Напрыклад, на паляпшэнне свайго прававога становішча. Вясной 1616 г. прадстаўнікі мяшчанскай абшчыны Веліжа звярнуліся да караля Жыгімонта ІІІ Вазы з просьбай надаць гораду шэраг дадатковых вольнасцяў, каб павысіць яго прывабнасць для патэнцыйных пасяленцаў, — удакладняе Максім Макараў.

Яны прасілі, каб манарх вызваліў іх ад аплаты падаткаў з гарадскіх земляў і зрабіў галоўнай павіннасцю мяшчан вайсковую службу. Жыгімонт ІІІ Ваза прыхільна паставіўся да звароту падданых. 2 чэрвеня 1616 года ён надаў Веліжу новы прывілей. Такім чынам, пашырыў на іх тыя правы, пра якія яны прасілі. Таксама, праўда, з пэўнымі абмежаваннямі, кароль дазволіў мяшчанам прадаваць свае дамы і зямельныя ўчасткі ў выпадку жадання змяніць месца жыхарства.

Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Веліжа ў гады Смаленскай вайны (1632—1634 гады). Замак працяглы час знаходзіўся ў аблозе. І праз зацятае супраціўленне мяшчан і наёмнікаў авалодаць ім маскоўскія войскі так і не здолелі. У выніку ўсю забудову пасада спалілі. А ўцалелае насельніцтва Веліжа апынулася ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы.

9 лютага 1634 года кароль Уладзіслаў ІV Ваза, каб падзякаваць веліжцам за верную службу і кампенсаваць ім страты, надаў гораду чарговы прывілей. Манарх вызваліў мяшчан ад аплаты шэрагу мытных плацяжоў, так званага старога мыту, на ўсёй тэрыторыі ВКЛ і Польшчы. У выніку тутэйшыя мяшчане атрымалі практычна поўны набор вольнасцяў, прадугледжаных віцебскай мадэллю гарадскога права. Яно дзейнічала ў Веліжы да ліпеня 1655 года.

І канчаткова да Расіі

Тады ў Руска-польскую вайну горад занялі войскі Маскоўскай дзяржавы. Веліжцы паводзілі сабе гераічна. І, калі маскоўскія войскі стаялі на лініі Нёмана, яны ўсё яшчэ трымаліся ў глыбокім тыле няпрыяцеля без усякай надзеі на дапамогу.

У 1678 годзе Веліж вярнулі Рэчы Паспалітай разам з некаторымі іншымі землямі. Да канца XVІІІ стагоддзя ён знаходзіўся ў складзе Віцебскага ваяводства...

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 года) ён канчаткова адышоў Расіі. Спачатку знаходзіўся ў складзе Пскоўскай, потым — Полацкай губерні, з 1804 года — Віцебскай. У 1776-м атрымаў правы павятовага горада, а жыхары — шэраг ільгот. Да канца XІX стагоддзя горад меў цесныя гандлёвыя сувязі з Рыгай. Туды па рэках адпраўлялі лес, ільняное семя, пяньку, попел, збожжа. 21 верасня 1781 года Кацярына ІІ падарыла гораду новы герб з выявай двухгаловага арла. А падчас ВКЛ на гербе былі намаляваныя залаты крыж і меч.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: І поўны набор вольнасцяў!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.